Тыдзень дзіцячай кнігі праходзіць у бібліятэках Навагрудчыны

Тыдзень дзіцячай кнігі праходзіць у бібліятэках Навагрудчыны

Тыдзень дзіцячай кнігі праходзіць у бібліятэках Навагрудчыны

30 марта 2021 1387
Пачаліся школьныя вясновыя канікулы, і па традыцыі іх мы прысвячаем дзіцячай кнізе. Так было у маім дзяцінстве, так ёсць і цяпер. Добра, што з гадамі гэта традыцыя не згублена, і мяне, як бібліятэкара, цешыць, што захавальнікамі гэтай традыцыі з’яўляюцца бібліятэкі.

Бібліятэкі Навагрудчыны кожны год для чытачоў-дзяцей у сваіх сценах арганізоўваюць цудоўнае свята – Тыдзень дзіцячай кнігі. Звычайна яно праводзіцца шырока і масава. Сёлета з-за пандэміі каронавірусу, магчыма, яго маштаб не будзе такім вялікім, але ўсё ж бібліятэкары чакаюць дзяцей на мерапрыемствах, яны гатовы працаваць і індывідуальна.
Юным навагрудчанам 30 сакавіка і 2 красавіка я б параіла наведаць Навагрудскую раённую бібліятэку (вуліца 1 Мая, д.1) і Навагрудскую бібліятэку сямейнага чытання (вуліца Чырвонаармейская, д. 1).
30 сакавіка ў 13.00 у Навагрудскай раённай бібліятэцы па творчасці знакамітага дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсена адбудзецца літаратурны калейдаскоп «Гэтыя старыя, старыя казкі». Бясспрэчна, кожнае дзіця знаёма з яго казкамі, але калі недастаткова глыбока, то на мерапрыемстве бібліятэкары раскажуць ім галоўнае, і тады  кожны ўдзельнік мерапрыемства зможа паспрабаваць сябе у розных конкурсах – «Уважлівы чытач», відэаконкурсе «Адгадай казку», конкурсе ілюстрацый. Гэта шанс не толькі праверыць свае веды і кемлівасць, а яшчэ і заваяваць прыз. Так што шанс  гэты трэба злавіць. 2 красавіка у 10.30  тут пройдзе літаратурнае свята «У краіне вясёлага дзяцінства», яно будзе прымеркавана да 115-годдзя са дня нараджэння Агніі Барто –  адной з самых вядомых і любімых дзіцячых паэтэс, таму і свята абяцае быць вясёлым і задорным. Абавязкова прыходзьце!

Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання 30 сакавіка ў 15.00 сваім маленькім чытачам прапануе бібліяперфаманс «Кузька сундучок открыл – новой сказкой удивил». Гэта будзе сустрэча з казачнымі героямі і нават… чарадзеямі. А 2 красавіка ў 11.00 тут адбудзецца сапраўдны сеанс казкатэрапіі «Выхаванне казкай» з цыкла «Чытаем добрыя кнігі». На мерапрыемстве плануецца паказ лялечнага спектакля «Казка пра залатую рыбку» (паводле казкі А.С. Пушкіна). Як бачыце, адно мерапрыемства цікавейшае за другое.
Літаратурныя святы, кампазіцыі, конкурсы, гульні, віктарыны адбудуцца  выключна ва ўсіх бібліятэках  не толькі горада, але і раёна. Напрыклад, Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка 1 красавіка ў 14.00 запросіць юных чытачоў у слайд-падарожжа «У гасцях у дзеда Васіля (Віткі)», Брольніцкая сельская бібліятэка ў гэты ж дзень у 17.00 правя­дзе гульню-падарожжа «Па слядах Канька-Гарбунка» (паводле П. Яршова). Кміцянская сельская бібілятэка-клуб 28 сакавіка ў 12.00 арганізуе гульню ў кніжныя жмуркі «Чытаем апавяданні любімых пісьменнікаў-юбіляраў», а Харосіцкая сельская бібліятэка – экскурсію «Хата, што кнігамі багата». 4 красавіка ў 12.00 у Валеўскай сельскай бібліятэцы адбудзецца казачны конкурс «Падарожжа ў краіну казак і прыгод».

І так будзе штодня. Дзецям усяго толькі патрэбна прыйсці ў бібліятэкі па месцы свайго жыхарства. А далей гэта ўжо задача бібліятэкара – зрабіць так, каб іх канікулы прайшлі весела і запамінальна і каб гэты адпачынак быў напоўнены літаратурным зместам. Запрашаем! А дэвіз нашага навагрудскага Тыдня дзіцячай кнігі 2021: «Чытайце і старонкі гартайце!»
У тэму:
Назва свята прыдумана дзіцячым пісьменнікам Львом Касілем, і ўпершыню свята дзіцячай кнігі «Кніжкіны імяніны» было праве­дзена ў Маскве 26 сакавіка 1943 года, у ліку арганізатараў таксама дырэктар выдавецтва «Детгиз» Людміла Дубровіна. Тады школьнікі ў Калоннай зале Дома саюзаў слухалі выступленні пісьменнікаў – Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Агніі Барто, Карнея Чукоўскага, Міхаіла Прышвіна і інш. Некаторыя з гэтых аўтараў прыехалі з фронту. І далей так павялося – праводзіць «Тыдзень» у час вясновых канікулаў, і толькі адзін раз за ўсю
яго гісторыю «Тыдзень» праводзіўся не ўвесну, а ўвосень.
І было гэта ў 1945 годзе.

У 1945 годзе ўпершыню «Тыдзень» прайшоў у Кіеве, а з канца 50-х «Кніжкін тыдзень» стаў праводзіцца па ўсім Савецкім Саюзе. Месцам святкавання кожны год станавілася адна з рэспубліканскіх сталіц, напрыклад, у Мінску ён праводзіўся ў 1972 годзе. Але афіцыйнае адкрыццё заўсёды праходзіла ў Маскве ў Калоннай зале. На працягу многіх гадоў яго вёў Карней Чукоўскі. Пасля правядзення асноўных мерапрыемстваў у сталіцы пісьменніцкія дэлегацыі разбіваліся на творчыя групы, і гэты «пісьменніцкі дэсант» накіроўваўся ў розныя месцы краіны, дзе ў школах і бібліятэках, Палацах піянераў і на стадыёнах праходзілі сустрэчы з чытачамі.
Цікава, што ўключэнне 1 і 2 красавіка ў дні святкавання Тыдня кнігі звязана з тым, што 1 красавіка – дзень нараджэння Карнея Іванавіча Чукоўскага, а 2 красавіка – Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, які адзначаецца ў дзень нараджэння Ганса Хрысціяна Андэрсена. Раней у гэты дзень у бібліятэках звычайна праходзілі выстаўкі кніг дзіцячых пісьменнікаў і мастакоў, узнагароджаных Андэрсенаўскім медалём.

Фаіна Малюжэнец, 
метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі