Таццяна Мітлашук дапамагае навучэнцам гандлёва-эканамічнага каледжа засвоіць статыстыку, эканоміку арганізацыі, аналіз гаспадарчай дзейнасці

Таццяна Мітлашук дапамагае навучэнцам гандлёва-эканамічнага каледжа засвоіць статыстыку, эканоміку арганізацыі, аналіз гаспадарчай дзейнасці

Таццяна Мітлашук дапамагае навучэнцам гандлёва-эканамічнага каледжа засвоіць статыстыку, эканоміку арганізацыі, аналіз гаспадарчай дзейнасці

30 июня 2020 2207

Сёння віншаванні з прафесійным святам прымаюць не толькі эканамісты прадпрыемстваў і арганізацый, але і педагогі, якія выкладаюць эканамічныя дысцыпліны. Не адно пакаленне эканамістаў, якія паспяхова працуюць у розных рэгіёнах краіны, падрыхтаваў і Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, дзе ўжо дваццаць гадоў працуе выкладчык эканомікі Таццяна Мітлашук.

 

Эканоміка – навука складаная, і яе законы не менш важныя, чым, напрыклад, законы фізікі. Сапраўдным талентам валодае той выкладчык, хто не толькі сам добра ведае ўсе падводныя камяні эканамічнай навукі, але і ўмее перадаць трывалыя веды і навыкі студэнтам. І хаця некалі Таццяна Мітлашук выпадкова прыйшла вучыцца ў каледж, шчыра палюбіла сваю прафесію і стала сапраўдным педагогам.

– Наш каледж ва ўсе часы адрозніваўся высокім узроўнем выкладання і сваёй непаўторнай атмасферай добразычлівасці і яднання, – падзялілася Таццяна Георгіеўна. – Таму пасля заканчэння ўніверсітэта без ваганняў прыняла прапанову вярнуцца ў родную ўстанову. Свае першыя заняткі, хваляванне, няўпэўненасць помню як сёння. І што дзіўна: мяне прынялі добразычліва і выкладчыкі, і студэнты.

Свой педагагічны шлях старшыня камісіі эканамічных дысцыплін пачынала як выкладчык эканомікі. Сёння яна дапамагае студэнтам засвоіць статыстыку, эканоміку арганізацыі, аналіз гаспадарчай дзейнасці. Да таго ж апошнія гады разам з навучэнцамі актыўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю, што дазваляе значна пашырыць сферу інтарэсаў і самаразвівацца.

– Толькі прыклады з жыцця, практычныя навыкі і цікавыя факты ў стане зацікавіць навучэнцаў – адной тэорыі недастаткова, – упэўнена Таццяна Мітлашук. – Да таго ж сучасная моладзь хутчэй запамінае візуальную інфармацыю, таму неабходна пастаянна асвойваць новыя тэхналогіі, шукаць актуальныя формы і метады выкладання. Прыемна, што мае навучэнцы не першы год становяцца пераможцамі навукова-даследчай канферэнцыі каледжа, а сёлета занялі ІІ месца ў анлайн-канферэнцыі эканамічнага ўніверсітэта.

– Засвоіць прафесію эканаміста на базавым узроўні па сілах практычна кожнаму студэнту – было б жаданне і стараннасць, – падкрэсліла выкладчык. – Перш за ўсё вучым дакладна лічыць, быць уважлівымі і адказнымі, бо за кожнай лічбай – праца людзей, іх заробкі і дабрабыт прадпрыемства. Да таго ж эканаміст павінен умець аналізаваць вытворчыя паказчыкі, рабіць правільныя высновы і прагназаваць будучыню. Самае складанае для эканаміста – думаць на крок наперад, умець бачыць перспектыву і пры гэтым кожнае сваё слова падмацоўваць лічбамі і разлікамі.

Таццяна Мітлашук цвёрда пераканана, што прафесія эканаміста была і застаецца цікавай і прэстыжнай. Асаблівым гонарам каледжа з’яўляецца высокая запатрабаванасць яго выпускнікоў на рынку працы. А для выкладчыка няма нічога больш каштоўнага, чым удзячныя словы навучэнцаў і іх паспяховая жыццёвая дарога.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»