Шукаў заробак. Цяпер шукаюць яго…

Шукаў заробак. Цяпер шукаюць яго…

Шукаў заробак. Цяпер шукаюць яго…

09 августа 2019 898

Выязджаць на заробкі за мяжу – такая тэндэнцыя ўласціва грамадзянам розных краін. Не выключэнне і беларусы. У пошуках лепшай долі нашы суайчыннікі часцей за ўсё накіроўваюцца ў Расію і перш за ўсё – у Маскву, дзе ўладкоўваюцца па рабочых спецыяльнасцях на будоўлях, у сферы абслугоўвання альбо ў гандлі. Прынята лічыць, што гэта выгадна: у суседзяў-расіян узровень заработнай платы прыкметна вышэйшы.



Цяжкі шлях гастарбайтара

Але праца за мяжой – не толькі магчымасць зарабіць грошы. Гэта яшчэ і шэраг дадатковых праблем, цяжар якіх многія з так званых гастарбайтараў адчулі на ўласным вопыце.

23-гадовы навагрудчанін І. на заробкі ў Расію паехаў вясной 2017 года.

– Спачатку ўсё складвалася добра: працаваў будаўніком у Маскве, жыў у інтэрнаце, – гаворыць ён. – А потым згубіў пашпарт, і пачалося…

Будаўнічую брыгаду, у якой працаваў наш зямляк, перавялі на другі аб’ект, а яго з сабой не ўзялі. З інтэрната таксама выселілі. Вось і застаўся малады мужчына літаральна на вуліцы – без жылля, без дакументаў і без грошай. «Бамжаваў», – прызнаецца ён. Разам з такімі ж бяздомнымі жыў у пакінутай на вуліцы няспраўнай аўтамашыне. Канешне ж, было і голадна, і холадна. Некалькі разоў пападаў у бальніцу.

Па першым часе ён званіў сваёй цётцы, а потым сувязь аба­рвалася. У студзені бягучага года цётка звярнулася ў міліцыю з просьбай аб аказанні дапамогі ў вышуку яе пляменніка.

– Масква – горад вялікі. Знайсці там чалавека няпроста, аднак менш чым праз месяц месцазнаходжанне навагрудчаніна І. было ўстаноўлена, – расказвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Навагрудскага РАУС Андрэй Марцішэўскі.

Дапамагла нязначная, на першы погляд, дробязь. Аналізуючы тэлефонныя званкі, якія паступалі сваякам прапаўшага мужчыны, работнікі міліцыі звярнулі ўвагу на адзін з расійскіх нумароў. Дзякуй жанчыне, якой належаў гэты нумар: з яе дапамогай удалося адшукаць навагрудчаніна. Яго гісторыя, на шчасце, завяршылася добра.

– Выпадкі, калі людзі едуць на заробкі за мяжу і прапа­даюць, нярэдкія, – працягвае Андрэй Марцішэўскі. – Прычыны самыя розныя. Да прыкладу, жыхар Навагрудскага раёна Г. у лістападзе мінулага года са сваім знаёмым паехаў у Маскву і быў прыняты на працу ў будаўнічую брыгаду. Літаральна праз некалькі дзён Г. быў шпіталізаваны ў медыцынскую ўстанову, з якой пасля выпіскі пайшоў у невядомым напрамку і да месца работы не вярнуўся. Як аказалася, мужчына быў затрыманы пры спробе ўчыніць крадзеж. У цяперашні час ён адбывае пакаранне на тэрыторыі Расіі.

У падобную сітуацыю трапіў і навагрудчанін А. На заробкі ў Маскоўскую вобласць ён накіраваўся ў студзені 2017 года, а ў красавіку таго ж года ўчыніў крадзеж і быў асуджаны да 6 месяцаў арышту. Пакаранне адбыў і пэўны час працаваў плітачнікам у Тамбоўскай вобласці. У ноч на 6 студзеня 2018 года мужчына адмарозіў ступні ног і трапіў на стацыянарнае лячэнне. Пасля выпіскі быў накіраваны ў аддзяленне начнога знаходжання ў г. Тамбоў, адкуль яго забралі сваякі.

Абмарожванне абедзвюх ног замест абяцанага заробку атрымаў і навагрудчанін Т. Аб яго прапажы ў Навагрудскі РАУС заявіў брат. З сакавіка 2017 года па красавік 2018 года Т. не выходзіў на сувязь, і гэта стала для яго родных падставай для абгрунтаванага хвалявання. Знайшлі мужчыну ў адным з прытулкаў для бамжоў.

Выпрабаванне для родных

– У кожнага, хто адправіўся за мяжу на заробкі, ёсць родныя, сваякі, і яны за іх хвалююцца, – перакананы Андрэй Марцішэўскі. – У многіх выпадках – небезпадстаўна. – На сённяшні дзень у вышуку знаходзяцца 15 жыхароў Навагрудскага раёна, якія прапалі без вестак. З іх шэсць у розны час паехалі на заробкі ў Расійскую Федэрацыю і не вярнуліся. Вячаслаў Вараніцкі, да прыкладу, пакінуў Навагрудак у 2000 годзе, Сяргей Загорскі – у 1993 годзе. Іх месцазнаходжанне не ўстаноўлена. І можна ўявіць, як хвалююцца за іх сваякі і блізкія.

Тым, хто выбраў месцам работы іншую краіну, варта падтрымліваць рэгулярную сувязь са сваімі роднымі. Абавязкова раскажыце, з кім вы едзеце, а па прыездзе на месца неадкладна паведаміце адрас пражывання і работы, кантактныя тэлефоны свае і наймальніка. Людзей, якія не хочуць праблем, павінна насцярожыць, калі наймальнік забірае пашпарт работніка і захоўвае яго ў сябе.

Адрас працы – замежжа

– Жыццё – не прыгожая казка, і кожны павінен паклапаціцца пра сябе сам, – папярэджвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. – Выязджаючы за мяжу, трэба абавязкова ўзяць з сабой грошы і мець у запасе тую суму, якая неабходная для вяртання дадому. Пашпарт і грошы захоўваць у патаемным месцы, пра якое ведаеце толькі вы.

Варта зарэгістравацца ў сацыяльных сетках, да прыкладу, у ВКонтакте, паведаміце сваякам свой уліковы запіс, каб яны маглі перапісвацца з вамі. Зносіны з роднымі можна ажыццяў­ляць праз тэлефонны месенджар (Viber і інш.). Пры ўладкаванні на працу абавязкова заключайце працоўны дагавор з наймальнікам: у адваротным выпадку гэта будзе падман. Не пакідайце наймальніку свой пашпарт, пасля афармлення дакументаў патрабуйце яго вярнуць.

Падтрымлівайце сувязь са сваякамі рэгулярна, пры змене месца жыхарства паведамляйце ім пра гэта і ўказвайце новы адрас.

У многіх выпадках каталізатарам праблем за мяжой з’яўляецца спіртное. Трэба ведаць, што ўжываць алкагольныя напіткі ў сумніўных месцах (на вакзалах, у дваровых тэрыторыях і незнаёмых кватэрах) небяспечна: могуць прапанаваць няякасны алкаголь альбо падсыпаць снатворнае. У выніку можна застацца без дакументаў і грошай і нават стаць ахвярай злачынства.

Андрэй Марцішэўскі звяртае ўвагу, што пасля завяршэння працоўнага дагавора і атрымання разліку, грошы пажадана раз­дзяліць на некалькі частак і захоўваць у розных месцах (сумцы, кашальку, кішэнях). Пры вяртанні дадому лепш не выкарыстоў­ваць выпадковы транспарт, больш бяспечна перамяшчацца афіцыйна на цягніку ці аўтобусе. Перад ад’ездам варта паведаміць сваякам, як і на чым будзеце дабірацца (нумар рэйса, нумар аўтобуса і інш.). Калі едзеце на аўтамашыне са знаёмымі – назавіце іх даныя і нумары тэлефонаў.

Калі ж вы ўсё-такі апынуліся на вуліцы, згубілі грошы, дакументы і мабільны тэлефон, вам няма дзе жыць, супрацоўнікі міліцыі раяць неадкладна звярнуцца ў бліжэйшы аддзел паліцыі. Раскажыце аб тым, што з вамі здарылася, і папрасіце звязацца з вашымі роднымі.

Дадзеныя рэкамендацыі не гарантуюць, што праца за мяжой складзецца так, як вы хочаце. Але шанцы на гэта істотна павысяцца, упэўнены Андрэй Марцішэўскі.

Вольга Навагран, «НЖ»