Сапраўднае кулінарнае падарожжа ў эпоху ВКЛ здзейснілі навучэнцы Навагрудскага ліцэя

Сапраўднае кулінарнае падарожжа ў эпоху ВКЛ здзейснілі навучэнцы Навагрудскага ліцэя

Сапраўднае кулінарнае падарожжа ў эпоху ВКЛ здзейснілі навучэнцы Навагрудскага ліцэя

11 сентября 2020 1163

Навагрудчына, наша любая малая радзіма, – не толькі непаўторны гістарычны куточак на карце Беларусі, але і дзівосная скарбонка легенд, паданняў, песень і, аказваецца, кулінарных цудаў.

Кулінарныя рэцэпты ў загадкава-прывабным россыпе паўсталі перад навучэнцамі Навагрудскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя падчас своеасаблівага кулінарнага падарожжа па Навагрудчыне – юнакі і дзяўчаты, якія асвойваюць прафесію повара, у рамках праекта «Кулінарны трэвэл: сакрэты Навагрудскага гастранамічнага турызму» ўзяліся за вывучэнне ўнікальных і самабытных рэцэптаў Навагрудскага краю. На працягу гэтага цікавага падарожжа нас суправаджалі кулінары розных гістарычных эпох, а таксама знакамітыя асобы, якія пакінулі свой след не толькі на нашай малой радзіме, але і назаўсёды ўвашлі ў сусветную гісторыю.


Асаблівае ўражанне на нас зрабіла эпоха Вялікага Княства Літоўскага. Сустрэўшыся на адным з прыстанкаў з князем Войшалкам, навучэнцы зусім па-новаму паглядзелі на гэту гістарычную асобу. Высвятлілася, што князь, чалавек даволі суровы і жорсткі, быў умелым кулінарам і – што асабліва здзівіла –  заснавальнікам манастырскай кухні. Войшалк, як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, сам удзельнічаў у падрыхтоўцы багатай вячэры, а некаторыя стравы гатаваў уласнымі рукамі.

Па рэцэптах, якія былі знойдзены ў рамках даследчай дзейнасці, будучыя повары паспрабавалі прыгатаваць тыя стравы, якія гатаваліся ў часы Войшалка: манастырскі бацвіннік, журавінавы суп «Паслушнік», мяса па-манастырску, кіслую капусту са снеткамі, забелены боршч, архірэйскую юшку, кураняты па-манастырску, мясную халадніцу, мятны і журавінавы квас, знакамітыя Войшалкавыя вэнджаныя вырабы, навагрудскую медавуху, збіцень у віне, малінавы мёд. Здавалася, што багаты водар і пах гэтай смакаты як бы праз туман стагоддзяў даплываў і да нас.

Мы прыемна былі здзіўлены, што у такі старажытны час гатаваліся даволі складаныя па спосабе прыгатавання і складзе смачныя стравы. Цікава было даведацца, што гатаваць некаторыя стравы Войшалка навучыў Станіслаў Гастольд. Напрыклад, грыбное масла, якое ўяўляла сабой перамешаныя у роўных прапорцыях салёныя грыбы (і ў асноўным гэта былі баравікі), масла і цыбулю – усё злёгку пасыпалася перцам.

Сапраўдным далікатэсам лічыліся агуркі з мёдам. І ўсё ж сярод рэцэптаў ад Войшалка, прадстаўленых навучэнцамі падчас кулінарнага падарожжа, менавіта страва «Мяса пад пластом па-манастырску» (на здымку) выклікала найвялікшае захапленне. Таму менавіта гэту страву мы прадставілі на рэспубліканскі фестываль «Кулінаршоу-2020», і яна атрымала высокую ацэнку журы і прайшла ў наступны этап.


А ў памяці надоўга засталіся непаўторна-прыцягальныя малюнкі з кулінарнага падарожжа ў эпоху ВКЛ, аздобленыя смачнымі, карыснымі, прыгатаванымі толькі з натуральных прадуктаў стравамі.

Марына Крывіцкая,

выкладчык спецпрадметаў ліцэя