Ілья Антончык - «Штатны няштатнік» газеты «Новае жыццё»

Ілья Антончык - «Штатны няштатнік» газеты «Новае жыццё»

05 мая 2019 1183
«Штатны няштатнік» – гаворачы пра сябе, часам жартуе Ілья Ільіч Антончык. І мае рацыю: стаж яго супрацоўніцтва з рэдакцыяй нашай газеты складае не адзін дзясятак гадоў.

З любоўю да Навагрудчыны

– Збіраюся напісаць пра вёску Корастава, – паведаміў Ілья Ільіч у пачатку размовы. – Ужо схадзіў у архіў, у гістарычна-краязнаўчы музей, пазнаёміўся з дакументамі, якія ёсць. Тэма цікавая: вёска, якая цяпер літаральна «ўліваецца» ў горад, раней была цэнтрам гаспадаркі, тут знаходзіўся сельсавет. А якія працавітыя людзі!.. Пра Корастава Ілья Антончык можа расказваць бясконца і з гонарам называе вёску сваёй малой радзімай. Тут ён нарадзіўся, вырас, адсюль стартаваў у самастойнае жыццё. За ўсё лепшае, што ёсць у яго характары і ў жыцці, Ілья Ільіч шчыра ўдзячны сваім бацькам, якія сваім прыкладам вучылі дзяцей працавітасці і сумленнасці, шчырасці і прыстойнасці. – Тата працаваў на масларобчым заводзе рабочым, а мама – у льнаводчай брыгадзе, – гаворыць ён пра сябе і з гонарам адзначае, што мама ў ліку перадавікоў сельскай гаспадаркі нават пабывала на ВДНГ у Маскве і мае медаль удзельніка. Ілья вучыўся ў сярэдняй школе №3 г. Навагрудка. І наўрад ці мог уявіць у школьныя гады, што пройдзе час і ён пераступіць парог роднай школы ўжо ў якасці настаўніка. – Пасля заканчэння Бераставіцкага педвучылішча мяне накіравалі на працу ў Смаргонскі раён, – расказвае далей Ілья Антончык. Маладога педагога адразу ж прызначылі на адказную пасаду – дырэктарам Дабраўлянскай пачатковай школы. Пачынаць было і складана, і лёгка адначасова. Складана, бо адміністрацыйныя функцыі, якія даво­дзілася выконваць, былі для яго новымі. А лёгка, бо вельмі любіў дзяцей і з радасцю спяшаўся на працу, каб убачыць іх цікаўныя вачаняты. Як прызнаецца, вельмі важнай была дапамога старэйшых калег. – На працы ўсё складвалася, але мяне ўвесь час клікала мая малая радзіма – Навагрудчына, – прызнаецца Ілья Ільіч. – Бо тут мне ўсё знаёмае і дарагое, тут мае карані. І гэта не проста словы. У Навагрудку ён ведае і любіць кожны куточак, паважае людзей, якія тут жывуць. І пры першай жа магчымасці з радасцю вярнуўся ў свой горад. Працаваў у Адампальскай спецшколе-інтэрнаце, саўгасе-тэхнікуме, Несутыцкай і Кашалеўскай школах, а таксама ў СШ №3 – выкладаў у пачатковых класах. – Настаўнікі, якія некалі мяне вучылі, сталі калегамі, – усміхаецца Ілья Антончык. В.Г. Гаховіч, В.М. Рабецкая, Г.С. Тузіна – ім і многім іншым ён шчыра ўдзячны за добрыя парады і падтрымку. IMG_0557

Блізкія сэрцу тэмы

Першая публікацыя за яго подпісам выйшла ў далёкім 1965 годзе. – Як сёння памятаю той кніжны магазін у Бераставіцы і яго работнікаў, якія сталі героямі маёй заметкі, – прыгадвае Ілья Антончык. – Мяне прыемна ўразіла іх ветлівасць і культура абслугоўвання, і я вырашыў, што пра гэта трэба напісаць. Заметка была надрукавана ў Бераставіцкай раённай газеце. Гэта дало старт важнаму захапленню яго жыцця – журналістыцы. Колькі з таго часу выйшла з-пад пяра няштатнага карэспандэнта заметак – складана падлічыць. Дзе б ні працаваў, усюды знаходзіў тэмы для творчасці. Святочныя мерапрыемствы і расказы пра людзей, гісторыя населеных пунктаў і праблемы добраўпарадкавання – Ілью Антончыка хвалюе ўсё, што датычыцца жыцця роднай Навагрудчыны. Ён не ўпускае ніводнай магчымасці, каб пазнаёміцца з цікавым чалавекам і расказаць пра яго чытачам. Героямі публікацый становяцца ветэраны вайны, работнікі сельскай гаспадаркі, прадпрымальнікі, народныя ўмельцы – людзі, якія жывуць побач. Для кожнага аўтар знаходзіць патрэбныя словы і не шкадуе эмоцый. Ён – шчыры патрыёт сваёй краіны і ўсяго беларускага. Да слова, пасля педвучылішча закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура», размаўляе выключна на беларускай мове. Творчы, актыўны, няўрымслівы, дапытлівы, неабыякавы да жыцця – такім на працягу многіх гадоў з’яўляецца наш пазаштатны аўтар Ілья Ільіч Антончык. Дзень друку – гэта і яго свята таксама. Вольга Навагран, «НЖ»  
У пару майскага росквіту журналісты разам са сваім актывам адзначаюць прафесійнае свята. Кожны раз яно па-свойму новае, бо імкліва мяняецца жыццё. У сувязі з гэтым нараджаюцца новыя тэмы і артыкулы, узнікаюць праблемы, якія патрабуюць журналісцкага асэнсавання і даследавання ў газетным радку. IMG_0530 Мая патрэбнасць у газеце «Новае жыццё», маё радство з ёю доўжыцца ўжо 60 гадоў. Колькі помню сябе, столькі памятаю і газету. Не толькі мае бацькі, але і ўсе жыхары вёскі Корастава лічылі раёнку членам сям’і. І нягледзячы на тагачасную беднасць, грошы на падпіску знаходзілі. Праз столькі гадоў ўяўляю лавачку пад ліпай каля суседняй хаты, дзе збіраліся вечарамі і моладзь, і пажылыя вяскоўцы, каб абмеркаваць газетныя навіны, вынесці свой вердыкт…Час няспынна бяжыць, а раёнка застаецца для мяне неад’емнай часткай жыцця. Кожны свежы нумар чакаю з нецярпеннем і чытаю, што называецца ад «а» да «я». І здаецца, што разам з ка­рэспандэнтамі, пазаштатнымі аўтарамі бываю на палях раёна, жывёлагадоўчых і малочнатаварных комплексах. Радуюся выдатным вынікам працы нашых людзей, дасягненням у розных сферах вытворчасці раёна, наталяю сэрца ручаінкамі таленту мясцовых выканаўцаў і паэтаў, вучнёўскай моладзі, спартсменаў. Пранікаюся лёсам любай Навагрудчыны, адкрываю для сябе новыя старонкі яе гістарычнага мінулага, узбагачаю душу духоўнай атмасферай вёсак і вялікасцю сэрцаў сяльчан. Чытаючы інтэрв’ю, жыву заклапочанасцю прадстаўнікоў праваахоўных органаў, медыцынскай і адукацыйнай сферы, раздзяляю ра­дасць маладых сем’яў з нагоды нараджэння дзіцяці. З задавальненнем успрымаю поспех культурнага жыцця Навагрудскага краю. У думках заўсёды далучаюся да шчырых віншаванняў у адрас юбіляраў, імяніннікаў. Смуткую разам з тымі, хто перажавае страту блізкага чалавека. Ганаруся сваімі суайчыннікамі, каму дасылаецца падзяка. І гэта толькі невялікі пералік інфармацыі, якую нясе нам газета. Адназначна лічу: адсутнасць раёнкі ў доме збядняе ўнутраны свет гаспадароў, таму што губ­ляецца сувязь з кроўным, дарагім, каштоўным. Гэта, мабыць, тое ж самае, як аднойчы застацца без вестак ад сваіх дзяцей, унукаў, родзічаў, сяб­роў. Ні адно выданне не дорыць такую сувязь. Заўсёды ў думках параўноўваю раённую газету з першым вестуном вясны – жаваранкам. Зазвініць у блакіце нябёс яго песня – і ўжо чакаеш штодзень новых радасных відазмяненняў, навін: першага лісточка, першай кветачкі, спеву шпака. «Новае жыццё» ж з’яўляецца вестуном жыцця роднага краю на працягу ўсяго года. Не пазбаўляйце сябе вясны! Жывіце радасным чаканнем добрых навін ад «Новага жыцця» пра рознабаковае жыццё Навагрудчыны! Я жадаю ўсяму калектыву рэдакцыі далейшай плённай працы, моцнага здароўя і новых творчых ідэй, з абавязковым увасаб­леннем іх у жыцці! Вострага вам пяра! Са святам! Ілья АНТОНЧЫК, пазаштатны аўтар рэдакцыі газеты "Новае жыццё"