Перапынак на армію. Пра змяненні патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў расказвае Марына Фісенка

Перапынак на армію. Пра змяненні патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў расказвае Марына Фісенка

Перапынак на армію. Пра змяненні патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў расказвае Марына Фісенка

05 марта 2020 1501
У нашай краіне змяніліся патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. Адпаведная пастанова ўступіла ў сілу 7 лютага бягучага года. Перад патэнцыяльнымі прызыўнікамі і іх бацькамі паўстала шмат пытанняў: наколькі гэта кардынальныя змяненні? Хто з прызыўнікоў, якія раней разлічвалі на адтэрміноўку, у гэтым годзе можа пайсці ў армію. З гэтымі пытаннямі і за больш падрабязнай інфармацыяй мы звярнуліся да намесніка галоўнага ўрача Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыны Фісенкі.



– Марына Аляксандраўна, Вы ўваходзіце ў склад раённай камісіі па прызыве ў войска і кіруеце работай урачоў-спецыялістаў па медыцынскім аглядзе прызыўнікоў, што можаце сказаць аб прыняцці новага дакумента?

– Гэта пастанова Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя №1/1 ад 3 студзеня 2020 г. «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з воінскім абавязкам», якая адмяняе ранейшую пастанову №51/170 ад 20 снежня 2010 г. (яна вядома як «Расклад хвароб»). Дакумент падрыхтаваны спецыялістамі Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя, а больш падрабязная інфармацыя аб гэтым размешчана на Нацыянальным прававым партале.

Інструкцыяй вызначаны патрабаванні, якія прад’яўляюцца да стану здароўя грамадзян, звязаных з воінскім абавязкам. У адпаведнасці з імі будзе праводзіцца медыцынскі агляд пры прыпісцы да прызыўных участкаў, прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве, а таксама на ваенныя і спецыяльныя зборы з ліку ваеннаабавязаных, якія знаходзяцца ў запасе Узброеных Сіл і іншых выпадках.

Асноўная частка інструкцыі – гэта пералік захворванняў і тое, да якіх катэгорый прыгоднасці могуць быць аднесены сённяшнія прызыўнікі. У гэтым годзе прызыўная кампанія ўжо пачалася і пройдзе з лютага па май.

– У сетцы Інтэрнэт сталі з’яўляцца паведамленні, што, мяркуючы па інструкцыі, «у войска цяпер будуць забіраць усіх». Як Вы пракаменціруеце гэтую сітуацыю?

– Кардынальных змяненняў у падыходзе да ацэнкі стану здароўя грамадзян пры прызыве на тэрміновую ваенную службу не будзе. А чаму наспела неабходнасць у новым дакуменце і асноўных яго зменах, магу сказаць, што папярэдняя інструкцыя, на якую абапіраліся медыкі пры вызначэнні прыгоднасці да службы, была прынята ў 2010 годзе. За гэты час медыцына моцна крочыла наперад. З’явіліся новыя метады даследаванняў і дыягнастычныя магчымасці, а значыць, мы можам больш пільна правяраць здароўе прызыўнікоў.


– З якімі дыягназамі цяпер возьмуць у армію і хто можа прэтэндаваць на адтэрміноўку службы?

– У інструкцыі пазначаны дзясяткі розных захворванняў і паталагічных станаў. Яны згрупаваны ў залежнасці ад ступені прыгоднасці да розных воінскіх уліковых спецыяльнасцей.

Асноўныя змены падкарэкціравілі патрабаванні па такіх класах захворванняў, як захворванні апорна-рухальнага апарата і косна-мышачнай сістэмы, эндакрыннай сістэмы, расстройствы харчавання і парушэнні абмену рэчываў, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія суправаджаюцца нязначнымі парушэннямі сардэчнага рытму.

Так, у выпадку, калі індэкс масы цела (ІМЦ) высокі з-за атлусцення (37,0 – 39,9), чалавек атрымае адтэрміноўку на шэсць месяцаў. Праз гэты час яго абследуюць паўторна. Калі выявіцца, што лішняя вага ўзнікла з-за праблем са здароўем (напрыклад, у хлопца ёсць нейкія эндакрынныя захворванні), то ён будзе прызнаны не прыгодным для службы ў арміі. А калі атлусценне абумоўлена ладам жыцця і няправільным харчаваннем, я не бачу перашкод, каб ён праходзіў службу.

Што датычыцца скаліёзу, то цяпер прыгоднымі да службы з’яўляюцца прызыўнікі са скаліёзам II ступені з вуглом скрыўлення 11-17 градусаў.

Напрыклад, адкрытае авальнае акно лічыцца малой анамаліяй развіцця сэрца. Раней усе з такім дыягназам у армію не праходзілі.  Сучасныя даследаванні паказ­ваюць, што на пераноснасць фізічных нагрузак авальнае акно дыяметрам 1-4 міліметры не ўплывае, таму тут усталявана выразная мяжа: для службы ў арміі прыгоднымі з’яўляюцца тыя маладыя людзі, у каго дыяметр адкрытага авальнага акна – 1-4 міліметры.

– Што цяпер будзе з прызыўнікамі, якія прайшлі лазерную карэкцыю зроку. Раней яны атрымлівалі адтэрміноўку. А як цяпер?

– Лазернае аператыўнае ўмяшанне на орган зроку бывае розным па цяжары. Калі прызыўнік зрабіў лазерную карэкцыю, яму нельга падымаць цяжар – ён атрымае адтэрміноўку. Але аперацый шмат. Калі яна была малаінвазіўнай і ў выніку ніяк не ўплывае на якасць жыцця, навошта даваць адтэрміноўку? Гэта таксама прапісана ў дакуменце.

А што будзе з прызыўнікамі, у якіх хранічны гастрыт?

– Прызыўнікі з гэтым дыягназам даўно лічацца прыгоднымі да службы. Адзінае – вайскоўцы з дадзеным дыягназам непрыгодныя для некаторых войскаў і воінскіх фарміраванняў.


– Марына Аляксандраўна, што будзе з маладымі людзьмі, якія па папярэдніх дакументах лічыліся са сваімі дыягназамі непрыгоднымі да службы, яны цяпер могуць ісці ў армію?

– На сённяшні час такія маладыя людзі залічаны ў запас і пазапланавы пераагляд прызыўнікоў, якія знаходзяцца ў запасе па стане здароўя, у сапраўдны момант не плануецца. Іх пераагляд будзе праведзены ва ўстаноўленым парадку раз у тры гады, як прапісана нарматыўнымі актамі.

– Часта гучыць і такое пытанне: як змяніліся патрабаванні да стану здароўя юнакоў, якія плануюць паступаць у ваенна-навучальныя ўстановы? Што Вы можаце сказаць?

– Істотных змен не адбылося. Але бацькі павінны ведаць, што пры праходжанні медыцынскай камісіі ўлічваюцца вынікі медыцынскага агляду пры прыпісцы юнакоў у 16 гадоў да прызыўнога ўчастка раённага ваенкамата. Каб не было расчараванняў і дарэмна патрачанага часу на падрыхтоўку да паступлення ў ваенна-навучальную ўстанову, бацькам неабходна загадзя пацікавіцца, ці будзе іх дзіця годным па стане здароўя. Пракансультаваць па гэтым пытанні можа загадчыца дзіцячай паліклінікай Г.В. Манеўская, раённы педыятр В.М. Гіз і я.

Марына Фісенка адзначыла, што работа раённай камісіі па прызыву на вайсковую службу ў гэтым годзе толькі пачалася, і ні ўрачы, ні Узброеныя Сілы нашай краіны не зацікаўлены ў тым, каб у армію трапілі непрыгодныя па стане здароўя маладыя людзі.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»
Фота з архіва "НЖ" і адкрытых крыніц