Невычэрпнай энергіі бібліятэкара Наталлі Юшкевіч пазайздросціць нават моладзь

Невычэрпнай энергіі бібліятэкара Наталлі Юшкевіч пазайздросціць нават моладзь

14 сентября 2019 1727

Завадатарам і ідэйным натхняльнікам шматлікіх добрых спраў у Пятрэвіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе з’яўляецца бібліятэкар школьнай бібліятэкі Наталля Юшкевіч. Яе невычэрпнай, кіпучай энергіі пазайздросціць нават моладзь. Чалавек яна нераўнадушны і апантаны. І калі Наталля Анатоль­еўна выступае ініцыятарам школьных праектаў, то тут ні ў яе калег, ні ў кіраўніцтва школы сумнення не ўзнікае: яна не толькі зможа арганізаваць, але і ўсё будзе зроблена на вышэйшым узроўні і творча.

За плячыма Наталлі Анатольеўны багаты прафесійны вопыт. Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як яна працуе бібліятэкарам у школьнай бібліятэцы. Гэта чалавек, улюблёны ў сваю работу, нераўнадушны, ініцыятыўны, здольны не толькі выка­наць запыты сваіх юных чытачоў у любы зручны для іх час, але і зрабіць вольны час школьнікаў больш змястоўным і цікавым. Яна кожны дзень з радасцю і задавальненнем ідзе на работу. У школьнай бібліятэцы заўсёды камфортна, тут пануе культ кнігі, творчая атмасфера. А калі выпадае вольная хвіліна, як у дзяцінстве, чытае … Чытаць – значыць жыць! Так лічыць Наталля Анатольеўна.



– З задавальненнем успамінаю гады вучобы ў Валеўскай сярэдняй школе, – гаворыць Наталля Юшкевіч. – Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла чытаць. У дзяцінстве марыла пра розныя прафесіі, але ніколі не забывала наказ бацькоў, якія мне, маім братам і сёстрам гаварылі, што не важна, кім ты працуеш, галоўнае, каб быў сапраўдным чалавекам, каб людзі ўспаміналі цябе толькі добрым і шчырым словам. Бацькі не перашкаджалі ў выбары прафесіі, і я пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля вучобы пачынала працоўны шлях у сельскай бібліятэцы ў вёсцы Тулічава. Аднак праз пэўны час мы з мужам Леанідам Леанідавічам пераехалі жыць у Пятрэвічы, сюды ў школу яго накіравалі працаваць настаўнікам фізічнай культуры. З таго часу мы жывём і працуем у Пятрэвічах. Тут выраслі нашы дзеці – дачка Вікторыя і сын Дзяніс.



Напачатку навучальнага года клопату Наталлі Анатольеўне дабаўляецца: усіх трэба забяспечыць падручнікамі, дадатковай літаратурай. Бібліятэкар добра ведае густ сваіх чытачоў і можа падказаць кожнаму, што цікавае пачытаць. Настаўнікі школы таксама частыя госці ў бібліятэцы: адным трэба рыхтавацца да ўрока, другія хочуць пазнаёміцца са свежай перыёдыкай, а трэція прыходзяць з вучнямі, каб выбраць кнігі для пазакласнага чытання.



– Настаў той час, калі трэба прыкласці намаганні, каб адрадзіць былы прэстыж чытання і захаваць станоўчы імідж бібліятэкі, кнігі. І асабліва гэта адносіцца да дзяцей, бо стартавая пляцоўка чытача закладваецца ў маленстве.

– На працягу апошніх гадоў мы наладзілі супрацоўніцтва з многімі перыядычнымі выданнямі нашай рэспублікі. Артыкулы як дзяцей, так і настаўнікаў друкуюцца на старонках такіх часопісаў і газет, як «Зорка», «Настаўніцкая газета», «7 Дней», «Здоровый образ жизни», «Лясная газета», «Родная прырода», «Новае жыццё» і інш. Шмат артыкулаў надрукавана і пра нашых дзяцей, іх дасягненні ў вучобе і спорце. Трэба сказаць, што ў цесным супрацоўніцтве з рэдакцыяй газеты «Зорка» Пятрэвіцкі д/с-СШ знаходзіцца ўжо не першы год. У хуткім часе на базе школы адкрыецца прэс-цэнтр выдання. А для больш цеснага знаёмства і папулярызацыі нашага краю мы для журналістаў выдання арганізавалі экскурсію па Навагрудчыне. І як вынік – пра нашых вучняў некалькі артыкулаў надрукавана ў дзіцячай газеце. Чым не матывацыя чытаць перыёдыку, пашыраць і паглыбляць веды, – працягвае расказваць Наталля Юшкевіч. – У мінулым годзе я звязалася з НАК Рэспублікі Беларусь з прапановай арганізаваць для нашых дзяцей сустрэчу з вядомым спартсменам. Нас падтрымалі і прапанавалі сустрэцца з чэмпіёнкай свету па сучасным пяцібор’і Анастасіяй Пракапенка. Сустрэча са спартсменкай усім нам вельмі спадабалася і запомніцца надоўга. Столькі эмоцый і добрага зараду атрымалі ўсе незалежна ад узросту!


– Сёлета вучні і педагогі нашай школы прынялі ўдзел у ХХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі», дзе прэзентавалі сумесныя праекты з рэдакцыяй газеты «Зорка». Выстаўку-прэзентацыю калектыву з Пятрэвіч наведалі многія знакамітыя людзі, у тым ліку міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем сустрэліся з дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім, бралі ў яго аўтографы. Нашы дзеці шмат падарожні­чаюць, пабывалі ў Беларускім доме друку.


Трэба сказаць: усе нашы ініцыятывы падтрымлівае ўпраўленне адукацыі, вялікую дапамогу аказваюць філіял «Навагрудскія Дары», хлебазавод, лясгас, турыстычна-інфармацыйны цэнтр, а таксама рэдакцыя газеты «Новае жыццё».

Творчасці, энергіі і фантазіі бібліятэкару Наталлі Юшкевіч не зай­маць. Яна ўмее здзівіць і зацікавіць кожнага свайго чытача. А яшчэ яна дбайная гаспадыня – сваімі рэцэптамі дзеліцца на старонках «Настаўніцкай газеты», прыгожа вышывае, займаецца фатаграфіяй.


З прафесійным святам, паважаная Наталля Анатольеўна, а таксама нашы віншаванні ўсім бібліятэкарам Навагрудскага раёна. Творчага натхнення, моцнага здароўя і дабрабыту!

Вольга Пісар, "НЖ"