Навагрудчане працягваюць трапляць «на кручок» недобрасумленных прадаўцоў

Навагрудчане працягваюць трапляць «на кручок» недобрасумленных прадаўцоў

Навагрудчане працягваюць трапляць «на кручок» недобрасумленных прадаўцоў

24 Января 2021 723

Сучасная цывілізацыя характарызуецца высокім узроўнем вытворчасці і спажывання тавараў і паслуг. Пры гэтым у некаторых выпадках менавіта вытворчасць дыктуе ўзровень спажывання, калі адпраўная кропка – гэта далёка не патрэбы чалавека.

Усім вядомы лозунг: рэклама – рухавік гандлю.
І гэта сапраўды так. Мэта сучаснай вытворчасці – атрыманне максімальнага прыбытку, што немагчыма без высокай абарачальнасці рэсурсаў прадпрыемства.

Такім чынам што мы маем? Празмернасць вытворчасці пры недастатковым попыце на тавары (паслугі). Дык вось тут і прыходзіць на дапамогу ўсюды пранікаючая рэклама, якая літаральна захоплівае спажыўца з усіх бакоў: тэлебачанне, інтэрнэт, радыё, буклеты ў паштовых скрынках, яркія шыльды на вуліцы, СМС-паведамленні па тэлефоне, прэзентацыі і г.д.

Усё гэта так званы «актыўны гандаль таварамі і паслугамі». І ў абсалютнай большасці выпадкаў спажыўцы трапляюць на кручок, бо рэклама падае тавар так, што ўзнікае вострая неабходнасць у яго набыцці. А што будзе потым, пакупнікі задумваюцца не адразу.

Хочацца прывесці некалькі прыкладаў з судовай практыкі.

На прэзентацыі грамадзянка М. набыла ў крэдыт масажную накідку, коўдру. Прэзентацыя адбывалася вельмі эмацыянальна, з раздачай прызоў і падарункаў. Таму М. з задавальненнем пагадзілася набыць масажную накідку з дадаткам да яе. Ды і як жа не пагадзіцца: з аднаго боку – яна «выйграла» прыз, з другога боку ёй зараз жа крэдытуюць пакупку. Увесь працэс суправаджаецца захапляльнай размовай і вялікай колькасцю выгод ад «пакупкі». Як жа яна да гэтага часу магла жыць без яе?!

Прыехаўшы дадому, М. стала вывучаць інструкцыю да тавару і са здзіўленнем выявіла, што яе стан здароўя перашка­джае выкарыстанню масажнай накідкі. М. стала вырашаць пытанне аб вяртанні тавару, аднак гэта зрабіць не атрымалася: спачатку былі абяцанні разабрацца, затым спажыўцу было «ветліва» паказана на тое, што яна падпісала ўсе дакументы і адпаведна з усімі наступствамі заключэння здзелкі азнаёмлена, а затым тэлефон і зусім «змоўк».

З фармальнага боку пры заключэнні здзелкі ўсе працэдуры, сапраўды, былі выкананы. Не атрымаўшы вырашэння сваёй праблемы, М. звярнулася ў суд для абароны свайго права. Рашэннем суда патрабаванні М. аб скасаванні дагавора і спагнанні сум з прадпрыемства-прадаўца задаволены ў поўным аб’ёме, паколькі прадстаўленымі доказамі пацверджана, што сапраўды пры прэзентацыі тавараў былі парушаны правы спажыўца на поўную і дакладную інфармацыю аб тавары.

Аднак да моманту выканання рашэння суда саму фірму-прадаўца адшукаць не ўдалося, кантактныя тэлефоны прадстаўнікоў «маўчалі». Спажывец М. засталася сам-насам са сваёй праблемай, тым больш неабходна кожны месяц выплачваць па крэдытнаму абавязацельству, узятаму для пакупкі тавару. Як будзе вырашацца гэта праблема – невядома.

Аналагічны выпадак з масажнай накідкай адбыўся і з грамадзянкай Н., аднак пры звароце яе ў суд фірма-прадавец не «хавалася» і шляхам узаемных саступак атрымалася вырашыць спрэчнае пытанне мірным шляхам.

Падводзячы вынік, варта зрабіць некалькі высноў. Па-першае, у прадаўца і спажыўца розныя інтарэсы: задача прадаўца – хутчэй прадаць тавар, цікавасць спажыўца – задаволіць свае патрэбы набыццём сапраўды патрэбнага і якаснага тавару (паслугі). Па-другое, набыццю спажыўцом тавараў (паслуг) «спрыяе» «агрэ­сіўная» рэклама, якая па сутнасці «праграміруе» чалавека на набыццё тавару рэкламы. Рэклама ўплывае на эмацыянальную сферу чалавека, у той час як пры здзяйсненні здзелкі варта кіравацца рацыянальным мысленнем. Па-трэцяе, сапраўды, якасныя тавары і паслугі ў рэкламе не маюць патрэбы.

І. ВАЎЧОК,

суддзя суда Навагрудскага раёна

Фота носіць ілюстратыўны характар (з адкрытых крыніц)