Наша памяць і боль… Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Наша памяць і боль… Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Наша памяць і боль… Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны

12 мая 2020 2404

Вайна для навагрудчан пачалася 22 чэрвеня 1941 года з бамбёжкі горада. Першыя бомбы былі скінуты ў раёне ваеннага гарадка, дзе знаходзілася 27 танкавая дывізія. 24 і 26 чэрвеня нямецкія самалёты зноў бамбілі Навагрудак, а 28 чэрвеня падчас чацвёртай бамбёжкі цэнтр горада амаль цалкам быў разбураны. Горад ахапіў пажар, навокал усё было заслана густым чорным дымам.

Першыя выпрабаванні

У канцы чэрвеня войскі 3-й і 10-й, 13-й армій, якія адступалі з Гродна і Беластока, у раёне Навагрудка трапілі ў акружэнне. На 1 ліпеня 1941 года 11 няпоўных дывізій Заходняга фронту ў лясах Налібацкай пушчы апынуліся ў «катле». Нямецкія самалёты пастаянна бамбілі акружаныя войскі, ваенную тэхніку на дарогах. Становішча гэтых войск было жудасным, яны былі пазбаўлены інфармацыі аб намерах і сілах ваенных нямецкіх часцей, а таксама дакладна нічога не ведалі пра становішча сваіх войск. З акружэння змагла выйсці толькі невялікая колькасць чырвонаармейцаў. Яны знаходзілі сабе прытулак у навакольных вёсках.

Жорсткія баі таксама ішлі каля Шчорсаў і Любчы. Акружаныя часці Чырвонай арміі працягвалі з баямі рухацца на ўсход. Жыхары Навагрудчыны аказвалі дапамогу адступаючым чырвонаармейцам. Яны выносілі ім хлеб, малако, ваду, дапамагалі параненым. Некаторыя з жыхароў разам з адступаючымі войскамі пайшлі на ўсход, дзе добрасумленна працавалі на заводах і фабрыках.

  

Акупацыйны рэжым

Абарончыя баі за Навагрудак працягваліся да 3 ліпеня, а на наступны дзень, 4 ліпеня, у напалову разбураны Навагрудак увайшлі фашысты: спачатку нямецкія матацыклісты, за імі танкі і бронетэхніка. У горадзе пачаўся акупацыйны рэжым. Была створана грамадзянская адміністрацыя. Навагрудак стаў цэнтрам гебітс­камісарыята, які ўзначаліў Вільгельм Траўб.

З першых дзён акупацыі нацысты пачалі ўсталёўваць «новы парадак».

У горадзе і сельскай мясцовасці ствараліся гарадскія і валасныя ўправы, у вёсках назначаліся старасты. Ажыццяўляючы сваю палітыку, акупанты абкладалі насельніцтва грабежніцкімі падаткамі і пастаўкамі сельскагаспадарчай прадукцыі. Была ўведзена ўсеагульная працоўная павіннасць, якая распаўсюджвалася на насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Улікам працаздольных, а таксама вярбоўкай рабочых у Германію займалася створаная Біржа працы. Непадпарадкаванне ці супраціўленне новым уладам каралася смерцю. Смяротнае пакаранне таксама прадугледжвалася за адказ выходзіць на працу, за знаходжанне на вуліцы ў каменданцкі час, за няўплату падаткаў, за знаходжанне паблізу чыгуначнага палатна, за захаванне зброі.


Ахвяры фашызму

Першымі ахвярамі фашыстаў сталі камуністы, савецкія і камсамольскія актывісты. Так, у ліпені 1941 года ў Шчорсах было расстраляна 37 камсамольскіх актывістаў. Летам 1942 года фашысты расстралялі 30 партыйна-савецкіх работнікаў Любчы і 48 актывістаў у Нягневічах.

Першыя распараджэнні новай адміністрацыі таксама датычыліся яўрэйскага насельніцтва горада, якое складала каля 63 % – гэта было больш за 6000 чалавек. Быў створаны юдэнрат (яўрэйскі савет), а ўжо 26 ліпеня на Рыначнай плошчы былі расстраляны 52 яўрэі за адказ выходзіць на працу. 8 снежня 1941 года праведзена самая масавая акцыя, у якой каля вёскі Скрыдлева было знішчана 5100 яўрэяў. Пасля гэтага расстрэлу ў снежні 1941 года было створана гета на Пярэсецы, сёння гэта вуліца Сечка. Другое гета, на вуліцы Мінскай, было арганізавана ў жніўні 1942 года пасля першага расстрэлу яўрэяў з гета на Пярэсецы, які адбыўся на Літоўцы. Другі расстрэл вязняў гета на Пярэсецы адбыўся на Літоўцы ў лютым 1943 года. У двух расстрэлах на Літоўцы загінула больш за 5000 яўрэяў. Чацвёртая акцыя адбылася 7 мая 1943 года, у ёй было расстраляна 250 вязняў з гета на вуліцы Мінскай. Астатнія 250 чалавек, якія засталіся ўжывых, выкапалі тунэль, праз які 26 верасня 1943 года ўцяклі да яўрэйскіх партызанаў атрада братоў Бельскіх. У час акупацыі ў Навагрудку загінула каля 11 тысяч яўрэяў.


З 26 ліпеня 1942 года ў Навагрудскай акрузе пачаліся арышты і вываз палякаў. 31 ліпеня ў Навагрудку расстраляна група палякаў з 60 чалавек, у тым ліку ксёндз Міхал Далецкі.

Масавыя расстрэлы на працягу ўсяго перыяду акупацыі праводзіліся недалека ад Навагрудка, у вёсцы Скрыдлева, дзе ў брацкай магіле пахаваны 24 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў Навагрудчыны. Каля 22 тысяч чалавек, у тым ліку і жыхароў Навагрудчыны, было зверскі замучана і знішчана ў канцлагеры Калдычэва (Баранавіцкі раён).  

Адным з метадаў выканання дырэктыў, распрацаваных для жыхароў акупіраваных тэрыторый, быў масавы вываз працаздольнага насельніцтва на работы ў Германію. Першая партыя работнікаў з Навагрудчыны была адпраўлена 24 ліпеня 1943 года. Гэта былі ўдзельнікі польскага руху супраціўлення. Усяго з Навагрудчыны на прымусовую працу ў Германію, Прыбалтыку, найбольш за ўсё ў Эстонію, было вывезена больш за 20 тысяч ураджэнцаў Навагрудчыны.

Супраціўленне ворагам

У перыяд нямецкай акупацыі на Навагрудчыне вялі баявую дзей­насць 26 партызанскіх атрадаў, у радах якіх налічвалася 4200 байцоў. Акрамя савецкіх партызан, дзейнічалі польскія партызаны Арміі Краёвай,а таксама яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх.

Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму партызанская і падпольная барацьба перарасла ў народны рух. Усё гэта выклікала трывогу ў нямецкага камандавання, якое пачало падрыхтоўку да карнай аперацыі «Герман». У ліпені 1943 года супраць партызан гітлераўцы кінулі розныя фарміраванні агульнай колькасцю больш за 50 тысяч салдат і афіцэраў.

Але партызаны не толькі не былі разгромлены, а сталі дзейнічаць яшчэ больш рашуча. Карныя дзеянні фашысты праводзілі і супраць мірнага насельніцтва. 1 жніўня 1943 года ў лесе каля Навагрудка былі расстраляны 11 сясцёр назарэтанак каталіцкай кангрэгацыі «Найсвяцейшай сям’і з Назарэту».

У выніку палітыкі знішчэння насельніцтва падчас нямецкай акупацыі ў горадзе загінула 45065 чалавек. У Навагрудку было знішчана 60% жыллёвага фонду, разбураны многія архітэктурныя помнікі, згарэла 16 вёсак.


Вызваленне

Навагрудак быў вызвалены 8 ліпеня 1944 года ў ходзе Беластоцкай аперацыі часцямі 283-й стралковая дывізіі.

Пры вызваленні Навагрудка загінула 36 чырвонаармейцаў, 7 байцоў прапалі без вестак. У баях за Навагрудак вызначыліся падпалкоўнікі Каваленка, Канавалаў і Мельнікаў. Пасля вайны камандзіру 283-й стралковай дывізіі генерал-маёру Канавалаву, яго намесніку па палітычнай частцы Каваленку і генерал-маёру Мельнікаву было прысвоена званне «ганаровы грамадзянін г. Навагрудка».

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны нязменна вяртаюць нас да пямяці аб тых, каму мы абавязаны свабодай і незалежнасцю. Сярод тых, хто загінуў – савецкія воіны, воіны-землякі, якія не вярнуліся з фронту, партызаны, мірныя жыхары – ахвяры фашысцкага тэрору. У кнізе «Памяць. Навагрудскі раён» названы іх прозвішчы.


Ніхто не забыты

Семдзесят пяць гадоў мінула з таго часу, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. Але наш народ працягвае захоўваць памяць пра мінулыя падзеі.

Подзвіг герояў увекавечаны ў свяшчэнных сімвалах памяці – помніках і абеліках, мемарыяльных дошках і скульптурных кампазіцыях. Іх шмат на навагрудскай зямлі.

На плошчы Леніна, у скверы, пахаваны Невядомы савецкі салдат, які загінуў у 1941 годзе ў баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля вёскі Нёўда. Для ўшанавання памяці савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 годзе ў абарончых баях і ў 1944 годзе пры вызваленні Навагрудка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на Магіле Невядомага Салдата ў 1967 годзе ўстаноўлены помнік – на фоне абеліска скульптуры воіна і партызанкі са сцягам, у 1969 годзе пастаўлена стэла з надпісам-прысвячэннем. У гранітных далонях б’ецца на ветры полымя Вечнага агню, якое навекі захоўвае імёны больш як 40 тысяч савецкіх воінаў і партызан, мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта наша даніна памяці і ўдзячнасці, жывая гісторыя народа, расказ аб велічным подзвігу ўсіх, хто змагаўся за свабоду Радзімы.

Г. Кавальчук,

старшы навуковы супрацоунiк гiстарычна-краязнаўчага музея