Кабул, Кандагар, Джэлалабад… Гэтыя гарачыя кропкі Афганістана ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя хвалявалі ўсіх савецкіх людзей. Вечарамі перад тэлевізарам ў кожнай сям’і з заміраннем сэрца глядзелі рэпартажы з далёкага Афганістана. Некаторыя факты афганскай вайны не раскрываліся, трымаліся ў сакрэце. Аднак, калі пачалі прывозіць загінулых салдат “Чорныя цюльпаны”, стала зразумела: сітуацыя крытычная і складаная.
Ішлі ў армю маладыя і моцныя юнакі, і ніхто ў той час не мог падумаць, што, магчыма, некаторыя з іх у апошні раз бачаць сваіх родных, блізкіх, каханых. Зусім яшчэ юным хлапчукам давалося прайсці праз пекла і кроў, пабачыць здраду і сяброўства, безвыходнасць і гераізм.
Вайна ў Афганістане кранула сваім чорным крылом і Навагрудчыну. Шэсць юнакоў не вярнуліся жывымі дадому: Віктар Пацалуёнак, Алег Бабко, Іван Пісарук, Іван Радзько, Мікалай Шуляк, Міхаіл Масціцкі.
…Напярэдадні 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана ў сярэдняй школе №5 Навагрудка прайшлі адпаведныя мерапрыемствы. Вучні 7-9 класаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “З полымя Афганістана”. Лепшыя работы навучэнцаў былі прадстаўлены на выстаўцы. На конкурсе чытальнікаў “Не пакідае гэты боль” вучні пранікнёна,чыталі вершы не толькі вядомых аўтараў, але і тых, хто непасрэдна трапіў у пекла афганскай вайны: Віктара Куцэнкі, Віктара Верстакова, Тамары Архіпавай, Ігара Марозава.
Завяршыла дні Памяці літаратурна-музычная кампазіцыя “Афганістан баліць у маёй душы”. Са сцэны ў выкананні вучняў гучалі патрыятычныя песні і вершы. Але асаблівымі гасцямі на мерапрыемстве былі воіны-інтэрнацыяналісты Чужаземец Міхаіл Уладзіміравіч і Радзюк Сяргей Паўлавіч. Былыя кадравыя афіцэры расказалі навучэнцам асабістыя гісторыі далёкай афганскай вайны. Безумоўна, цяжка ўспамінаць і расказваць аб тых страшных падзеях. Але паміж гасцямі і навучэнцамі атрымалася вельмі пазітыўная размова, якая нікога не пакінула раўнадушным. Здавалася, сённяшнія хлапчукі раптам пасталелі, а госці на імгненне вярнуліся ў сваю маладосць.
Мерапрыемствы завяршыліся, але ў памяці, як рэха, гучалі словы:
Гэтыя людзі згараюць
Імгненна, як зоркі,
Але вякамі свеціць
Нашчадкам іх свет.
Валерый Капацэвіч, настаўнік сярэдняй школы №5 г. Навагрудка
Стоит почитать:
Пад назвай «Афганистан. Нет права на забвение…» прайшоў урок мужнасці ў 10 класе Валеўскай школы