Май 2020 – васьмідзясяты для былога дырэктара Гагарынскай базавай школы Уладзіміра Стомы

Май 2020 – васьмідзясяты для былога дырэктара Гагарынскай базавай школы Уладзіміра Стомы

Май 2020 – васьмідзясяты для былога дырэктара Гагарынскай базавай школы Уладзіміра Стомы

25 мая 2020 2543

У апавяданні «Абеліск» народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава сустракаем такія радкі: «Калі мы выжывем як нацыя, то дзякуючы вясковаму настаўніку». Чаму менавіта настаўніку? Ды і чаму вясковаму? Наўрад ці можна адказаць на гэтае пытанне адназначна, з ходу, без роздуму. Здаецца, немагчыма знайсці адказу ўвогуле, бо Быкаў – аўтар навырост, аўтар-класік, а класіка, як вядома, заўжды актуальная, да канца неразгаданая. Аднак можна ўсё ж такі паспрабаваць зразумець сутнасць быкаўскіх радкоў – асаблівыя ўрокі мудрасці, працавітасці, павагі давалі вясковыя настаўнікі…

У аднаго з такіх вясковых педагогаў май 2020 юбілейны, васьмідзясяты. І таму хочацца ўзгадаць яго добрым словам, выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за ўрокі дабрыні і школу жыцця. Менавіта жыцця, бо Гагарынская базавая школа, якой ужо няма 18 гадоў, заўжды была зарыентавана не толькі на якасць ведаў, на выхаванне высокамаральнай асобы, а яшчэ на атрыманне вучнямі найпрасцейшых уменняў, што спатрэбяцца ў жыцці.

Бясспрэчным аўтарытэтам у школе быў яе дырэктар Уладзімір Аляксандравіч Стома, які шчыра дзяліўся не толькі з настаўнікамі, але і з вучнямі сваім багатым жыццёвым вопытам, быў дарадцам, тым педагогам, да якога можна было прыйсці з любым пытаннем.



Разумеючы, што вучні вясковых школ найперш павінны ўмець працаваць на зямлі, а яшчэ больш павінны ўмець любіць яе, захапляцца гісторыяй роднага краю, ведаць пра слаўных людзей малой радзімы, памятаць карані свае, зусім натуральным выглядала, што пасля ўрокаў старшакласнікі (а гэта 8-9 класы, падлеткі 14-16 гадоў) без праблем маглі завіхацца на пры­школьным агародзе, выконваючы там усю патрэбную работу, даводзіць да ладу прышкольныя кветнікі, якімі захапляліся ўсе жыхары вёскі (і зараз у вачах стаіць клумба майго класа!), і многае іншае.


Як вядома, у педагогіцы заўжды актуальным было выхаванне прыкладам. Уладзімір Аляксандравіч і быў нам, падлеткам, тым самым прыкладам. Як гаспадар на сваёй зямлі, бо чаго толькі каштавала зарабіць у дырэктара паездку ў яго сад і прышчапіць пару саджанцаў; як муж, бо ўзаемаадносіны са сваёй жонкай, светлай Марыяй Васільеўнай, настаўніцай матэматыкі, заўжды былі прыкладам для многіх; як дырэктар, кіраўнік, бо імкнуўся, каб наша школа была найлепшай, заўжды паважаў кожнага супрацоўніка і вучня; як чалавек, бо толькі сапраўдны чалавек і педагог можа шчыра радавацца поспехам, вучняў і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы пры неабходнасці. Калі часам падлеткам не хапала нейкіх навыкаў, уменняў, рукі апускаліся, то заўжды чулася: «А ты як нарадзіўся, адразу хадзіць стаў? Вось і тут, даражэнькі, трэба вучыцца, працаваць трэба!» Ну а калі былі дасягненні, перамогі, найперш над самім сабой, заўжды чулася ягонае «цудоўна». Таму завочна многія з нас (калі не ўсе) і называлі яго Цудоўным!


Цудоўнымі з сённяшняй пазіцыі ўяўляюцца ягоныя ўрокі. На фізкультуры важнымі былі не толькі нарматывы, але і ўсведамленне таго, што, напрыклад, хлопец павінен быць фізічна падрыхтаваным. На ўроках працоўнага навучання давалася поўная свабода адносна таго, які выраб на дрэваапрацоўчым станку ты сёння будзеш рабіць: галоўнае, каб гэта было прыгожым і карысным.


Успамінаючы школьныя гады ды маючы амаль 20-гадовы вопыт педагагічнай работы, дзіву даешся, як мог дырэктар падбіраць калектыў: немагчыма ўспомніць хоць каго з настаўнікаў, якія не пакінулі б яркі след у тваім жыцці – адзнака таленту кіраўніка! І кожны ў калектыве школы быў асобаю: і педагогам, і чалавекам. Як сёння, успамінаюцца тыя перапынкі, на якіх прападалі ў спартзале, каб перамагчы каманду настаўнікаў у валейболе. А ў складзе той каманды, між іншым, былі і дырэктар школы, і настаўнік фізікі – ён жа выкладчык гандлёва-эканамічнага тэхнікума, і настаўнік гісторыі, начальнік раённага аддзела адукацыі…


Некалькі гадоў таму падчас чытання лекцыі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, ведучы гаворку пра арганізацыю даследчай працы школьнікаў, адна з вопытных настаўніц, а 25 гадоў таму назад маладая настаўніца ўсё той жа Гагарынскай базавай школы, звярнула ўвагу, што лектару ў школьныя гады не было дадзена, магчыма, столькі ўмоў для развіцця, як сённяшнім навучэнцам, аднак усё ж ёсць і ў яго пэўныя дасягненні. У адказ я выказаў наступнае: магчыма, афіцыйна гэтага і не было, але ўсё тое, што маюць сучасныя школьнікі, мелі і мы, бо заўжды адчувалі падтрымку, дапамогу, любоў. І толькі зараз разумееш, што наша школа памятала класічнае з Антуана дэ Сэнт-Экзюперы: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі».


Шаноўны наш Настаўнік, дарагі Уладзімір Аляксандравіч! Няхай гэты юбілейны май будзе для Вас па-вясноваму светлым, уквечаны прыгожым садам Вашага жыцця, няхай хапае сіл і здароўя радавацца новаму дню, новым дасягненням і поспехам вашых родных, дзяцей і ўнукаў, няхай усё ў Вас будзе Цудоўна!

І напрыканцы хочацца ўзгадаць радкі, якія ўсплылі ў свядомасці нечакана, без аўтара, без назвы:

Настаўнік мой, дзе ты цяпер?

Не знаю…

Ты ўжо стары, ды й я не малады.

Цябе я часта, часта ўспамінаю,

Твой вобраз пранясу цераз гады.

Мікалай Грынько,

дырэктар навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы,

выпускнік Гагарынскай базавай школы 1995 года