Леанід Самайловіч: «Настаўнік і вучань павінны працаваць па адзін бок парты»

Леанід Самайловіч: «Настаўнік і вучань павінны працаваць па адзін бок парты»

Леанід Самайловіч: «Настаўнік і вучань павінны працаваць па адзін бок парты»

28 мая 2020 2498

Усяго праз некалькі месяцаў споўніцца 28 гадоў, як Леанід Мікалаевіч Самайловіч працуе настаўнікам інфарматыкі і матэматыкі. Увесь час – у Нягневіцкай сярэдняй школе, але ўдзельнікаў алімпіяд рыхтуе  практычна з усяго раёна. І вельмі паспяхова – імя Леаніда Мікалаевіча часта гучыць, калі наша сістэма адукацыі падводзіць вынікі і ўзнагароджвае лепшых. Л.М. Самайловіч – сапраўдны прафесіянал сваёй справы, шчыры чалавек і вельмі цікавы суразмоўца. У гэтым я пераканалася з першых хвілін сустрэчы, падчас якой Леанід Мікалаевіч расказаў пра сябе і не толькі. 

Навагрудчына – малая радзіма Леаніда Мікалаевіча. Нарадзіўся і вырас ён у в. Аўдзеевічы. Закончыў 8 класаў Лаўрышаўскай школы, а 9 і 10 клас вучыўся ў Шчорсах.

У 1985 г. Л.М. Самайловіч паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З першых школьных гадоў Леанід Мікалаевіч адрозніваўся матэматычным складам розуму, таму яго выбар прафесіі родных не здзівіў.


– Аб тым, каб стаць настаўнікам, на той час я і не думаў. Хацеў быць праграмістам, – дзеліцца Леанід Мікалаевіч. – У 1987 г. вучобу прыйшлося спыніць – мяне прызвалі ў армію. Службу праходзіў на Крайняй Поўначы, пад Нарыльскам. Праз два гады вярнуўся ў Мінск, каб працягнуць вучобу. Але ўсё аказалася не так проста…

– За гэтыя 24 месяцы ўсё настолькі змянілася! Ва ўніверсітэце з’явіліся персанальныя камп’ютары, былі ўведзены новыя дысцыпліны, абнавіліся вучэбныя праграмы, адмянілі магчымасць атрымання дадатковых спецыяльнасцей. Першыя паўгода пасля арміі вучыцца было даволі складана, але ўсё нагнаў, – расказвае Леанід Мікалаевіч. – Добра, што цяпер у армію не забіраюць пасярэдзіне вучобы. Упэўнены, у сучасных рэаліях «наганяць» было б проста немагчыма. 

Выбар правільны

Закончыў універсітэт Леанід Мікалаевіч у 1992 г. Год быў складаны, і знайсці работу па спецыяльнасці было складана. Як паспяховаму студэнту, яму прапаноўвалі застацца працаваць на кафедры, аднак заробак быў зусім мізэрны.

– Я вырашыў вярнуцца на малую радзіму і лічу, што зрабіў правільны выбар, – перакананы Леанід Мікалаевіч. – Звярнуўся да Івана Мікалаевіча Качана, які на той час быў загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Педагагічнай адукацыі ў мяне не было, таму прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі. Так і стаў настаўнікам інфарматыкі і матэматыкі Нягневіцкай сярэдняй школы. З 15 жніўня 1992 г. па сённяшні дзень тут і працую. Па сумяшчальніцтве даводзілася выкладаць гэтыя прадметы і ў іншых школах – у роднай Лаўрышаўскай, Шчорсаўскай, сярэдняй школе №5.


– Першапачаткова ў мяне больш гадзін было па матэматыцы, – гаворыць Л.М. Самайловіч. – Але з развіццём праграміравання і IT-сферы падыходы да выкладання інфарматыкі ў школах змяніліся. З году ў год вучні пачалі больш цікавіцца гэтым прадметам, жадалі вывучаць яго звыш праграмы.

– А пачыналася ўсё з «карветаў», – успамінае настаўнік. – Сучасным дзецям вельмі складана ўявіць, як можна было займацца на падобных камп’ютарах, але менавіта на іх вучні 90-х асвойвалі інфарматыку.

Прагрэс не стаяў на месцы і крок за крокам ахопліваў усе сферы жыцця, у тым ліку і школьную адукацыю. Тэхніка на занятках стала выкарыстоўвацца больш сучасная. Потым яшчэ больш новая.

– За гады працы абсталяванне кабінета інфарматыкі ў нашай школе поўнасцю змянялася чатыры разы, – дадае Леанід Мікалаевіч. – Без пастаяннага абнаўлення камп’ютарнай тэхнікі ў інфарматыцы не абысціся. Сёння сітуацыя значна спрошчваеццы тым, што практычна ва ўсіх дзяцей дома маюцца ўласныя камп’ютары.


«Алімпіядныя» нюансы

Вось ужо сем гадоў Л.М. Самайловіч працуе таксама ў гімназіі № 1. Зараз вя­дзе факультатыўныя заняткі «Алгарытмізацыя і праграміраванне» (у малодшых класах) і «Метады алгарытмізацыі» ў сярэднім звяне і старшакласнікаў. Да слова, наведваюць іх не толькі гімназісты, але і вучні іншых гарадскіх школ. Навучанне будуецца на засваенні мовы праграміравання.

– Чаму праграміраванне? Таму што алімпіяда па інфарматыцы па сутнасці сваёй з’яўляецца алімпіядай па праграміраванні. А рашэнне алімпіядных задач уяўляе сабой цалкам самастойны навучальны раз­дзел з шырокімі тэарэтычнай і практычнай часткамі, – адзначыў Леанід Мікалаевіч. – Іншымі словамі, без вялікай дадатковай работы ў алімпіядзе па інфарматыцы нават не варта пачынаць удзельнічаць. У падрыхтоўцы алімпіяднікаў асноўная роля настаўніка – тлумачыць асновы, накіроўваць на самастойную работу і працаваць з дзецьмі па адзін бок парты: побач, разам, плячом да пляча.

Асаблівасць алімпіяды па інфарматыцы яшчэ і ў тым, што ўдзельнічаць у ёй могуць вучні ад 1 да 11 класа, але заданне ва ўсіх будзе аднолькавым. Вось і атрымліваецца, што, калі дзіця – маленькі вундэркінд, яно можа і ў 6 класе стаць пераможцам рэспубліканскай алімпіяды.

– Дзяцей, у якіх узнікае цікаваць да інфарматыкі, шмат, але далёка не ўсе сапраўды ёй захапляюцца, – гаворыць Леанід Мікалаевіч. – Яшчэ складаней паказаць вынік у алімпіядзе. Нават самыя падрыхтаваныя вучні могуць элементарна не справіцца са стрэсам, не сканцэтравацца і нарабіць памылак. Таму падрыхтоўка да алімпіяды – гэта трэніроўка не толькі мозга, развіцця лагічнага мыслення і памяці, а яшчэ выпрацоўка адпаведных маральных якасцей.

Вяршыні пакараюцца старанным

– Найбольшага поспеху ў алімпіядным руху з дзяцей, з якімі мне давялося праца­ваць, дабіўся вучань гімназіі №1 Ілья Клімко. Ён двойчы стаў перможцам рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы (дыпломы І і ІІІ ступеняў) і выйграў тры міжнародныя алімпіяды, – з гонарам гаво­рыць Л.М. Самайловіч. – Дыпломы ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе атрымалі ў 2010 г. вучань Нягневіцкай школы Аляксандр Моніч, а ў мінулым годзе гімназіст Канстанцін Арабчык. Хачу адзначыць і іншых юнакоў, якія таксама выступалі паспяхова. Гэта вучні гімназіі №1 Максім Дзяшчэня і Канстанцін Гукіш, СШ №4 Вадзім Буйвал і Іван Ходар, Нягневіцкай СШ Віктар Сазановіч і інш. Практычна ўсе юнакі, якія вывучалі праграміраванне (незалежна ад поспехаў), звязалі свае будучыя прафесіі з гэтым накірункам. Не дзіўна, IT-тэхналогіі – гэта і наша сучаснасць, і будучае. Цяпер таксама займаецца шмат перспектыўных вучняў – з Нягневіцкай СШ, гімназіі, СШ №1, 4, 5.


– Я так разумею, што сярод юных праграмістаў адны хлопчыкі?

– У абсалютнай большасці, – адказвае Леанід Мікалаевіч. – Сапраўды, так атрымліваецца, што IT – гэта мужчынская сфера. Былі і працягваюць сустракацца дзяўчаты, якія цікавяцца праграміраваннем. Аднак скрупулёзна інфарматыкай  займаецца мала. 

– Хвалюецеся за вучняў падчас алімпіяды?

– Канешне! Здаецца, вопыт ужо вялікі, але кожны раз не знаходжу сабе месца, пакуль дзеці рашаюць. «Адпускае» толькі тады, калі становіцца вядомы вынік, – дзеліцца Леанід Мікалаевіч. – А калі ён высокі, то заўсёды радуешся, як дзіця.  

Не інфарматыкай адзінай

Любы ўрач вам скажа, што найлепшы адпачынак ад разумовай працы – фізічныя нагрузкі. І ў школе, і ва ўніверсітэце, і ўжо падчас работы Леанід Мікалаевіч вельмі цікавіўся спортам.

– Асабліва любіў футбол, – працягвае размову Л.М. Самайловіч. – Займаўся таксама лёгкай атлетыкай, лыжнымі гонкамі, баскетболам. Прымаў удзел у спаборніцтвах. Неаднаразова станавіўся чэмпіёнам факультэта і ўніверсітэта. Заняткі спортам – гэта ж не проста пабегаць ці паскакаць. У кожным відзе, акрамя ўмацавання фізічнага здароўя, развіваюцца шматлікія маральныя якасці – сканцэнтраванасць, камунікабель­насць, дысцыплінаванасць і інш. Усё гэта вельмі дапамагае спраўляцца са стрэсамі і правільна перажываць няўдачы. Таму, канешне, вельмі добра, калі дзеці-алімпіяднікі, акрамя інтэлектуальнай працы, займаюцца фізкультурай і спортам.

– Зараз вельмі часта езджу на веласіпедзе. У тым ліку ў сваю родную вёску Аўдзеевічы: 7 км туды і 7 назад, – кажа Леанід Мікалаевіч.


Аб самым важным 

– У кожнага чалавека сваё разуменне шчасця. Для мяне – у першую чаргу гэта здароўе і дабрабыт блізкіх, рэалізацыя мар дзяцей і г.д. Іншымі словамі – мая сям’я, – разважае Леанід Мікалаевіч. – Мне пашчасціла з самага дзяцінства адчуваць разуменне і падтрымку з боку бацькоў. А калі з’явілася свая сям’я – з боку жонкі. Са Святланай разам мы 25 гадоў. Выгадавалі дзвюх дочак. Старэйшая Таццяна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце, а малодшая Вольга ў тэхналагічным універсітэце. На іх выбар мы з жонкай не ўплывалі, а проста ва ўсім падтрымлівалі і працягваем дапамагаць. Больш за ўсё жадаем, каб у іх жыцці ўсё склалася добра.  



Чалавеку прыемна, калі ён атрымлівае прызнанне прафесійных заслуг. Шмат узнагарод і ў Леаніда Мікалаевіча. Захавалася нават самая першая грамата, атрыманая ў 1999 г. Але для настаўніка найбольш важна шчырая падзяка вучняў, удзячнасць, якая захоўваецца на ўсё жыццё.

– Усе мае настаўнікі былі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Іх прыклад заўсёды быў для мяне прафесійным арыенцірам, – адзначае Л.М. Самайловіч. – Але асабліва паўплывалі на мой лёс настаўнік фізікі Міхаіл Канстанцінавіч Вайтовіч, класны кіраўнік Уладзімір Лявонцьевіч Шарыкала, настаўнікі фізічнай культуры Анатолій Аляксандравіч Коршун, Уладзімір Мікалаевіч Кучко. Гэта настаўнікі з вялікай літары! Спадзяюся, што і мае вучні нават праз шмат гадоў будуць успамінаць мяне добрым словам. Было б прыемна…

Анастасія Пятрова, «НЖ»