Для бацькі і сына Белкіных Чарнобыль стаў часткай жыцця

Для бацькі і сына Белкіных Чарнобыль стаў часткай жыцця

26 апреля 2019 641
Трыццаць тры гады прайшло з таго часу, як на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся выбух чацвёртага энергаблока. Час ідзе, але трагедыя не дае пра сябе забыцца. Адным яна адгукаецца страшнымі хваробамі, стратай блізкіх людзей, развітаннем з родным краем, а вось лю­дзям, якія апынуліся ў той час у эпіцэнтры падзей, яна не дае развітацца з успамінамі. Сотні тысяч людзей удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы, яны атрымалі незабыўныя ўражанні, нязмыты «ядзерны загар». Для навагрудчан, бацькі і сына, Леаніда Іванавіча і Віктара Леані­давіча Белкіных таксама Чарнобыль стаў часткай жыцця. Навагрудак і Чарнобыль раз­дзяляюць сотні кіламетраў. Аднак рэха Чарнобыльскай аварыі закранула не толькі навагрудскую сям’ю Белкіных. Многія пазней выбралі Навагрудчыну для пастаяннага месца жыхарства, а іншыя былі і на ліквідацыі наступстваў. Першым у сям’і Белкіных на ліквідацыю наступстваў выбуху на АЭС быў прызваны бацька Леанід Іванавіч. Яму навагрудскую прапіску прыйшлося памяняць на краснапольскую больш чым на тры месяцы. Ён знаходзіўся на ліквідацыі з ліпеня па кастрычнік 1986 года.
– Нічым асаблівым я не адзначыўся ў сваім жыцці, – такімі словамі пачынае нашу размову Леанід Іванавіч. – Звычайнае дзяцінства, пасля заканчэння сярэдняй школы №1 паехаў на Поўдзень, працаваў вальшчыкам лесу. Праз два гады вярнуўся на Навагрудчыну. Уладкаваўся на працу на завод газавай апаратуры. Напэўна, на тое, што пазней быў накіраваны у Чарнобыльскую зону, паўплываў той фактар, што я праходзіў службу ў авіяцыйных войсках ў хімічнай роце. Служыў у Калінінградскай вобласці. Пра Чарнобыльскую трагедыю чуў, але не думаў, што мне і маёй сям’і яна нечым пагражае. Здавалася, Навагрудак далёка. Аднак у ліпені атрымаў павестку ў ваенкамат, дзе папярэдзілі пра накіраванне на ваенную службу ў раёны, якія пацярпелі ад катастрофы на атамнай электрастацыі. З усіх куткоў да ЧАЭС з’язджаліся тысячы людзей: спецыялісты-хімікі і фізікі, ваенныя радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, салдаты тэрміновай службы, будаўнікі, бульдазерысты, вадзіцелі, кранаўшчыкі, зваршчыкі. Так і я разам з навагруд­чанамі Мікалаем Раманюком, Анатоліем Арцюхом, Віктарам Сілюціным быў накіраваны на ліквідацыю наступстваў у пазней адселеную вёску Новая Ельня Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці., – расказвае далей Л.І. Белкін. – Право­дзілі дэзактывацыю тэхнікі, жылых памяшканняў, школы, здымалі верхні ўрадлівы слой глебы. Працавалі ў зоне з павышаным узроўнем радыяцыі.
Праз тры месяцы Леанід Іванавіч вярнуўся дадому, да сям’і, дзе яго чакалі жонка, два сыны Віктар і Вячаслаў, дачка Таццяна. Пачалося размеранае жыццё. Тады не думаў, што сын таксама бу­дзе ліквідатарам. У маі 1987 года сын Віктар быў прызваны Навагрудскім ваенным камісарыятам на ліквідацыю вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён не так даўно адслужыў тэрміновую службу, уладкаваўся, як і тата, на завод газавай апаратуры. Наперадзе Віктара чакала камандзіроўка, якая зацягнулася амаль на 6 месяцаў. – Я працаваў на скрэперы – землярыйна-транспартнай ма­шыне, якая прызначана для паслойнай рэзкі грунту. У Касцюковіцкім раёне мы здымалі забруджаную радыенуклідамі глебу, вывозілі яе на спецыяльныя магільнікі. Тыя каман­дзіроўкі, безумоўна, адбілася і на маім здароўі, і на здароўі таты. Тады ніхто з нас не думаў пра небяспеку, наступствах ды і часу не было для разважанняў, – гаворыць Віктар Леанідавіч. – Мы проста выконвалі сваю работу, як і кожны, каго накіравалі туды. Разам мы змаглі часткова прадухі­ліць далейшае распаўсюджанне радые­актыўных адходаў. Леанід Іванавіч і Віктар Леанідавіч, як і сотні людзей, самаахвярна выконвалі важную і неабходную работу, грамадзянскі абавязак. – Нягледзячы ні на што, жыццё працягваецца. Трэба ўмець радавацца кожнай хвіліне, кожнаму новаму дню. Сёння радуюся чатыром унукам, – дадае ў завяршэнне нашай размовы Леанід Іванавіч. – На вясенне-летні перыяд пераяз­джаем з горада ў вёску. У нас у Мотчы прыгожыя краявіды, працую на роднай зямлі. Аднаго толькі жадаю, каб такіх страшных трагедый у гісторыі Беларусі больш не было, каб людзі займаліся любімай справай на ка­рысць роднай краіны. Вольга Пісар, "НЖ" Варта пачытаць: Новогрудчане пополнят ряды Вооруженных Сил Республики Беларусь В центре внимания новогрудских спасателей – жилой сектор