Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 3

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 3

10 октября 2018 1808

Паважаныя чытачы, працягваем наша знаёмства з гісторыяй стварэння і адкрыцця Дома-музея Адама Міцкевіча ў нашым горадзе, і сёння мы здзейснім экскурсію ў трэцюю залу экспазіцыі – «Былы гасцінны пакой».

1_7

Экспанаты гэтай залы адносяцца да канца ХVIII – пач. XIX стагоддзяў і дапамагаюць аднавіць атмасферу жыцця шляхты і магнатаў на Навагрудчыне.

Тут мы ўбачым інтэр’ер тыповага тагачаснага гасціннага пакоя (салона): камін, печка, мэбля, сталовы посуд.

На Навагрудчыне ў XIX  стагоддзі было шмат шляхецкіх ся­дзіб. Адна з іх – Шчорсы, якая адносіцца да самых старажытных і ўплывовых, заснавальнікам якой быў Іяхім Літавор Храптовіч (1729-1812 гг.) – апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага. У маёнтку Шчорсы, які размяшчаецца недалёка ад ракі Нёман, ён заснаваў прыватную бібліятэку, фондамі якой карысталіся прафесары Віленскага ўніверсітэта (фотакопіі іх партрэтаў змешчаны ў гэтай зале). Наведваў бібліятэку і Адам Міцкевіч. Тут ён чэрпаў ідэі для сваіх паэм «Гражына», «Конрад Валенрод» і іншых. Сябар Адама Ян Чачот у 1841-1846 гадах працаваў тут бібліятэкарам.

Палац у Шчорсах, пабудаваны ў 1770-1776 гг. у стылі позняга барока, вызначаўся лёгкасцю і элегантнасцю. На сцяне ў пакоі музея ёсць малюнак палаца, а злева партрэт уладальніка Іяхіма Літавора Храптовіча, а ў часы Адама Міцкевіча ўладальнікам палаца быў яго сын Адам Храптовіч.

1_1

У 1815-м годзе Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт – адзін з буйнейшых цэнтраў еўрапейскай навукі і культуры, дзе атрымаў філалагічныя веды, пазнаёміўся з еўрапейскай літаратурай, захапіўся рамантычнай паэзіяй Шылера, Байрана, Гётэ. Адам Міцкевіч быў прыняты на педагагічнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Але ўсё ж вабілі яго больш гуманітарныя дысцыпліны, таму пасля заканчэння першага курса, атрымаўшы ступень кандыдата філасофіі, ён перавёўся на факультэт літаратуры і мастац­тва, які паспяхова закончыў у 1819 годзе.

Вучыўся Адам Міцкевіч за казённы кошт і атрымліваў стыпендыю. За гэта ён павінен быў пазней па накіраванні ўніверсітэта адпрацаваць шэсць гадоў настаўнікам у прызначанай школе.

У гады вучобы ва ўніверсітэце Адам Міцкевіч прымаў удзел у стварэнні і дзейнасці таварыстваў філаматаў і філарэтаў, мэтай якіх была культурна-асветніцкая дзейнасць. Філаматы разумелі, што, каб быць карыснымі свайму народу, трэба яго ведаць. І  Адам Міцкевіч разам з Янам Чачотам, бадай, больш мэтанакіравана, чым іншыя, пачалі вывучаць побыт сельскіх жыхароў, іх жыццёвую мудрасць, выказаную ў народных песнях і паданнях. Багаты матэрыял для гэтага давалі Міцкевічу яго паездкі па Навагрудчыне ў час студэнцкіх канікулаў.

Вучоба Адама Міцкевіча ў Віленскім універсітэце і яго праца настаўнікам у Ковенскай школе занялі ў агульнай колькасці 9 гадоў. У гэты віленска-ковенскі перыяд Адам сфарміраваўся як паэт, як пачынальнік рамантычнага накірунку ў польскай літаратуры. У асяроддзі сяброў-студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта набрала сілу яго грама­дзянская пазіцыя, якую ён пранёс праз усё жыцце.

1_4

Менавіта ў гэты час адбылося «развітанне» Адама Міцкевіча з Навагрудчынай. Спачатку яно было звязана з асабістай драмай – смерцю маці і замужжам каханай дзяўчыны, а пасля ў сувязі з высылкай яго ў цэнтральныя губерні Расіі. Але развітанне было толькі фізічнае, хаця і вельмі балючае для А. Міцкевіча. Сэрцам і душою ён назаўсёды застаўся з родным краем, апеў яго ў сваіх творах, першыя з якіх з’явіліся ў друку якраз у гады яго студэнцкай маладосці.

Свае жыццёвыя назіранні А. Міцкевіч спрабуе выказаць вершамі, якія спачатку былі напісаны па ўзорах класічнай паэзіі. Першым яго апублікаванным творам быў верш «Гарадская зіма», змешчаны у 1818 годзе на старонках газеты «Tygodnik Wilenski». Неўзабаве ён напісаў апавяданне «Жывіла», паэму «Мешка – князь Навагрудка» і верш «Бульба». Ужо ў гэтых першых творах назіраецца цесная сувязь з Навагрудчынай, з яе гісторыяй і мясцовымі паданнямі, па-мастацку перапрацаванымі, а часам і прыдуманымі самім аўтарам.

Адным з галоўных матываў рамантызму з’яўляецца каханне. Каханне, якое ўспыхнула ў Адама да Марылі, літаральна перавярнула яго жыццё, напоўніла яго новымі марамі і планамі. Аднак Марыля ўжо была заручана з графам Ваўжынцам Путкамерам, за якога і выйшла замуж. (З сядзібы Верашчакаў у Туганавічах, дзе Адам і Марыля ўпершыню сустрэліся паходзіць прадстаўленая ў экспазіцыі мэбля XIX-га стагоддзя), а таксама гадзіннік з Віленскага пакоя, якім карыстаўся Адам Міцкевіч у 1822 годзе.

1_2_11_5

І ўсе ж гэтае каханне стала магутнай крыніцай яго паэтычнага натхнення. У канцы 1819 і пачатку 1820 гадоў ён напісаў балады «Люблю я», «Рыбка», «Пані Твардоўская», «Тукай», «Лілея». Яны засведчылі аб нараджэнні новага стылю у польскай літаратуры – рамантызму. У рамантычных творах актыўна выкарыстоўваюцца народныя звычаі, абрады, вера ў спрадвечную людскую муд­расць. Часта ў такіх творах прысутнічае герой-бунтар, змагар за народныя інтарэсы. Названыя вышэй балады заснаваны, як пісаў сам Адам Міцкевіч, на народных  песнях і паданнях. У некаторых з іх апісваюцца і канкрэтныя мясціны Навагрудчыны.

1_6

Пад уплывам гэтага кахання з’явіліся паэтычныя творы, якія ўвайшлі ў I і II тамы «Паэзіі Адама Міцкевіча» і былі выдадзены ў Вільні ў 1822-м і 1823-м гадах. «Балады і рамансы», паэма «Гражына», 2-я і 3-я часткі паэмы «Дзяды» адкрылі эпоху рамантызму ў польскамоўнай літаратуры.

У 1819-м годзе пачалася настаўніцкая праца Адама Міцкевіча ў Коўне (цяпер: Каўнас, Літоўская Рэспубліка). Яе спыніў арышт і працэс над філаматамі. Апошнія свае канікулы Адам правёў у Коўне, дзе перакладаў Байрана, у якога былі і такія радкі: «Бывай здаровы, край любімы! Ужо знікаеш ты ў тумане»…

Праз некаторы час гэтыя словы Адам мог сказаць і адносна сябе самога.  За удзел у студэнцкім таварыстве яго арыштавалі і змясцілі разам з іншымі філаматамі ў падзямелле Базыліянскага кляштара ў Вільні, дзе яму давялося правесці пяць месяцаў. Па рашэнні спецыяльнай камісіі ў лістападзе 1824 года Адама Міцкевіча і некаторых іншых удзельнікаў таварыства накіравалі ў высылку ў цэнтральныя губерні Расіі. Было Адаму Міцкевічу 25 гадоў.

Паважаныя навагрудчане, запрашаем вас наведаць Дом-музей Адама Міцкевіча!

Мікалай Гайба,

дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча

Варта пачытаць:

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 1

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 2