Гнездаванне буслоў на апорах ліній электраперадачы - праблема для Навагрудскага раёна

Гнездаванне буслоў на апорах ліній электраперадачы - праблема для Навагрудскага раёна

Гнездаванне буслоў на апорах ліній электраперадачы - праблема для Навагрудскага раёна

30 октября 2019 1432

Многія з нас помняць словы з вядомай песні Сафіі Ратару «Аист на крыше – мир на земле». Але, на жаль, сёння ўсё радзей на дахах нашых дамоў ці гаспадарчых пабудоў з’яўляюцца гнёзды буслоў. У дварах часцей гаспадары выстаўляюць у якасці дэкору буслоў, зробленых з пластыку.


І гэта, мабыць, не даніна модзе, а вынік інтэнсіўнай дзейнасці чалавека, якая аказвае негатыўнае ўздзеянне на экалогію ўвогуле. Сёння, як правіла, пераважаюць шыферныя або металічныя дахі. Вось і прыстасоўваюцца буслы да новых умоў пражывання, усё часцей выбіраючы ў якасці альтэрнатывы для сваіх гнёздаў апоры ліній электраперадачы, воданапорныя вежы, іншыя прамысловыя аб’екты. Між тым такія паселішчы птушак далёка не небяспечныя як для іх саміх, так і для навакольных людзей.

– У адпаведнасці з арт. 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», у якім прапісаны шляхі рэгулявання распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёл без канфіскацыі іх з асяроддзя іх пражывання, у перыяд з 15 жніўня па 15 лютага праводзяцца мерапрыемствы па зняцці буслянак, размешчаных на лініях электраперадачы, – паведаміў начальнік Навагрудскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел КРАЙНІК. – Разам з тым, для выпрацоўкі ўзгодненага рашэння гэтай праблемы ў жніўні бягучага года ў Мінпрыроды прайшло пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства энергетыкі і іншых зацікаўленых арганізацый. У выніку ўсе прыйшлі да высновы, што неабходна перашка­джаць птушкам будаваць гнёзды на апорах высакавольтных ліній (ВЛ), і як альтэрнатыву – устанаўліваць гнездавыя платформы для буслоў на аддаленасці ад ВЛ на спецыяльных слупах, асобных высокіх дрэвах, розных пабудовах. Вядома, рашыць праблему такім чынам можна толькі ва ўзаемадзеянні з такімі арганізацыямі, як лясгас, электрасеткі, сельскія саветы, грамадскія арганізацыі, і, вядома, мясцовымі жыхарамі.

Павел Крайнік адзначыў, што дзяржаўным навукова-вытворчым аб’яднаннем «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» ужо распрацаваны рэкамендацыі па ўсталяванні штучных гняздоўяў для белага бусла. Гэтыя меры дазволяць на пэўны час паменшыць колькасць скаргаў, якія паступаюць у Мінпрыроды ад грамадзян аб разбурэнні энергетыкамі бусліных гнёздаў, размешчаных на дзеючых апорах ВЛ.

Пракаменціраваў сітуацыю і інжынер Навагрудскага раёна электра­сетак Алег Аляшкевіч, які пацвердзіў, што гнездаванне буслоў на апорах ліній электраперадачы з’яўляецца праблемай і для нашага раёна.

– Так, у вясенне-летні перыяд на апорах ліній электраперадачы з’яўляецца шмат буслянак. Гэта вельмі небяспечна, асабліва там, дзе ёсць голыя правады. З часам яны перагніваюць ад памёту, там пастаянная вільгаць пад ізалятарамі. У выніку адбываецца кароткае замыканне. Бываюць выпадкі, што гнёзды загараюцца і гінуць птушаняты. Тыя гнёзды, якія захоўваюцца, за лета могуць дасягнуць вельмі вялікіх памераў і вагі больш за тону. Мы разумеем, што пакідаць іх на наступны год нельга, таму што драты не вытрымліваюць такой нагрузкі і абрываюцца. А гэта ўжо іншыя небяспечныя наступствы: пры абрыве провада не заўсёды можа спрацаваць абарона на трансфарматарнай падстанцыі, і любое выпадковае датыканне да абарванага провада на зямлі можа скончыцца трагічна як для людзей, так і для жывёл, – канстатаваў Алег Аляксандравіч.

Сёлета, з пачаткам сезона, адбылося больш за 5 адключэнняў высакавольтных ліній з-за буслоў. Калі яны прыступаюць да пабудовы гнязда, кідаюць зверху галінкі на апоры ВЛ, якія чапляюцца за правады. А адна такая галінка можа стаць прычынай адключэння электра­энергіі. На жаль, буслы часта гінуць на лініях электраперадачы. Варта толькі птушцы закрануць адначасова два правады – і зыход аказваецца сумным. Улічваючы ўсе гэтыя фактары, мы вымушаны прымаць кардынальныя меры, – падсумаваў Алег Аляшкевіч.

Вядома, энергетыкі спрабуюць па магчымасці прадухіліць гібель птушак. На апорах яны ўсталёўваюць спецыяльныя загароджы ў выглядзе вострых металічных штыроў, але і гэта не заўсёды дапамагае. Усё роўна буслы ўмудраюцца пабудаваць сабе гняздо зноў. Ужо даўно існуе і такая практыка: пры рэканструкцыі ліній электраперадачы па магчымасці пакідаюцца старыя апоры з гнёздамі, а новая лінія пракладваецца ў абыход іх.

Для адцягнення птушак ад пабудовы гнёздаў на апорах ВЛ энергетыкі практыкуюць таксама ўстаноўку непадалёк былых апор з металічнымі платформамі, якія раней выкарыстоўваліся ці іншыя штучныя прыстасаванні. Напрыклад, у в. Кораставе гэта было дрэва, на якім для буслоў падрыхтавалі месца для пабудовы гнязда, у г.п. Любча ўстаноўлена драўляная апора, і гняздо было перанесена на яе.

Навукоўцы рэкамендуюць Існуе і шэраг іншых спосабаў па вырабе і ўсталяванні гнёздаў для буслоў. У якасці апорнай канструкцыі можна выкарыстоўваць драўляныя слупы і на іх умацоўваць спецыяльныя платформы. Ёсць практычныя парады па размяшчэнні гнёздаў на дахах дамоў. Але не ўсе з іх прымальныя ў сілу розных абставін: дзесьці па меркаваннях санітарных і эстэтычных, а дзесьці з-за няпростых тэхнічных рашэнняў. У той жа час свой уклад у гэтую высакародную справу можа ўнесці і мясцовае насельніцтва. Напрыклад, вырабіўшы спецыяльную платформу на дрэве. Пры мантажы платформы на дрэве, як рэкамендуюць навукоўцы, неабходна прытрымлівацца некалькіх правілаў. Каб пазбегнуць паслаблення дрэва, нельга зразаць яго верхавіну. Можна выкарыстоўваць сухія або падсохлыя дрэвы, калі яны яшчэ моцныя. Абразаючы здаровыя галіны, варта выкарыстоўваць толькі вострыя пілы (тады тканкі дрэва менш пашкоджваюцца), а таксама змазваць раны супрацьгрыбковымі сродкамі. Варыянты ўмацавання платформы ў кожным выпадку могуць адрознівацца ў залежнасці ад формы дрэва. Часам дастаткова прыбіць да ствала або галінак некалькі жэрдак, якія будуць асновай платформы. Важна, каб 5 сярэдніх жэрдак платформы шчыльна прымыкалі адна да адной. Дзякуючы гэтаму, канструкцыя стане больш устойлівай, што мае вялікае значэнне, улічваючы месца яе размяшчэння: заўсёды трэба памятаць, што платформа павінна быць замацавана нерухома. Калі яна будзе хістацца, птушкі яе не заселяць. Таму для замацавання платформы выкарыстоўваюць доўгія цвікі (100, 150 мм). Яны надзейна ўтрымліваюць канструкцыю, а раны на дрэве хутка зарастаюць. Не варта прывяз­ваць платформу да дрэва дротам: яна можа спаўзці, з ростам дрэва дрот урастае ў яго тканкі, абмяжоўваючы далейшае развіццё.
Спакон веку гэтыя велічныя птушкі жывуць побач з чалавекам, карыстаючыся яго асаблівай павагай і любоўю. Лічыцца, што бусел абараняе дом ад благога вока і злых духаў, у доме, побач з якім пасяліліся буслы, заўсёды будзе шчасце і дастатак. Нам усім трэба аб’яднацца і дапамагчы гэтым дзіўным птушкам. Галоўнае, трэба гэтага захацець – і тады ўсё атрымаецца.

Алена Ермакова, «НЖ»