Адрасная дапамога: каму і колькі?

Адрасная дапамога: каму і колькі?

Адрасная дапамога: каму і колькі?

26 сентября 2021 1242
У жыцці чалавека часам бываюць настолькі складаныя сітуацыі, што без старонняй дапамогі абысціся немагчыма. У такіх выпадках можна звярнуцца за падтрымкай да сваякоў, сяброў і знаёмых. Аднак ёсць катэгорыі грамадзян, якія могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы. Якія віды дзяржаўнай адраснай дапамогі прадастаўляюцца, каму яна назначаецца і колькі часу займае працэс разгляду пытання, мы высветлілі ў загадчыка сектара дапамог i сацыяльнай падтрымкі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама Андрэя ЛАПКО.


– Якія катэгорыі грамадзян могуць прэтэндаваць на адрасную дапамогу?

 – Выплаты адраснай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь прызначаюцца пэўным катэгорыям грамадзян. Яны вызначаюцца на заканадаўчым узроўні і залежаць ад дзяржаўнага бюджэту, эканамічнага становішча, а таксама прычын страты матэрыяльнага дабрабыту. Сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключае 4 віды сацыяльных дапамог: штомесячная або аднаразовая сацыяльная дапамога; сацыяльныя дапамогі на кампенсацыю затрат на падгузкі і пялёнкі; забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей да 2 гадоў. Сярод тых, каму прызначаецца адрасная дапамога – інваліды I групы і дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, якім ўстаноўлена 4 ступень страты здароўя; шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама іншыя катэгорыі грамадзян.

 – Акрамя гэтага віду дапамогі існуюць штомесячная і аднаразовая сацыяльныя дапамогі. Хто можа прэтэндаваць на іх прызначэнне?

– Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем'ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або якія вядуць падсобную гаспадарку, пры ўмове, калі іх сярэднедушавы даход за апошнія 12 месяцаў па аб'ектыўных прычынах ніжэйшы за велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Права на атрыманне аднаразовай сацыяльнай дапамогі маюць сем'і, якія апынуліся па аб'ектыўных прычынах у цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая парушае нармальную жыццядзейнасць. Пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход не перавышае 1,5 велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Да такіх сітуацый адносяцца абставіны, складаныя для самастойнага вырашэння: поўная непрацаздольнасць па прычыне інваліднасці ці дасягнення 80-гадовага ўзросту, няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з хваробай, а таксама стыхійныя бедствы, катастрофы, пажары і інш. Наяўнасць такой сітуацыі ў абавязковым парадку пацвярджаецца дакументальна і ўстанаўліваецца камісіяй на падставе акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча.

 Дарэчы, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі прызначаецца з месяца звароту на перыяд ад 1 да 6 месяцаў з улікам прадпрымаемых сям'ёй або грамадзянінам мер па паляпшэнні свайго матэрыяльнага становішча. Для шматдзетных сямей прадастаўляецца на перыяд да 12 месяцаў, таксама павялічаны крытэрыі (сярэднедушавы даход 325, 97 руб.).

 Пры неабходнасці камісія распрацоўвае план па самастойным паляпшэнні матэрыяльнага становішча для працаздольных членаў сям'і.

 – Хто можа звярнуцца за прызначэннем дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця?

– Гэтая дапамога прадастаўляецца сем'ям, у якіх сярэднедушавы даход менш за 283,46 рублёў, пры наяўнасці рэкамендацыі ўрача-педыятра па рацыёне харчавання дзіцяці. Камісія звяртае ўвагу не толькі на арыфметычны разлік сярэднедушавога даходу сям'і, але і ўлічвае аб'ектыўнасць прычын, па якіх бацькі маюць нізкі даход, аналізуе іх ініцыятыву і канкрэтныя дзеянні па павелічэнні сваіх даходаў, па выхадзе з цяжкай жыццёвай сітуацыі.

 – Ці бываюць такія выпадкі, калі даводзіцца адмаўляць у прызначэнні адраснай дапамогі?

 – Так, не ўсе заявы разглядаюцца станоўча. Скрупулёзна пераправяраецца ўся інфармацыя, якую прадастаўляе чалавек. Камісія адмаўляе ў дапамозе ў выпадку, калі сярэднедушавы даход сям'і перавышае ўстаноўлены крытэрый патрэбнасці; пры абследаванні матэрыяльнага становішча ўстаноўлена, што прадастаўленая інфармацыя няпоўная (склад сям'і, даходы, сумеснае вядзенне гаспадаркі і шэраг іншых прычын).

– Як хутка вырашаецца пытанне аб прадастаўленні грамадзянам дапамогі? І што трэба ўлічыць заяўнікам пры звароце ва ўпраўленне?

 – Рашэнне аб выдачы (ці адмове ў выдачы) адраснай дапамогі прымаецца камісіяй на працягу 5 рабочых дзён пасля атрымання апошняга адказу па зробленых запытах. Усе сацыяльныя дапамогі выплачваюцца не пазней за 10 рабочых дзён пасля прыняцця камісіяй рашэння.

 Нагадаю, што, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.01.2012 года № 41, пры звароце прадстаўніка інваліда I групы яму неабходна мець пры сабе даверанасць ці дакументы, якія пацвярджаюць сваяцкія адносіны.

 – Хто мае права на сацыяльную дапамогу для куплі падгузкаў, на якую суму іх можна набываць і з якой перыядычнасцю звяртацца?

 – Парадак звароту за сацыяльнай дапамогай для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузкаў значна спрошчаны. Так, адпаведная заява можа быць пададзена апекуном, а таксама блізкімі сваякамі інвалідаў, прадстаўнікамі па даверанасці. Сацыяльная дапамога для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузкаў прадастаўляецца незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна) дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць IV ступень страты здароўя, інвалідам I групы на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння медыка-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб патрэбнасці ў падгузках і дакументаў, якія пацвярджаюць выдаткі на іх набыццё. Памер сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузкаў устанаўліваецца ў суме, якая не перавышае 1,5-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дзеючага на дату прыняцця рашэння аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (425 рублёў 19 капеек).

Дадзеная дапамога прадастаўляецца чатыры разы на працягу каляндарнага года, але не больш аднаго разу на месяц.
У выпадку смерці інваліда – выплата не праводзіцца.
Інфармацыю аб тым, якія дакументы неабходна прадаставіць для прызначэння адраснай сацыяльнай дапамогі, можна атрымаць па тэлефоне 2-38-69 (вул. Міцкевіча, д. 11, кабінет № 16).

Падрыхтавала В. ПІСАР, «НЖ».