Жалобны шлях асуджаных на смерць

Жалобны шлях асуджаных на смерць

28 Января 2019 432

Халакост – адно з самых страшных слоў у свеце. Перад вачыма кожнага чалавека з’яўляюцца жудасныя карціны закатаваных, замучаных, знішчаных ні ў чым не павінных людзей. 27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту мы ўзгадваем мільёны ахвяр фашызму, самыя страшныя старонкі Вялікай Айчыннай. У такіх злачынстваў супраць чалавецтва, як Халакост, няма і не можа быць тэрміну даўнасці, іх нельга ні дараваць, ні забыць. Любыя спробы замаўчаць гэтыя падзеі,  перапісаць гісторыю – недапушчальныя.

Бо любая вайна – заўсёды халакост. І не толькі для яўряэў…

«У чэрвені 1941 года ў Навагрудку пражывала каля 6000 яўрэяў. Пасля Вялікай Айчыннай  навагрудскіх яўрэяў засталося менш за сто чалавек. У страшныя гады Халакосту на Навагрудчыне было знішчана больш чым 11 тысяч яўрэў.»

4 ліпеня 1941 года нямецкія вой­скі ўвайшлі ў Навагрудак. У горадзе адразу пачаў дзейнічаць нацысцкі парадак, а жыццё стала падпарадкоўвацца загадам гэбітскамісара Траўба. Былі развешаны аб’явы аб рэгістрацыі ўсіх яўрэяў. З гэтага часу яны абавязаны былі мець пасведчанне асобы і насіць жоўтую нашыўку. Яўрэям забаронена было пакідаць горад без дазволу, займацца любым рамяством, наведваць рынак, хадзіць па тратуары. 26 ліпеня на рыначнай плошчы былі расстраляны 52 яўрэі, а праз некаторы час яшчэ 300 чалавек. Вечарам трупы вывезлі на яўрэйскія могілкі і пахавалі ў агульнай магіле.

5 снежня 1941 года ўсім яўрэям, якія мелі пасведчанне біржы працы, было загадана 7 снежня сабрацца з сем’ямі каля будынка суда па вул. Карэліцкай (зараз вул. Мінская №62). Непрацаздольныя абавязаны былі прыйсці да будынка жаночага манастыра па суседству з Фарным касцёлам (зараз вул. 1 Мая, №26).  Па загадзе акупацыйных улад яўрэі-рамеснікі павінны былі зарэгістравацца ў юдэнраце і перасяліцца ў гета.

7 снежня пачалася «селекцыя»: немцы адбіралі хворых, старых, жанчын, дзяцей – цэлыя сем’і. Было сабрана больш за 5000 чалавек, якіх сталі заганяць у машыны. Тых, хто супраціўляўся, забівалі на месцы.

«Была пятніца ў снежні 1941 года. Мне было 15, разам з бацькамі і дзвюма малодшымі сёстрамі нас прывялі ў двор суда. Старэйшых братоў Ісраэля і Арона немцы расстралялі, калі яны спрабавалі выйсці  з горада. Маці сказала нам, што кожны павінен паспрабаваць выратавацца, каб хаця б адзін з сям’і  застаўся ўжывых. Таму калі прыехаў нямецкі начальнік, я кінулася да яго, абняла і стала прасіць пакінуць нам жыццё, таму што наш бацька пераплётчык і можа быць карысным. Немец паклікаў бацьку, але той так разгубіўся, што падышоў без маці і сясцёр. Нас павялі ў будынак суда, дзе знаходзіліся тыя, каму пакінулі жыццё. Я прасіла немца, які вёў нас, выратаваць маму і дзяцей, але дарэмна. Акрамя нас, ніхто не выратаваўся.»

(З успамінаў Эшкі Шор Левін, былога вязня навагрудскага гета)

Людзей павезлі да вёскі Срыдлева, дзе былі прыгатаваны дзве траншэі-магілы. Паміж траншэямі была пакінута палоска дзёрну, і яўрэяў прымушалі распранацца і станавіцца на яе, а калі яны ступалі, страчыў кулямёт… Калі такая «забава» карнікам надакучыла, яны сталі зганяць яўрэяў у ямы, заставілі класціся на забітых і рас­с­трэльвалі. Больш як 5000 жанчын, дзяцей, старых загінулі  толькі таму, што былі яўрэямі. Рас­стрэльвалі літоўскія паліцаі, а кіравалі правя­дзеннем акцыі немцы.

Гета на Пярэсецы

Від на Пярэсеку, 20-30-ыя гады XX ст.

Від на Пярэсеку, 20-30-ыя гады XX ст.

У гады акупацыі ў Навагрудку існавала два гета – па вул. Карэліцкай (дамы з №60 па №64) і на вул. Пярэсецкай (зараз вул. Сечка, дамы з №19 па №33). Гета на Пярэсецы было створана пасля першай акцыі расстрэлу, было абнесена драўляным плотам і калючым дротам і лічылася «адкрытым». Кожную раніцу яўрэяў выводзілі з гета на работу ў майстэрні, якія знахо­дзіліся ў будынку суда і былых казармах, а таксама на расчыстку завалаў у горадзе. На тэрыторыі гета за парадак адказвала яўрэйская паліцыя, старшынёй юдэнрата быў прызначаны адвакат Чэханоўскі. Вязні ў гета галадалі: дзённы рацыён на чалавека – 200 грамаў чорнага хлеба і міска супу. Дадатковую міску супу атрымлівалі тыя, хто працаваў у майстэрнях. Была страшная цесната: у адным памяшканні на нарах у два паверхі размяшчаліся ў сярэднім па 20 чалавек. Не было электрычнасці, вечарамі палілі лучыны, а ваду бралі з калодзежа. Усё больш і больш людзей памірала ад голаду: кожную раніцу збіралі трупы і хавалі ў полі каля дарогі.

Вясной 1942 года нацысты сталі зганяць у Навагрудак яўрэяў з усіх навакольных мястэчак – Люб­чы, Карэліч, Дзяляціч, Івянца, Рубяжэвіч і многіх іншых. У гета ізноў сабралі пяць тысяч яўрэяў. Знясіленныя і бездапаможныя, яны пасяліліся ў падвалах, на гарышчах, у хлявах, жылі ў жудасных умовах. Летам 1942 года пачаліся ўцёкі яўрэяў з гета.

«Непадалёку ад возера, справа, уздоўж дарогі, быў выкапаны роў даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. Людзей прымусілі распрануцца дагала і павялі да загадзя вырытых траншэй. Жанчын, якія адмаўляліся распранацца, цягнулі за валасы. Крыкі і стогны ўзнімаліся да нябёсаў. Людзей заганялі ў ямы, прымушалі класціся на забітых … і стралялі з кулямётаў. Пасля чаго целы пасыпалі хлорнай вапнай. Ямы засыпалі невялікім пластом зямлі, так што відаць былі галовы і ногі забітых. Было знішчана каля чатырох тысяч чалавек. На месцы расстрэлу ў 1967 годзе быў устаноўлены памятны абеліск, а ў 1993 годзе Джэк Каган устанавіў новы помнік.»

7-8 жніўня 1942 года нацысты і іх памагатыя пачалі другую масавую акцыю ў Пярэсецкім гета. Яўрэяў выгналі з дамоў і прымусілі легчы на зямлю – так людзі праляжалі ўсю ноч. А раніцай частку з іх павезлі да вёскі Літоўка.

Пасля расстрэлу каля вёскі Літоўка вязні працоўнага лагера па вул. Карэліцкай, куды напярэдадні расстрэлу перасялілі 500-600 чалавек, у асноўным рамеснікаў з сем’ямі, атрымалі нумары, якія павінны былі насіць на адзенні. У гета на Пярэсецы вярнуліся толькі тыя, хто ў той дзень працаваў у ваенных казармах. Тэрыторыя гета стала меншай напалову, а па колькасці вязняў зменшылася на дзевяць дзясятых. Паўсядзённае жыццё станавілася больш цяжкім і страшным.

7 жніўня 1942 года ў працоўным лагеры правялі так званую “дзіцячую” акцыю. Усіх жыхароў гета сабралі на пляцоўцы перад баракамі, пры дапамозе паліцэйскіх аддзялілі дарослых ад дзяцей, немаўлят вырывалі з рук маці і кідалі ў грузавікі. Літоўская паліцыя абходзіла падвалы, гарышчы і  шукала дзяцей, якія схаваліся. На нашых вачах яны кідалі малых з верхніх паверхаў уніз на тратуар. У некаторых дзяцей галовы разбіваліся аб каменныя сцены. Малых кідалі ў мяхі і складвалі ў грузавікі. Дзеці ў грузавіках не плакалі – чулася толькі слабое хныканне.

(Джэк Каган, Дов Коэн «Халакост і супраціўленне на радзіме Адама Міцкевіча»)

4 лютага 1943 года стаў днём апошняй ліквідацыйнай акцыі ў Пярэсецкім гета – каля 500 яўрэяў былі расстраляны і разам з імі ўсе члены юдэнрата. Ліквідацыю праводзіў 36-ы батальён эстонскай паліцыі. Тых нямногіх яўрэяў-рамеснікаў, якіх нацысты думалі яшчэ выкарыстоўваць, перавялі ў гета на вул. Карэліцкай.

Вул. Карэліцкая, 20-30-ыя гады XX ст.

Вул. Карэліцкая, 20-30-ыя гады XX ст.

Працоўны лагер

За два дні да акцыі каля в. Літоўка юдэнрат выдаў асобыя пасведчанні ўсім рамеснікам, якія працавалі ў майстэрнях і каго нацысты палічылі патрэбнымі нямецкім уладам. Іх перавялі з гета на Пярэсяцы ў майстэрні, якія знаходзіліся  ў будынку суда па вул. Карэліцкай. Быў назначаны новы юдэнрат на чале з доктарам Маркам Беркманам. Гета ахоўвалі беларускія паліцаі, якіх з-за формы называлі «чорнымі варонамі». У іх за золата можна было купіць зброю, патроны ежу і дамовіцца пра ўцёкі.

Гета ўзмоцнена ахоўвалася: каля варот стаяла будка часавога, па вуглах – вартавыя вышкі. Адзіная магчымасць выйсці з лагера – штодзённыя паходы за вадой. У кожным памяшканні – па дваццаць чалавек, у дзень на чалавека – 150 грамаў хлеба і міска супу з бульбяных ачысткаў. У лагеры пачаліся эпідэміі, людзі паміралі ад хвароб і страшнага холаду. А рэжым з кожным днём станавіўся ўсё больш жорсткім.

Пасля некалькіх спроб уцёкаў, ахова стала больш строгай і ўважлівай, штодня праводзіліся праверкі, пабоі сталі больш частымі. Усе адчувалі, что канец блізка. Не было сумненняў, што гета хутка будзе ліквідавана. Вязняў не пакідала думка: як пазбегнуць смерці? Але што рабіць са старымі і нямоглымі? Як кінуць слабых і ўцячы ў лес? Да таго ж уцёкі з гета патрабавалі адзінства, якога не было.

Вясной 1943 года ўсіх вязняў гета на Карэліцкай падзялілі на групы Тыя, хто па меркаванні нямецкай улады добра працаваў, увайшлі ў адзін спіс. Ім сталі выдаваць дадаткова буханку хлеба на тыдзень і паабяцалі, што адпра­вяць на работу ў Германію. Астатнім растлумачылі, што яны будуць працаваць як раней.

7 мая ў 5 гадзін раніцы ўсіх вязняў паднялі па трывозе і сагналі на цэнтральны двор гета. Камендант лагера афіцэр СС Ройтэр зачытаў спіс лепшых работнікаў і адправіў іх атрымліваць дадатковую буханку хлеба. Пасля таго, як ён пакінуў лагер, тых, хто застаўся на двары, сталі акружаць паліцэйскія, пачалася паніка. Некаторыя  кінуліся ўцякаць, але на іх абрынуўся шквал агню. Людзей павялі да ямы ў канцы вуліцы, дзе да вайны бралі гліну. За паўгадзіны 250 яўрэяў былі знішчаны ўсяго за чатырыста метраў ад гета. Ужывых у гета засталося каля трохсот чалавек. Гэта акцыя, як і папярэднія,  адбылася так хутка і раптоўна, з такой звярынай жорсткасцю, што ў людзей нават не было часу паспрабаваць нешта змяніць. Пасля чацвёртай акцыі ў гета пачалася дэпрэсія: вязні разумелі, што прыйшоў канец і яны апошнія.

Праз тунэль –  на свабоду

Пасля жудаснай акцыі знішчэння вязням гета стала зразумела, што трэба аб’ядноўвацца і спрабаваць уцячы. Берл Іоселевіч і Натан Сухарскі прапанавалі прарыць падземны ход і па ім выбрацца з гета. Было вырашана пад нарамі   ў былой канюшні разабраць падлогу і капаць лаз памерам 70 на 70 сантыметраў. З-за невялікіх памераў капаць мог адзін чалавек і то толькі лежачы. Тунэль капалі ноччу, кожныя паўгадзіны людзі мяняліся. Вырытую зямлю насыпалі ў невялікія торбачкі і перадавалі па ланцужку ад аднаго да другога. Зямлю высыпалі на гарышчы, а пазней, калі ўжо не было месца, сталі засыпаць зямлёй кало­дзеж. Было нямала тэхнічных праблем, звязаных з будаўніц­твам падземнага тунэля, асабліва калі ўлічваць абставіны, у якіх знаходзіліся людзі. Даўжыня тунэля павінна была быць не менш як 220 метраў, каб выхад быў дастаткова далёка ад сцен гета. Прайшлі моцныя дажджы, вада магла затапіць тунэль. Каб не дапусціць абрушэння, устанавілі драўляныя падпоркі, дошкі для іх кралі ў сталярнай майстэрні. Цесляры зрабілі драўляныя рэйкі, па якіх пусцілі маленькія тачкі з вырытай зямлёй, якую потым перасыпалі ў торбачкі і высыпалі ў розных месцах. Узнікла праблема з вентыляцыяй: чым даўжэйшым станавіўся лаз, тым менш паступала паветра. Тады на паверхню зямлі прабілі невялікія адтуліны, у іх уставілі трубкі для доступу паветра.

Проект3

Амаль чатыры месяцы, з мая па верасень 1943 года, змучаныя голадам і хваробамі вязні пасля работы ў гета па начах капалі тунэль. Амаль дзвесце метраў падземнага тунэля – шлях да свабоды быў пракладзены. Заставалася дзейнічаць. Трэба было ра­шаць: уцякаць праз тунэль ці не? Пасля таго, як большасць прагаласавала «за», быў абраны камітэт, які пачаў рыхтаваць арганізаваны выхад з тунэля. Усе былі абавязаны выконваць распараджэнні камітэта і чакаць каманды. У апошнія га­дзіны перад уцёкамі кожны чалавек атрымаў нумар, згодна з якім трэба было пакі­нуць тунэль. Першымі павінны былі спусціцца ў тунэль тыя, хто прымаў удзел у яго будаўніцтве, за імі ўсе астатнія. Спецыяльная група са зброяй сачыла за парадкам. Той, хто парушыць правілы, мог паплаціцца жыццём.

Цёмным вечарам 26 верасня 1943 года ішоў моцны дождж. Паліцаі адпачывалі і выпівалі, а ўсе 323 вязні адзін за адным стаялі перад  уваходам у тунэль. Па камандзе ўсе яўрэі да дзесяці га­дзін вечара пакінулі гета, за выключэннем тых, хто вырашыў застацца і схаваўся ў загаддзя падрыхтаваных сховішчах. На выхадзе з ту­нэля людзей ахапіла паніка. Замест таго, каб паўзком, як было запланавана, дабірацца да лесу, яны кінуліся бегчы. Паліцаі, пачуўшы шум, адкрылі стральбу. Частка ўцекачоў загінула. Большасць з тых, каму пашчасціла выратавацца, далучыліся да партызанскага атрада Бельскага.

Многія з яўрэяў Навагрудка, якія перажылі Халакост, пасля вайны пераехалі ў Ізраіль, дзе наладзілі сваё жыццё занава. Аднак сцерці з памяці жах і страх, якія яны перажылі ў тым пекле, было немагчыма. Яўрэі, якім пашчасціла выжыць, імкнуліся выканаць свой святы абавязак перад загінулымі роднымі – зрабіць усё магчымае, каб захаваць памяць пра іх для будучых пакаленняў. Гэтую святую місію яны перадалі дзецям і ўнукам, каб знішчаная яўрэйская абшчына Навагрудка ніколі не была забыта.

Помнік загінулым вязням навагрудскага гета, вул. Мінская.

Помнік загінулым вязням навагрудскага гета, вул. Мінская.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі і інтэрнэт рэсурсаў

Усе матэрыялы праекта «Жыць і помніць»:  http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/