Вялікая Айчынная вайна – жывая рэальнасць для ветэрана Яўгенія Уладзіміравіча Валенцюкевіча

Вялікая Айчынная вайна – жывая рэальнасць для ветэрана Яўгенія Уладзіміравіча Валенцюкевіча

24 февраля 2020 2642

Вялікая Айчынная вайна не кнігі, не кіно, а жывая рэальнасць і для ветэрана Яўгенія Уладзіміравіча Валенцюкевіча. Сёння ён жыве ў вёсцы Генюшы, а нарадзіўся і дзіцячыя гады яго прайшлі ў вёсцы Куравічы.

IMG_1059.JPG

– У нас у сям’і было чатыры хлопцы. Старэйшыя браты Міхаіл І Іван пайшлі на вайну адразу пасля вызвалення Беларусі. Мяне з братамі разам не забралі, хоць я і прасіўся. Міхаіл прымаў удзел у вызваленні Кёнігсберга, а брат Іван вярнуўся інвалідам з вайны, паранены быў у Малдавіі. Прызвалі мяне толькі ў лютым 1945 года, – расказвае Яўгеній Уладзіміравіч. – На цягніку з Наваельні нас накіравалі ў Гарахавецкія лагеры, тайгу. Там праходзілі вучэбку, рыхтавалі нас на фронт. Трапіў я ў артылерыйскую брыгаду радыётэлефаністам. Хутка нас накіравалі ў Балгарыю, там служыў тры гады. Старэйшых перакідвалі ў Японію, а нас у 1948 годзе перавялі ў Арменію. Стаялі ў падножжа гары Арарат. Яшчэ чатыры гады ў сувязі служыў у Арменіі.

Валентюкев2.jpg

Пасля дэмабілізацыі Я.У. Валенцюкевіч вярнуўся на Навагрудчыну.

– Прыехаў пасля дэмабілізацыі і адразу хацеў уладкавацца на работу, бо цяжкае становішча было пасля вайны. Паехаў да брата Івана ў Любчу. Уладкаваўся начальнікам аддзела сувязі на пошце ў г.п. Любча, – прыгадвае ўжо пасляваенны час мой суразмоўца. – Аднак з часам мне прапанавалі ехаць на працу ў Ацмінава на пошту. Тут сустрэў будучую жонку Людмілу Вікенцьеўну, разам працавалі, разам выгадавалі трох дочак. Я з часам закончыў Бердаўскую вячэрнюю школу, бо да вайны школу не закончыў. Пазней паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У калгасе «Праўда» да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў загадчыкам участка. Усё жыццё было звязана з сельскай гаспадаркай, хаця марыў застацца ў арміі. Маю мару ажыццявіў унук Вадзім, закончыў Ваенную акадэмію, ён зараз падпалкоўнік.

Валентюкев.jpg

Я.У. Валенцюкевіч выказаў падзяку кіраўніцтву краіны, раёна за памяць і за прызнанне.

 – У нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, надаецца вялікая ўвага удзельнікам і інвалідам вайны, – сказаў Яўгеній Ула­дзіміравіч. –  Фактычна сёння ў ветэранаў няма ніякіх пытанняў да дзяржавы, мы забяспечаны ўсім неабходным.
IMG_5516.JPG

Вольга Пісар, "НЖ"