Турызм у Беларусі афіцыйна прызнаны адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. За апошнія гады зроблены шэраг крокаў, якія далі свае адчувальныя вынікі – да пандэміі станоўчая дынаміка развіцця галіны прасочвалася па ўсіх паказчыках. Навагрудчына не выключэнне. Наш край са сваімі прыроднымі, культурнымі і гістарычнымі аб’ектамі выклікае цікавасць у беларусаў і замежных турыстаў. Дык што можна паглядзець на Навагрудчыне і гасцям, і жыхарам раёна, якія хочуць разнастаіць свой адпачынак? Аб гэтым раскажам у нашым новым праекце «Маршрутамі мінулага і сучаснасці», які мы запускаем сумесна з аддзелам турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама. А пачынаем з Валеўскага краю.
Адлегласць ад Навагрудка да Валеўкі складае каля 17 км. На аўтамабілі дарога зойме прыкладна 18 хвілін. Аматары велаадпачынку могуць скарыстацца любімым двухколавым транспартам. Магчыма, кагосьці зацікавіць і пешы турызм.
– Зарыентавацца па шляху дапаможа маркіроўка, указальнікі і інфармацыйныя шыльды. Дадзены накірунак уключаны ў міжнародны веламаршрут EuroVelo-2. Завітаць у Валеўку можна таксама, калі следаваць па мясцовых турыстычных маршрутах «Сцежкамі Адама Міцкевіча» і «Валаам на Навагрудчыне», – расказала начальнік аддзела турызму Кацярына Ківач.
Каардынаты: 53°28'06.8"N 25°53'13.5"E
Паміж Валеўкай і в. Радагошча некалі знаходзілася сядзіба Чамброва. У пачатку XIX ст. гаспадаром быў Ігнат Вузлоўскі, а дзед Адама Міцкевіча Матэвуш Маеўскі быў кіраўніком у маёнтку. У Чамброве да вянчання жыла маці А. Міцкевіча Барбара. Аб дружалюбных адносінах паміж Вузлоўскімі і Міцкевічамі сведчыць тое, што менавіта Анэля Вузлоўская стала хроснай маці Адама. У 1826 г. маёнтак набыў адвакат Казімір Карповіч, ва ўласнасці гэтага роду ён знаходзіўся больш за сто гадоў. У 1928 г. тут здымалі фільм паводле паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У гэтым доме часта бываў знакаміты фатограф Ян Булгак, які пакінуў мноства фотаздымкаў Чамброва. Вайна не пашкадавала маёнтак, сёння на яго месцы засталіся толькі скляпы і падмуркі. Некалькі дрэў нагадваюць пра прыгажосць ліпавай алеі. Недалёка ад сядзібы размяшчалася капліца з фігурай Хрыста, якая была адноўлена і ў верасні мінулага года ўрачыста адкрыта.
Храм Святых апосталаў Пятра і Паўла
Знаходзіцца ў аграгарадку Валеўка. Гэта ўнікальная драўляная царква XVII ст., пабудаваная ўвогуле без цвікоў, якая выдатна захавалася да нашых дзён. Згодна з найбольш распаўсюджанай версіяй, драўляны храм першапачаткова пабудаваны ў далёкім 1685 г. у якасці касцёла ў складзе каталіцкага манастыра дамініканаў. Затым храм шмат разоў рэканструяваўся і перабудоўваўся. Найбольш значная рэканструкцыя была зроблена ў 1736 г., менавіта тады будынак у асноўных рысах і набыў сучасны выгляд. За сваю трохвяковую гісторыю храм у Валеўцы некалькі разоў мяняў сваю канфесійную прыналежнасць. Канчаткова ён стаў праваслаўным пасля падаўлення паўстання 1830 г.
Валеўскі народны гістарычна-краязнаўчы музей
Знаходзіцца ў будынку Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы: аг. Валеўка, вул. Школьная, 18. Працуе з 1955 г. За гэты час было сабрана 1,5 тыс. экспанатаў. Музей займае плошчу 139 м кв. і складаецца з сямі раздзелаў: этнаграфічнага, літаратурнага, экалагічнага і інш. Кіраўнік – настаўнік гісторыі Нэля Санько. Заказ экскурсіі па тэл. +375293830042.
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Свіцязянскі»
Займае плошчу ў 1193,8 га. Зарэгістравана 515 відаў раслін. У межах заказніка расце 22 віды дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; водзіцца 5 відаў рэдкіх дзікіх жывёл. Агульная колькасць прыродных экасістэм заказніка – 46, асабліва каштоўных біятопаў – 7. На тэрыторыі знаходзіцца возера Свіцязь, акружанае магутнымі дубова-яловымі лясамі. Маюцца палатачныя гарадкі.
Эколага-інфармацыйны цэнтр «Прыгоды ля возера»
Каардынаты: 53°26’21.8»N 25°54’36.4»E
Знаходзіцца на беразе возера Свіцязь непадалёку ад аддзялення санаторыя «Магістральны». Уздоўж сцяжынак размешчаны інфармацыйныя стэнды, на якіх распісана ўся ўнікальнасць ландшафтнага заказніка «Свіцязянскі», гісторыя рэдкіх дрэў, водных насельнікаў возера Свіцязь, птушыны свет, фотазоны, імправізаваная кніга А. Міцкевіча з баладай пра возера, домік Бабы Ягі «пастка»-павуціна, спартыўныя турнікі, дэкаратыўныя пянькі, фігуры жывёл.
Па пытаннях наведвання цэнтра звяртацца да дырэктара заказніка Кацярыны Літвін па тэл. 4-43-18. Па папярэднім запісе ладзяцца анімацыйныя забаўляльна-гульнявая і экалагічная праграмы з казачнымі героямі, квэст-гульнямі, майстар-класамі ад майстроў раённага Цэнтра рамёстваў. Даведкі па тэл. 6-02-50.
Возера Свіцязь
Каардынаты: 53°25'46.0"N 25°54'25.0"E
Не самае вялікае ў краіне, але, магчыма, самае чыстае і прыгожае. Плошча возера складае 2,2 км кв., глыбіня даходзіць да 15 м. Знаходзіцца на 242 м над узроўнем мора. Возера з незвычайна празрыстай вадой, скрозь тоўшчу якой ясна бачны белы пясок на дне. Яно было адным з самых любімых месц сустрэчы маладога Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі. Ёсць тут месца, дзе была напісана знакамітая паэма вялікага паэта «Свіцязянка» і іншыя яго творы. Возера памятае і цара Мікалая II, які, як расказвалі старажылы, пабываў тут са сваёй світай.
Возера Свіцязь авеяна мноствам легенд і паданняў, якія расказваюць пра яго ўзнікненне і загадкавых русалках-свіцязянках.
– Некалі на месцы возера стаяў горад, у якім кіраваў князь Туган. Да яго паслаў ганцоў за дапамогай першы вялікі князь Літоўскі Міндоўг, калі быў узяты ў аблогу Навагрудак. Туган сабраў войска і рушыў да Навагрудка, пакінуўшы ў сваім горадзе толькі старых, жанчын і дзяцей. Гэтым скарысталіся ворагі і пайшлі на штурм. Бачачы, што дастойнага супрацілення не аказаць, жыхары горада сталі маліцца аб дапамозе і абароне. Пачулі нябёсы тую малітву: апусціўся на горад белы туман, а калі ён разышоўся, на месцы горада апынулася цудоўнае возера. Усе жыхары ператварыліся ў кветкі, а калі ворагі дакраналіся да іх, то адразу паміралі, – расказала адну з легенд настаўнік гісторыі і мясцовы краязнавец Тамара Сурага.
Сфатаграфавацца на фоне легендарнай Свіцязянкі можна і сёння – скульптура ўстаноўлена каля санаторыя ў вадзе недалёка ад берага возера.
Экалагічная сцежка Навагрудскага лясгаса
Прадстаўляе сабой прагулачна-пазнавальны маршрут, які створаны з мэтай экалагічнай асветы. Расказвае пра біялагічную разнастайнасць мясцовасці, унікальнасць расліннага покрыва на берагах возера. Праходзіць у кварталах Свіцязянскага лясніцтва, пачынаецца непадалёку ад будынка санаторыя. Агульная працягласць складае 1200 м. Тып маршрута – пешаходны. Уключае чатыры аб’екты, абсталяваныя інфармацыйнымі стэндамі.
– Наведваючы Валеўскі край, таксама можна завітаць у дэндрапарк Валеўскага д/с-СШ, які закладзены ў 60-я гг., і да крыніцы з «жывой» і «мёртвай» вадой у Косічах, – дадала Кацярына Ківач.
Дзе спыніцца?
Гасцявы дом Навагрудскага лясгаса – в. Навасады, тэл. 2-08-56. Маюцца тры нумары з асобнымі ўваходамі. У кожным кухня, санвузел, душавая. На тэрыторыі комплексу размешчаны адкрытыя і закрытыя альтанкі.
Аграсядзібы
«Новы сад» – в. Навасады, тэл. 7-68-91
«Вікторыя» – в. Навасады, тэл. 7-69-53, +375293384871
«Бочка» – в. Навасады, тэл. +375297614548, + 375291599104
«Бярозавы гай» – в. Навасады, тэл. 7-67-98, +375444857003
«Літоўская пушча» – в. Чаромушкі, тэл. +375299716501
«Ярынка» – аг. Валеўка, тэл. +375296417148
«Хутарок» – в. Новыя Лагадкі, тэл. +375444915510
«Каменка» – в. Косічы, +375333220007, +375336587556
Уся інфармацыя аб турыстычных маршрутах, аб’ектах, месцах размяшчэння змешчана на сайце «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне» (novtour.by).
Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»