Протаіерэй Аляксандр Шыш: «Самае галоўнае – быць уцаркаўлёным»

Протаіерэй Аляксандр Шыш: «Самае галоўнае – быць уцаркаўлёным»

Протаіерэй Аляксандр Шыш: «Самае галоўнае – быць уцаркаўлёным»

15 Января 2021 1381

Святаром можа стаць далёка не кожны чалавек, а толькі той, хто адчуў Божы заклік. Такі ўнутраны стан авалодвае людзьмі ў розныя перыяды іх жыцця: да адных прыходзіць яшчэ ў маладосці, да іншых у сталым узросце. Момант паклікання – гэта той паваротны пункт, з якога пачынаецца шлях да святарства. Такі ж унутраны кліч Госпада ў свой час пачуў і протаіерэй Аляксандр Шыш, настаяцель храма ў гонар іконы Маці Божай «Неспадзяваная радасць». На самым маладым прыходзе Навагрудка ён служыць 18 гадоў, а ўвогуле пастырскае служэнне нясе ўжо 24 гады.

 

Родам айцец Аляксандр з в. Сервяч Карэліцкага раёна. У роднай вёсцы вучыўся ў пачатковай школе, потым наведваў сярэднюю ў в. Малюшычы.

– Вырас у звычайнай сям’і. Тата працаваў у калгасе вадзіцелем (на жаль, яго ўжо няма ўжывых), а матуля – бухгалтарам, – расказвае бацюшка. – У нас шматдзетная сям’я, я – самы старэйшы. Адна сястра – педагог, жыве ў Браславе. Другая сястра – урач, жыве ў Маскве.

– Пасля заканчэння школы быў прызваны ў армію. Службу праходзіў ва Украіне ў г. Славута Хмяльніцкай вобласці, – успамінае айцец Аляксандр. – Затым вучыўся ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер – Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт). Працаваў на сваёй малой радзіме – на Карэліччыне. Спачатку інжынерам-энергетыкам у гаспадарцы, потым старшынёй прафкама, а затым кіраўніком ацяпляльнай арганізацыі. Калі жыў у Карэлічах, з’яўляўся прыхаджанінам храма ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Адтуль і пачаў свой шлях уцаркаўлення.


Па шляху пастырства

– Як прынялі рашэнне стаць святаром?

– Не чалавек вырашае мяняць жыццё. Служыць прызывае Гасподзь, – адзначыў айцец Аляксандр.

Бацюшка адгукнуўся на прызыў Бога і ў 1997 годзе паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Падчас вучобы архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый праз свяціцельскае пасвячэнне рукапаклаў семінарыста ў дыякана, а пазней і ў святара. Пасля гэтага айцу Аляксандру было даручана несці пастырскае служэнне ў в. Райца Карэліцкага раёна.

– Першы прыход запомніўся мне людзьмі. Разам з прыхаджанамі аднавілі храм Святой Варвары, дзе захоўваецца часцінка мошчаў вялікамучаніцы. Зрэшты, як і ў нашым храме ў гонар іконы Маці Божай «Неспадзяваная радасць», – паведаміў мой суразмоўца. – У Навагрудку служыць пачынаў яшчэ ў вагончыку непадалёк ад месца, дзе вялося будаўніцтва храма. Калі прыехаў, толькі пачалі закладваць фундамент.


Далей увесь працэс будаўніцтва ажыццяўляўся пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле айца Аляксандра.

– З Божай дапамогай, падтрымкай прыхаджан і неабыякавых людзей праз восем гадоў будаўніцтва было завершана. У 2022 годзе прыход адзначыць свой першы 10-гадовы юбілей, – працягвае размову бацюшка. – Вагончык таксама захавалі, бо гэта ўжо намоленае памяшканне. Абклалі яго цэглай і цяпер выкарыстоўваем для патрэб прыхода.


Пастаянна другога святара ў храме няма. Але па благаславенні архіепіскапа Гурыя айцу Аляксандру пры неабходнасці дапамагае іерэй Дзмітрый Смурага, настаяцель храма ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы в. Поўбераг.

Першы памочнік святара ва ўсіх справах і яго надзейны тыл – матушка Ала.

– Разам мы ўжо 30 гадоў, – дзеліцца айцец Аляксандр. – У нас трое сыноў – Віталій, Аляксандр і Ілья. Яны ўжо дарослыя, але сваіх сямей пакуль не маюць. І так склалася, што ўсе жывуць у Мінску. Дзякуй Богу, у іх усё добра.


З верай…

– Ні адзін прыход не будзе існаваць без прыхаджан. Дзякуй Богу, наш храм ніколі не пустуе, – гаворыць настаяцель. – Рады, што ў храме людзі рознага ўзросту – дзеці, моладзь, дарослыя, пажылыя. Шмат маладых сямей. Многія вернікі з’яўляюцца прыхаджанамі з першых дзён майго служэння, прыходзілі яшчэ ў вагончык. Радасць выклікае і тое, што навагрудчане адказна ставяцца да таінстваў хрышчэння і вянчання, спавядаюцца і прычашчаюцца. Вядома, пандэмія каронавіруса ўнесла свае карэктывы ў жыццё вернікаў і ў храм іх цяпер прыходзіць менш. Мы пастаянна молімся за здароўе людзей і за ўрачоў. Гэта выпрабаванне для кожнага чалавека, але мы верым, што гэты складаны час абавязкова закончыцца.

– Хачу шчыра падзякаваць за падтрымку прыхаджанам, хто без веры не ўяўляе свайго жыцця, клапоціцца аб храме, ахвяруе на яго ўтрыманне, – звяртаецца да вернікаў айцец Аляксандр. – Увесь час, колькі нясу сваё служэнне ў Навагрудку, нашым хорам кіруе В.І. Стрэчань. Яе бацька быў святаром, а сама Валянціна Іванаўна закончыла рэгенцкія курсы. Чалавек яна ўцаркаўлёны і шчыры, заўсёды ў храме і заўсёды побач.


– Пры храме працуе нядзельная школа, выкладчыкам якой з’яўляецца А.М. Золатава. Ала Мікалаеўна мае дар прыцягваць да сябе дзяцей, таму да нас прыходзіць больш за 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. Нездарма ж у народзе кажуць: «Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек упрыгожвае месца», – так лічыць і святар. – Наша нядзельная школа хоць і маладая, але традыцый мае нямала. Напрыклад, віншаванне ўсіх прыхаджан з нагоды Нараджэння Хрыстова і Вялікадня, удзел у справах міласэрнасці, епархіяльных акцыях і інш. Да таго ж юныя і дарослыя прыхаджане нашага храма штогод удзельнічаюць у хрэсным ходзе ў Свята-Елісееўскі манастыр, дапамагаюць яго насельнікам у справах добраўпарадкавання, упрыгожвання з нагоды свят храма, моста, які вядзе ў манастыр, і інш. Лаўрышаўская мясціна – гэта вельмі благадатная зямля, і нам пашчасціла месць у сваім раёне падобнае святое месца. Таксама для дзяцей і дарослых пастаянна ладзім паломніцкія паездкі па Беларусі і Расіі. Прыхаджане ўжо шмат дзе пабывалі, і нашы духоўныя падарожжы абавязкова будуць адноўлены пасля стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі.



Акрамя гарадскога прыхода, айцец Аляксандр духоўна акармляе Кашалеўскі сельскі савет. На яго тэрыторыі ўласнага храма няма, таму на вялікія святы і ў памятныя дні бацюшка ладзіць малебны каля паклонных крыжоў, а ў аграрадку Кашалева каля памятнага знака ў гонар Святога князя Уладзіміра.

– Як для святара, для мяне важна, што жыхары вёсак самі ўзводзяць новыя паклонныя крыжы і сочаць за імі, наводзяць парадак на могілках, – падкрэсліў мой суразмоўца. – Вялікую работу па добраўпарадкаванні праводзіць сельвыканкам і мясцовая гаспадарка. Па магчымасці мы з выхаванцамі старэйшай групы нядзельнай школы таксама дапамагаем. Да слова, толькі пры актыўным удзеле вернікаў сельсавета і мясцовай улады стала магчымым будаўніцтва ў аг. Кашалева памятнага знака з нагоды 700-годдзя Навагрудскай епархіі.


…і любоўю

Ёсць у айца Аляксандра яшчэ адна важная місія – ён з’яўляецца кіраўніком аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Навагрудскай епархіі.

– Дапамагаем тым, каму неабходна падтрымка – адзінокім пажылым людзям, інвалідам, малазабяспечаным, шматдзетным сем’ям. Падтрымліваем дзяржаўныя сацыяльныя ўстановы па ўсёй епархіі (дамы састарэлых і бальніцы сястрынскага догляду, псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты і г.д.), – расказаў святар. – Па меры магчымасці прывозім адзенне, сродкі гігіены, бялізну, прадукты харчавання і іншыя неабходныя рэчы. Штосьці набываем за сродкі, якія ахвяруюць нашы мецэнаты і прадпрыемствы. Многія людзі, якія ўжо ведаюць аб нашай дзейнасці, прыносяць нам адзенне, абутак і розныя тавары хатняга ўжытку. Такую дапамогу аказваем не толькі мы, але і ўсе прыходы епархіі.


– У накірунку духоўна-маральнага выхавання і заахвочвання вучняў за поспехі наш прыход працуе з Навагрудскай спецыяльнай школай-інтэрнатам. Наведваем іншыя школы горада, а таксама ў аг. Кашалева, – дадаў бацюшка. – У гутарках з дзецьмі ў першую чаргу гавару аб любві – сапраўднай і шчырай. Калі яны навучыцца любіць не толькі родных, але і іншых людзей, то вырастуць добрымі, міласэрнымі, працавітымі, удзячнымі…


– Карыстаючыся выпадкам, хачу ўсіх навагрудчан павіншаваць са святам Нараджэння Хрыстова. Жадаю пачуць прызыў Бога да пакаяння і змянення сябе і свайго жыцця да лепшага, – сказаў напрыканцы айцец Аляксандр. – Не важна, які храм наведвае чалавек: той, які бліжэй да дома, знаходзіцца далей ці нават у іншым горадзе альбо вёсцы. Патрэбна толькі ўсведамляць, што вы ідзяце не да святара, а да Бога. Таму самае галоўнае – быць уцаркаўлёным: адкрыць сваю душу Госпаду, убачыць яго вачыма веры, прыняць яго ў сваё жыццё, пачуць яго словы, адказаць на яго любоў. А калі жыць са шчырай верай у сэрцы, то ўсё будзе добра.

Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота аўтара і з сайта Навагрудскай епархіі