Інвестыцыі ў здароўе – доўгатэрміновы ўклад. Як спрацавала сістэма аховы здароўя Навагрудчыны ў мінулую пяцігодку

Інвестыцыі ў здароўе – доўгатэрміновы ўклад. Як спрацавала сістэма аховы здароўя Навагрудчыны ў мінулую пяцігодку

Інвестыцыі ў здароўе – доўгатэрміновы ўклад. Як спрацавала сістэма аховы здароўя Навагрудчыны ў мінулую пяцігодку

04 Сентября 2020 734

Сёння ахова здароўя Рэспублікі Беларусь – гэта чатырохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі з выразна пабудаванай структурай ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Галіна функцыянуе па прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і даступнасці медыцынскай дапамогі. Беларускае заканадаўства гарантуе жыхарам краіны бясплатную медыцынскую дапамогу ў дзяржаўных установах аховы здароўя, забеспячэнне даступнасці лекавых сродкаў, удзел у выбары метадаў аказання медыцынскай дапамогі, выбар урача, а таксама асоб, якім можна паведаміць інфармацыю аб стане здароўя пацыента, і інш.

"Ад здабыткаў да перамог"


Аляксандр Сіліч, галоўны ўрач Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы:

Медыцына заўсёды была і застаецца адной з галін, якія вельмі дынамічна развіваюцца. Прыемна адзначыць, што і сістэма аховы здароўя Навагрудчыны не адстае ад часу. Для таго, каб жыхары раёна мелі магчымасць своечасова атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу, мы пастаянна ўкараняем у сваю дзейнасць новыя метады дыягностыкі і лячэння розных захворванняў. Вялікая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсіх падраздзяленняў бальніцы, набыццю сучаснага абсталявання, інфарматызацыі. Аднак інфармацыйныя тэхналогіі – гэта ўсяго толькі інструмент, які дапамагае вывесці аказанне меддапамогі на новы ўзровень. Значна большае значэнне маюць майстэрства, прафесійныя і чалавечыя якасці медыцынскіх работнікаў. Эпідэміялагічная сітуацыя, з якой нам давялося сутыкнуцца ў гэтым годзе, у чарговы раз даказала: медыкі Навагрудчыны здольныя працаваць нават у самых складаных умовах.



Сістэма аховы здароўя раёна

У Навагрудскай ЦРБ працуе 987 чалавек. З іх – 158 урачоў, у тым ліку 2 інтэрны, 456 чалавек сярэдняга медперсаналу, 223 – малодшага персаналу, 150 – іншага персаналу.

Амбулаторна-паліклінічную дапамогу насельніцтву раёна аказваюць раённая паліклініка магутнасцю 664 наведванні ў змену, дзіцячая паліклініка магутнасцю 200 наведванняў у змену, Любчанская паліклініка магутнасцю 56 наведванняў у змену, 4 амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, Нягневіцкая бальніца сястрынскага догляду (БСД) і 22 ФАПы. Магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў па раёне складае 989 наведванняў у змену.


Стацыянарную дапамогу навагрудчанам аказваюць: цэнтральная раённая бальніца на 298 ложкаў, Любчанская г/п бальніца на 33 ложкі, Нягневіцкая БСД на 25 ложкаў, Любчанская БСД на 25 ложкаў.

Інфекцыйнае, траўматалагічнае аддзяленні, 10 кардыялагічных ложкаў медыцынскай рэабілітацыі кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, цыталагічная лабараторыя, лабараторыя серадыягностыкі інфекцыйных захворванняў з'яўляюцца міжраённымі.


У нагу з часам

Абнаўленне і мадэрнізацыя медыцынскага абсталявання – важная задача сістэмы аховы здароўя раёна, паколькі з'яўляецца адным з вызначальных фактараў у павышэнні ўзроўню аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву.

Так, напрыклад, апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа, які быў набыты ў канцы 2018 года са сродкаў раённага бюджэту, мае больш сучасныя праграмныя і апаратныя рэсурсы. Дакладнасць дыягностыкі стала вышэйшай, а значыць – пацыентам аказваецца больш кваліфікаваная медыцынская дапамога. Выяўленыя на ранніх стадыях змены ў арганізме чалавека, своечасовае іх лячэнне дапамагаюць прадухіліць развіццё сур'ёзных паталогій.


Дзякуючы закупцы медыцынскага абсталявання, у апошнія гады навагрудчанам сталі даступнымі такія сучасныя метады дыягностыкі і лячэння, як аднаполюснае эндапратэзаванне пры пераломах шыйкі сцягна, лячэнне пераломаў костак сістэмай «Інтэрлокінг», «Тэле-ЭКГ», каланаскапія, фібрабронхаскапія, эндаскапічная хірургія, сутачнае манітарыраванне артэрыяльнага ціску і электракардыяграфія, карэкцыя зроку кантактнымі лінзамі, вызначэнне ўзроўню гармонаў шчытападобнай залозы, анкамаркёраў прастаты, ранняя дыягностыка інфаркту міякарда, люмінесцэнтная экспрэс-дыягностыка для пацвярджэння сіфілісу, эндавакулярная кардыёстымуляцыя.


Атрымалі ўніверсальнага доктара

Мінулая пяцігодка ў сістэме аховы здароўя запомніцца нам яшчэ тым, што на змену участковым тэрапеўтам прыйшлі ўніверсальныя дактары – урачы агульнай практыкі.

Да канца года 100% спецыялістаў сістэмы аказання першаснай медыцынскай дапамогі краіны, і нашага раёна ў прыватнасці, будуць працаваць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі. Гэта вызначана Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь».


У адрозненне ад участковага тэрапеўта, урач агульнай практыкі валодае больш шырокімі магчымасцямі для аказання лячэбнай і прафілактычнай дапамогі насельніцтву. Да прыкладу, урач агульнай практыкі можа сам, без накіравання пацыента да афтальмолага, вымераць унутрывочны ціск ці, як лор-урач, паставіць дыягназ і выканаць нескладаную працэдуру. А ў выпадку неабходнасці накіраваць пацыента да ўрача адпаведнай вузкай спецыяльнасці для больш дэталёвай дыягностыкі альбо лячэння.


25 участковых тэрапеўтаў Навагрудчыны (92,7%) прайшлі перападрыхтоўку, у раёне функцыянуе 8 каманд у складзе ўрача агульнай практыкі, памочніка ўрача і ўчастковай медсястры агульнай практыкі.

Кабінеты, у якіх яны працуюць, камп'ютарызаваныя і аснашчаныя. Ёсць неўралагічны малаточак, апараты для вымярэння ўнутрывочнага ціску, атаскоп для агляду вуха, пікфлуометр для ацэнкі функцыі дыхання, глюкометр для экспрэс-дыягностыкі ўзроўню цукру ў крыві і інш.


Лічбавая трансфармацыя

Інфарматызацыя  – прыярытэт галіны ў апошнія гады. Поўнае завяршэнне інфарматызацыі ўстаноў аховы здароўя краіны дазволіць павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння медработнікаў з насельніцтвам, наладзіць зваротную сувязь з пацыентамі і знізіць чэргі ў паліклініках.

У сучасны момант у Навагрудскай ЦРБ інфарматызавана ўсё амбулаторна-паліклінічнае звяно: працуе электронная рэгістратура, у кожнага пацыента ёсць электронная амбулаторная карта. На прыёме ўрач, увёўшы прозвішча пацыента, адразу бачыць, якія лабараторныя і інструментальныя даследаванні праводзіліся, якая выкарыстоўвалася методыка лячэння, якія лекі прызначаліся раней, калі выдаваліся бальнічныя лісты і інш. Функцыя «выпіска з амбулаторнай карты» – значная эканомія сродкаў. Доктару больш не трэба марнаваць час на пошук інфармацыі і яе перапісванне. А электронны рэцэпт дазваляе атрымаць у аптэцы выпісаныя лекі нават не маючы на руках папяровага рэцэпта.


У 2015 годзе на інфарматызацыю Навагрудскай ЦРБ было затрачана 79,7 млн бел. руб., у 2016 годзе – 24509,2 бел. руб., у 2017 годзе – 22117,93 бел. руб., у 2018 годзе – 49155,3 бел. руб., у 2019 годзе – 31375,5 бел. руб.

У бліжэйшыя два гады будзе завершана інфарматызацыя стацыянара. Да слова, ужо інфарматызаваны прыёмныя пакоі і закуплены камп'ютары для часткі стацыянарных падраз­дзяленняў. У 2022 годзе ў кожнага навагрудчаніна будзе электронная гісторыя хваробы, якая разам з амбулаторнай картай складзе электронны пашпарт пацыента.

У рамках праекта таксама плануецца стварыць і асабісты кабінет пацыента, дзе можна будзе запісацца на прыём да ўрача або адмяніць запіс, выклікаць доктара на дом, атрымаць выпіску з медыцынскіх дакументаў. У асабістым кабінеце яшчэ можна будзе прагледзець вынікі здадзеных аналізаў, атрымаць напамін аб прышчэпках, якія неабходна зрабіць, і электронны рэцэпт без наведвання паліклінікі.


«Зялёная» сістэма гарачага водазабеспячэння

У 2019 годзе ў рамках рэалізацыі праекта «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» на тэрыторыі Навагрудскай ЦРБ былі ўстаноўлены цеплавыя калектары, цеплавыя помпы і дапаможнае абсталяванне.


Будаўніцтва пілотнага праекта па рэканструкцыі сістэмы гарачага водазабеспячэння для Навагрудскай раённай бальніцы дапамагае кругласутачна забяспечваць гарачым водазабеспячэннем радзільнае, рэанімацыйнае аддзяленні бальніцы і аперацыйны блок.

Падчас сонечных дзён для падагрэву вады працуюць сонечныя калектары, пры пахмурным надвор'і да іх далучаюцца цеплавыя помпы «паветра-паветра». Усяго на тэрыторыі бальніцы ўстаноўлена 40 калектараў па 3 кВт кожны і дзве цеплавыя помпы па 18 кВт, агульная магутнасць якіх – больш чым 150 кВт. Праект дазваляе эканоміць 50 тон умоўнага паліва за год, а гэта больш чым 20 тысяч рублёў.

Падчас другога этапа праекта былі ўстаноўлены 45 фотаэлектрычных панэляў (ФЭП) магутнасцю 35-45 кВт па выпрацоўцы электраэнергіі для функцыянавання цеплавых помпаў.

Укараненне праекта таксама спрыяе зніжэнню выкідаў парніковых газаў, што падкрэслівае яго важны экалагічны складнік.


А як выконваюцца стандарты?

Асаблівае значэнне ў Рэспубліцы Беларусь сёння надаецца абароне сацыяльных інтарэсаў кожнага чалавека. Яе рэалізацыю і маніторынг ажыццяўляюць сацыяльныя стандарты. Ёсць сацыяльныя стандарты і ў сферы аховы здароўя. А як яны выконваюцца ў нашым раёне? (па выніках 2019 г.)

Бюджэтная забяспечанасць расходаў на ахову здароўя на 1 жыхара

Норма – 327,55 бел. руб. у год

Фактычна – 347,69 бел. руб. (106,15%)

Забяспечанасць урачамі першаснага звяна

Норма – 1 урач на 1300 жыхароў

Фактычна – 1 урач на 1176 жыхароў;


Забяспечанасць ложкамі

Норма – 9 ложкаў на 1000 жыхароў

Фактычна – 7,5 ложкаў на 1000 жыхароў (без уліку ложкаў БСД і пралечаных у гарадскіх медыцынскіх установах г. Гродна і абласных медустановах);


Забяспечанасць аптэкамі

Норма – 1 аптэка на 8000 жыхароў

Фактычна – 1 аптэка на 4439 жыхароў;

Забяспечанасць брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі

Норма – 1 брыгада на 12000 жыхароў

Фактычна – 1 брыгада на 11096 жыхароў.


Будоўля і рамонты

2015 год:

рамонтныя работы па мадэрнізацыі стацыянара Любчанскай г/п бальніцы;

рамонтныя работы па замене каналізацыі і вода­забеспячэння ў раённай паліклініцы, а таксама мадэрнізацыі харчблока;

Вераскоўскі ФАП пераведзены ў новы будынак (май).

2016 год:

скончаны рамонтныя работы па мадэрнізацыі Любчанскай г/п бальніцы;

рамонт даху ў Любчанскай паліклініцы і бягучы рамонт рэнтгенкабінета раённай паліклінікі.


2017 год:

рамонтныя работы 3 паверха будынка раённай паліклінікі;

замена газавага катла ў будынку лабараторыі серадыягностыкі інфекцыйных захворванняў і цвёрдапаліўнага катла ва Уселюбскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі;

бягучы рамонт і ўстаноўка блокаў з ПВХ, у тым ліку ў будынку тэрапеўтычнага корпуса бальніцы і ў рэгістратуры паліклінікі.

2018 год:

рамонтныя работы 2 паверха раённай паліклінікі;

20 ліпеня ўведзены ў строй аб'ект «Рэканструкцыя сістэмы гарачага водазабеспячэння Навагрудскай ЦРБ з выкарыстаннем энергіі сонца».


2019 год:

рамонт першага паверха раённай паліклінікі, рэанімацыйнага аддзялення ЦРБ;

устаноўка шклопакетаў (14 шт.) на 1 паверсе тэрапеўтычнага корпуса;

устаноўлка аўтаномнай пажарнай сігналізацыі ў хірургічным корпусе і ў аддзяленні анастэзіялогіі і рэанімацыі,

праектныя работы па рэканструкцыі памяшканняў 1-га паверха хірургічнага корпуса для ўстаноўкі камп'ютарнага тамографа;

устаноўка новай сантэхнікі і электрыкі ў аптэцы раённай бальніцы і пластыкавых дзвярэй на харчблоку, рамонт вестыбюля тэрапеўтычнага корпуса раённай бальніцы.


2020 год:

бягучы рамонт фасада паліклінікі Любчанскай г/п бальніцы;

падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на замену 2 ліфтаў, капітальны рамонт даху стаматалагічнай паліклінікі і мадэрнізацыю участка цеплавой сеткі Нягневіцкай  БСД;

вядзецца рэканструкцыя часткі памяшканняў 1-га паверха хірургічнага корпуса для ўстаноўкі КТ.

Падрыхтавала Таццяна Сазановіч, «НЖ»