Імя ў спісе памяці

Імя ў спісе памяці

09 Августа 2018 546

Гісторыя народа складаецца з лёсаў людзей, гісторыі кожнай асобна ўзятай сям’і. Адшукаць свае карані, свае вытокі, убачыць месца, дзе нарадзіліся продкі, – запаветная мара амаль кожнай яўрэйскай сям’і, якая перажыла Халакост. Народ, які  прайшоў праз знішчэнні і выгнанні, сёння адраджае сваю гісторыю, вучыць маладое пакаленне самаму галоўнаму – помніць. Помніць пра смерць і пакуты, пра вялікае імкненне да свабоды тысяч яўрэяў, якія выстаялі ў крывавыя гады Вялікай Айчыннай.

 Дарогі жыцця…. Цікавыя, непрадказальныя, часам цяжкія, а часам шчаслівыя. Пра тое, што аднойчы адна з такіх дарог прывядзе ў Навагрудак жыхароў далёкіх Ізраіля і Амерыкі, яны, напэўна, не ведалі. Аднак у сем’ях стрыечных братоў Дэвіда і Мэла Зільберклангаў заўсёды захоўвалася памяць пра тое, што карані іх там, у далёкім і малавядомым Дзятлаве.

І вось летам гэтага года мара ўба­чыць радзіму сваіх продкаў здзейснілася. У ліпені яны разам з іншымі роднымі прыехалі ў Беларусь. Наша сустрэча адбылася ў Музеі яўрэйскага супраціўлення. Куратар музея Тамара Вяршыцкая расказвала аб трагічным лёсе вязняў навагрудскага гета, аб тых, хто ажыццявіў уцёкі з гета, выжыў і аднойчы вярнуўся ў Навагрудак. Пажылыя людзі і зусім маладыя юнакі і дзяўчаты ўважліва, крыху схіліўшы галовы, слухалі. Расстрэлы і катаванні, нечалавечыя ўмовы – перад імі паўставалі жудасныя карціны пакут і болю суродзічаў.  

IMG_2645 

– Нам заўсёды вельмі хацелася пабываць на зямлі, дзе да вайны жылі нашы родныя, – расказаў пасля экскурсіі па музеі Дэвід Зільберкланг. –  Нашай вялікай сям’ёй: мой стрыечны брат, нашы дзеці, стрыечныя сёстры, родныя – мы прыехалі на радзіму продкаў. Мая маці родам з Дзятлава, і нам хочацца пабываць у нашым родным горадзе, наведаць партызанскія мясціны ў Налібоцкай пушчы. Не маглі не прыехаць і ў Навагрудак, дзе да вайны жыло шмат яўрэйскіх сем’яў. Наш дзядзька вучыўся ў іешыве ў Міры, стрыечны прадзядуля ў іешыве ў Слоніме. Мая мама да вайны вучылася ў школе Тарбут. Калі ёй было ўжо шэсцьдзясят гадоў, а я быў падлеткам, яна на памяць чытала творы яўрэйскага паэта Хаіма Нахмана Бяліка, які вучыўся ў іешыве ў Валожыне, але не стаў рабінам, а стаў паэтам. І чытала па-польску на памяць усяго «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Шмат яўрэяў з Дзятлава былі ў навагрудскім гета. Сярод тых, хто змог выратавацца праз тунэль з гета, былі і нашы сваякі. Так што з гэтымі мясцінамі нас многае звязвае.

IMG_2633

У тым, што сувязі, сапраўды, цесныя, госці ўпэўніліся. Амаль адразу, як толькі ўвайшлі ў музей, яны сталі ўважліва чы­таць прозвішчы вязняў гета. І на сцяне памяці ў музеі ў Навагрудку Дэвід Зільберкланг адшукаў роднае прозвішча – Белавус. Такое прозвішча было і ў яго прабабулі.

 – Мая прабабуля родам з вёскі Марозавічы, што ў Дзятлаўскім раёне, – працягвае дзяліцца гісторыяй сваёй сям’і Дэвід. – І ўсе яўрэі, якія жылі тут і мелі  прозвішча Белавус, вядома, мелі сваяцкія сувязі. А мая маці да замужжа мела прозвішча Сэндэроўская. Разам з бабуляй яна была ў партызанскім атрадзе Бельскага. Як і большасць яўрэяў, падчас акупацыі яны апынуліся ў дзятлаўскім гета. Але, на шчасце, змаглі ўцячы.

IMG_2668 

– Маці расказвала, што пасля ўцёкаў з гета яны доўга блукалі па лесе. І аднойчы прыйшлі да жанчыны, якую ўсе клікалі Галінкай. Прозвішча яе ніхто не ведаў. Жанчына паабяцала, што хутка прыйдуць партызаны і яна пераправіць іх у лес. Калі ж партызаны прыйшлі, маці са здзіўленнем убачыла, што камандзірам групы з’яўляецца Юдэль Левін. Яна спытала: «Што ты тут робіш?» «А ты, Рыўка, што тут робіш?» – здзівіўся ў адказ Юдэль. Яны былі сваякамі і добра ведалі адзін аднаго. Вось такая неверагодная адбылася гісторыя. А бабуля была ўжо даволі сталага ўзросту і, вядома, ніякага ўкладу ў барацьбу не ўносіла, але два гады была разам з партызанамі ў лесе.

IMG_2647

У Ізраілі Дэвід Зільберкланг працуе ў «Яд Вашэм» – мемарыяльным комплексе Катастрофы і гераізму яўрэйскага народа. Ён упэўнены: каб трагедыя, якая адбылася з яўрэйскім народам, не паўтарылася, трэба адно – ведаць і помніць. Сённяшняму пакаленню, моладзі неабходна расказваць аб Халакосце, аб жудасных злачынствах супраць чалавецтва, аб мільёнах загінулых.

IMG_2638

***

«Яд Вашэм» беражліва захоўвае памяць аб Халакосце і з’яўляецца сусветна вядомым цэнтрам ушанавання і вывучэння трагедыі. Архіў «Яд Вашэм» сёння – гэта самы вялікі ў свеце збор дакументаў аб Халакосце. 125 мільёнаў старонак сапраўдных дакументаў, фільмаў, 420000 фотаздымкаў і больш за 100000 сведчанняў з’яўляюцца неабвержаным доказам генацыду і злачынстваў супраць чалавецтва, учыненых нацыстамі і іх памагатымі. Бібліятэка «Яд Вашэм» – найбуйнейшая ў свеце па тэме Халакосту, яна налічвае больш за 112000 выданняў на 50 мовах. У яе сховішчах маецца каля 4 000 газет і перыядычных выданняў, многія з якіх выйшлі ў свет падчас Халакосту.

***

IMG_2659

– Калі я ўбачыў на сцяне музея прозвішча Менахім Сэндэроўскі, не мог стрымаць хвалявання, – падзяліўся Мэл Зільберкланг. –  Мяне таксама клічуць Менахім, Мэл – гэта па-амерыканску. Наш продак Менахім Сэндэроўскі заснаваў публічную бібліятэку ў Дзятлаве ў пачатку XX стагоддзя. Акрамя таго, ён стаяў ля вытокаў сіянісцкага руху ў горадзе. Мая маці, як і многія, была вязнем дзятлаўскага гета. Ёй пашчасціла, яна змагла збегчы ў лес і была ў партызанскім атрадзе. Выратавацца ёй дапамагла сям’я з Польшчы, якая потым пераехала ў Францыю. Адшукаць іх пакуль не атрымалася. Вельмі хацелася б сустрэцца з гэтай сям’ёй і падзякаваць ім. Адзінае, што мы ведаем, гэта імя – Болек Жукель. 

IMG_2688 IMG_2608

На жаль, трагічныя падзеі гісторыі прымушалі многіх людзей, і не толькі яўрэяў, пакідаць сваю радзіму і эмігрыраваць у іншыя краіны. Сёння прыйшоў час аднаўляць страчаныя сувязі.

Алена Ганцэвіч, "НЖ"

Варта пачытаць:

Навардок: час надзей і спадзяванняў

Гады пакут і выпрабаванняў

Страх і боль застаюцца ў сэрцы