Дарога вайны і міру Івана Паўлавіча Грыня

Дарога вайны і міру Івана Паўлавіча Грыня

09 марта 2020 3214
75 гадоў прайшло з таго часу, калі наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сучасныя людзі не чулі жудасных гукаў узрываў, не адчувалі паху пораху і дыму ад снарадаў, не мелі страху перад заўтрашнім днём… Гэта ўсё ў мінулым. Мы жывём у мірны час. У нас іншыя турботы і справы.  І толькі франтавыя фотаальбомы дзядоў і прадзедаў нагадваюць пра тыя жудасныя часы Вялікай Айчыннай вайны.   Для Івана Паўлавіча Грыня вайна пачалася так, як і для многіх жыхароў заходніх раёнаў… Цішыню летняй раніцы парушыў гул варожых самалётаў, якія ляцелі на ўсход. Камсамольцаў вёскі Навіны тэрмінова сабралі ў сельсавет. Далі першае баявое заданне – неадкладна ўручыць павесткі аб прызыве ў дзеючую армію ваеннаабавязаным. Іван збіваўся з ног, ён бегаў з хутара на хутар, з вёскі ў веску, а праз тры дні яму сказалі: «Немцы ідуць… трэба адступаць…». Іван пагутарыў з адным, другім камсамольцам – і баявая сямёрка рушыла на ўсход. …Такое радаснае было жыццё, такі прастор для моладзі – а тут пажары, разбурэнні, забойствы… Сціснуўшы зубы, юнак крочыў на ўсход. Па дарозе не раз бачыў, як чорныя самалёты з фашысцкай свастыкай скідвалі бомбы на бежанцаў, на навакольныя вёскі. Хутчэй бы атрымаць вінтоўку, уліцца ў рады воінаў, каб знішчыць забойцаў. Але такая справа для Івана Паўлавіча выпала толькі глыбокай восенню 1941 года. Калі юнаку паведамілі, у якую часць яго залічылі, сэрца моцна зашчымела. Сапёр, мінёр… Тут трэба вінтоўка, кулямет, каб касіць праклятых ворагаў… Але адзін пажылы салдат супакоіў хлопца: «Не хвалюйся, браце. Убачыш такое, што ўсё жыццё будзеш памятаць…». 1_2 Хутка фронт. Немцы далёка прасунуліся на ўсход, але пагналі іх ад Масквы, актывізавалася наступленне, і больш на поўдзень. Вось тут і пачаліся першыя баявыя будні для Івана Грыня. Уласна кажучы, не будні, а перш за ўсё – начныя дзеянні. Для наступаючых войскаў трэба было ачышчаць праходы ад мін. Калі надыходзіў змрок, ціха крадучыся, на нейтральную паласу паўзлі сапёры, яны выяўлялі і абясшкоджвалі міны, каб даць дарогу танкам і пяхоце. Быў у Івана Грыня такі момант, калі жыццё вісела на валаску… Ішоў ён па снезе і наступіў на скакучую міну, якая падскочыла вышэй галавы і разарвалася. Цяжка растлумачыць, як застаўся чалавек жывы… Лёс… Ні днём, ні ноччу салдаты не ведалі адпачынку. Вызвалілі горад Бранск, а далей пайшла родная Беларусь. Добруш, Рэчыца, Калінкавічы, а потым украінскія гарады Оўруч, Сарны, Ковель і першы польскі горад Хэлм. Некалькі разоў быў ранены, але не прасіўся юнак у шпіталь. Адляжаўся ў санітарнай часці – і зноў на пярэдні край, у бой… 1_3 У 1944 годзе Івана Паўлавіча прынялі ў рады партыі. Пайшла польская зямля. Руіны і руіны… Сяржант бачыў босых, галодных дзяцей, вымаў з зашмальцаванай торбы апошнія кавалкі цукру і аддаваў ім… Баі на Вісле. Невялікі плацдарм ля Казімежа. Немцы вось-вось гатовы спіхнуць пехацінцаў у раку. Але зрабілі сваю справу сапёры. Яны густа расставілі міны, крок –  і фашысту смерць… У абароне стаялі паўгода – а пасля пайшлі ў наступленне. І на гэты раз шмат было работы ў сапёраў, яны не толькі знялі свае міны, але зрабілі праходы на нейтральнай паласе. І так да самага Берліна, а пасля да Эльбы. Грудзі воіна ўпрыгожвалі два ордэны Чырвонай Зоркі, два ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, дванаццаць медалёў. Пасля вайны сапёрна-інжынерны батальён, у якім служыў Іван Паўлавіч Грынь, перакінулі на Каўказ. Тут ён пакахаў Ганну Іванаўну, якая агітавала застацца на Каўказе, але Івана цягнулі родныя мясціны, родныя Лаўцы. Пасля вайны з маладой энергіяй узяўся Іван Паўлавіч за аднаўленне народнай гаспадаркі на малой ра­дзіме. Былы воін і ў працы такі ж, як у баі. Працаваў на цагельным заводзе ў в. Крываногава, старшынёй Налібацкага сельскага савета, старшынёй Пятрэвіцкага сельскага савета, затым на розных пасадах у калгасе  імя Маякоўскага (быў першым старшынёй). У 1969 г. быў выбраны дэлегатам на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў у Маскве. 1_4 1_5 У 1999 г. сэрца Івана Паўлавіча перастала біцца. Пахаваны на Лаўцоўскіх могілках. Але людзі жывуць, пакуль памяць жыве аб іх… У падрыхтоўцы матэрыялу дапамогу аказалі праўнукі Івана Паўлавіча Грыня Павел і Паліна Мантуш.   Наталля Юшкевіч, бібліятэкар Пятрэвіцкага д/с-СШ. Фота з уласнага альбома І.П. Грыня Стоит почитать: Участники учебной бизнес-компании «ДАР» вышли на улицы Новогрудка с пиар-акцией «Яблоневый цвет - цветок Победы» 75 добрых дел для Новогрудчины. В деревне Черешля благоустроили партизанскую стоянку