Аляксандр Сямёнавіч Дударэвіч. Партызанскі сувязны, пехацінец і артылерыст

Аляксандр Сямёнавіч Дударэвіч. Партызанскі сувязны, пехацінец і артылерыст

26 февраля 2020 2266

Кожны чалавек, на долю якога выпаў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, перажыў сваю асабістую драму. Не абышла вайна і сям’ю Аляксандра Сямёнавіча Дударэвіча з вёскі Бенін.

DSC07614.jpg

– Успамінаць пра падзеі таго часу вельмі цяжка, – гаворыць Аляксандр Сямёнавіч. – Цяпер вось глядзіш на дзяцей, унукаў, праўнукаў і думаеш: як добра, што яны ніколі не ўбачаць гэтага жаху. Яны жывуць пад мірным небам, атрымліваюць адукацыю, мараць. Яны шчаслівыя, а мы шчаслівыя за іх. Ці не гэта самае галоўнае сёння? А што вайна? Вайна прыйшла на парог кожнага дома. Гэта была агульная бяда народа, вялікае гора, асірацелыя дзеці, голад, пастаянны страх за сваё жыццё і жыццё блізкіх. Жадаю нікому гэтага не ведаць ніколі.

Дедушка в форме (гвардии старший сержант Александр Семёнович Дударевич).jpg

Мне было 16 гадоў, калі пачалася вайна. Праз год, у верасні 1942 года, мяне ў прымусовым парадку немцы хацелі вывезці ў Германію. Разам са мной з нашай вёскі было выбрана яшчэ шэсць чалавек. На чыгуначнай станцыі ў Наваельні нас пагрузілі ў вагоны для перавозкі жывёлы, аднак я заўважыў, што некалькі дошак у падлозе прагніло і дрэнна трымаюцца. Разам з сябрамі мы праламалі падлогу і прама на хаду выскаквалі з цягніка. Аднак гэта заўважылі немцы, затармазілі цягнік і сталі страляць з кулямёта і вінтовак, пусцілі за намі аўчарак. Застацца ўжывых удалося не ўсім, многія загінулі. Усяго нас засталося 9 чалавек, тых, хто не трапіў пад нямецкія кулі. Хаваліся доўгі час у лесе, прыйшлі дадому. У нашай вёсцы быў стараста – добры чалавек, не здраднік. Ён не выдаў нас, а дапамог нам звязацца з партызанскім атрадам, што быў арганізаваны ў в. Чарэшлі. Так мы з сябрамі сталі партызанскімі сувязнымі. Нямецкая камендатура знаходзілася ў в. Вераскаве. Кожны дзень мы, рызыкуючы жыццём, здабывалі для партызан неабходныя звесткі, насілі ў атрад прадукты, бінты, медыкаменты. Мне, каб легальна знаходзіцца ў Вераскаве і здабываць звесткі пра акупантаў, прыйшлося спаліць свае дакументы і пасяліцца ў знаёмых пад выглядам далёкага сваяка. А каб немцы зноў не вывезлі  мяне на работы ў Германію, мясцовы стараста запісаў мяне на два гады маладзейшым.

А вось мой старэйшы брат Сямён быў вывезены ў канцлагер Дахау. Яго і некалькі аднавяскоўцаў забралі прама з-за стала на вясковым вяселлі. У канцлагеры ў яго сталі адказваць ногі і печань. Так яго пачала даглядаць дзяўчына Ніна, таксама беларуска. Калі вязняў канцлагера вызвалілі саюзнікі, Сямён трапіў у нямецкі палявы шпіталь, дзе яму прапанавалі лячэнне ў ЗША. У той час з Амерыкі вярнуцца было няпроста на Радзіму. Так Сямён з Нінай і іх сям’я і сёння жывуць у ЗША. На Радзіму, на магілы бацькоў, яны прыехалі толькі ў 1992 годзе.

DSC07557 (1).JPG

У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі я вярнуўся ў родную вёску, да бацькі, якога ўдалося мне за гэты час бачыць употай толькі  адзін раз.

У лютым 1945 года мяне прызвалі ў рады Савецкай арміі. Служыць я трапіў у пяхоту. Першым месцам маёй службы быў Гарахавецкі вучэбны цэнтр, – далей успамінае Аляксандр Сямёнавіч. – Мы імкнуліся хутчэй трапіць на фронт, змагацца з ворагам, а не вучыцца страявой, будаваць казармы. Ведаеце, за 7-10 км насілі на сабе бярвенні для будоўлі.

Пасля заканчэння «вучэбкі» мяне размеркавалі ў 30-ю Чырванасцяжную ордэна Кутузава 3-й ступені гвардзейскую брыгаду рэактыўнай артылерыі. Ужо не ведаю, чым я, пехацінец, прыглянуўся тады  афіцэрам-артылерыстам, якія набіралі папаўненне для сваёй брыгады.

У кастрычніку 1945 года нашу часць перавялі ў Балгарыю на албанскую мяжу для аказання дапамогі балгарскай арміі ў ліквідацыі банд, так званых «гаран». Ваяваць нам давялося ў Радопскіх гарах, а таксама ў раёне гарадоў Пешцера і Плоўдзіва. Дзейнічалі мы так: разведчыкі пры дапамозе мясцовага насельніцтва здабывалі звесткі пра размяшчэнне банд, а тады мы ўжо наносілі ўдар сваімі «кацюшамі» па іх укрыцці, а завяршала аперацыю пяхота балгарскай народнай арміі.

Вельмі запомнілася ветлівасць і гасціннасць балгараў. Яны нас ласкава называлі братушкамі.

IMG_1014.JPG

У ліпені 1947 года нашу брыгаду з Балгарыі перавялі служыць на Каўказ, у Азербайджан (горад Шамхор). Там нам далі невялікі перадых ад баявых дзеянняў. Хоць адпачынкам гэта складана назваць – мы зноў з нуля ўладкоўваліся на новым месцы, будавалі сабе казармы, ваенны гарадок. Ужо ў маі 1949 года нашу часць зноў перавялі на новае месца дыслакацыі. На гэты раз у Дагестан – горад Махачкалу для барацьбы з бандамі. Тактыка была падобная той, што мы выкарыстоўвалі ў Балгарыі – і зноў пры падтрымцы пяхоты выкурвалі іх з пячор.

Там жа, у Махачкале, мяне адправілі вучыцца на сяржанта, камандзіра аддзялення ў акруговую школу малодшых камандзіраў, якую праз паўгода я паспяхова скончыў.

Дэмабілізаваны старшы сяржант Аляксандр Сямёнавіч Дударэвіч у маі 1951 года. Перад дэмабілізацыяй яму, у той час ужо старшыні батарэі, прапаноўвалі застацца на звыштэрміновую службу або паступіць экстэрнам ў ваенна-палітычнае вучылішча. Аднак ён вырашыў усё ж вярнуцца да таты, у родную вёску Бенін. Дапамагаў бацьку па гаспадарцы і вучыўся ў Навагрудскім ПТВ на камбайнера-трактарыста. Пазней закончыў і сельскагаспадарчы тэхнікум. Прысвяціў сваё жыццё Аляксандр Сямёнавіч працы ў роднай гаспадарцы, на той час калгасе «Новы шлях». Адразу быў камбайнерам, паляводам, потым аграномам, брыгадзірам будаўнічай брыгады. Прызнаецца, што большасць будынкаў роднай вёскі пабудавана у прыватнасці і яго рукамі.

DSC00977.jpg

У роднай вёсцы Аляксандр Сямёнавіч сустрэў прыгожую маладую настаўніцу Варвару. Хутка пажаніліся, і ў сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей. Сёння ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ветэрана працы ўжо восем унукаў і восем праўнукаў. Ганарыцца дзядуля сваімі ўсімі ўнукамі, але больш за ўсё рады таму, што двое з іх – Руслан і Дзмітрый – выбралі прафесію ваеннага.

Гады, здароўе бяруць сваё. Аляксандру Сямёнавічу 94, але выпраўка чалавека вайсковага дае аб сабе знаць. Глядзіш на ветэрана – і мімаволі цягнешся ў струнку, каб адпавядаць, каб хоць трошкі быць падобным да салдата Перамогі, духоўна багатага, мужнага, мудрага...

Вольга Пісар, "НЖ"