Адна на ўсіх – памяць…

Адна на ўсіх – памяць…

06 марта 2020 3578
З кожным годам усё менш становіцца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – тых, хто ваяваў на фронце і ў партызанскім атрадзе, працаваў дзеля перамогі ў тыле. Але жывыя яшчэ іншыя сведкі вайны, якія ў тыя гады былі дзецьмі.

 – Нашы падапечныя часта ўспамінаюць мінулае, – гаворыць загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна» Галіна Шэйна. – Праз жыццё некаторых з іх прайшла вайна. У той час яны былі яшчэ малымі, але дзеці ў гады Вялікай Айчыннай вайны рана станавіліся дарослымі... ГайкоНадзея Сямёнаўна Гайко родам з вёскі Гнесічы. Там прайшлі дзяцінства, юнацтва, сталасць. Цяпер ёй 96 гадоў, і многае сцерлася з памяці. А вось вайна, як самы цяжкі перыяд жыцця, помніцца, нягле­дзечы на ўзрост. – Над вёскай нізка праляцелі самалёты. Можна было разглядзець чорныя крыжы на крылах, – расказвае яна. – Было вельмі страшна, але і цікава: куды ляцяць і што будзе далей? Адзін самалёт упаў на лузе за вёскай. Можа, па ім нехта страляў? Не памятаю… Надзея Сямёнаўна гаворыць, што ў Гнесічах немцаў не было. А вось партызаны вёску не абміналі. Адзін з яе аднавяскоўцаў таксама знахо­дзіўся ў партызанскім атрадзе. – Цяжка было і ў вайну, і пасля вайны, – успамінае жанчына. – Наш дом згарэў, будавалі новы. Прадуктаў не хапала. Але я ўжо была дарослай і магла дапамагаць бацькам. Я да вайны закончыла 5 класаў, лічылася граматнай, і мяне ўзялі на працу на лесанарыхтоўкі – прымаць лес. З будучым мужам Надзея Сямёнаўна пазнаёмілася на вяселлі. – Франтавік, прыгожы, – уздыхае яна. – Вось толькі пражыць разам нам давялося ўсяго 5 гадоў. Муж памёр маладым: сказаліся атрыманыя на вайне раненні. Я засталася адна з маленькай дачушкай на руках. Шмат працавала і за сябе, і за мужа. Увесь час у калгасе.   Гаврилко– Калі пачалася вайна, мне споўнілася ўсяго 4 гады. Што я магла разумець? – уздыхае Любоў Гаўрылаўна Гаўрылка. Успаміны пра ваенны час у яе абрывачныя: як гулі самалёты, узрываліся бомбы і як іх, малых, маці хавала за печкай. – Наша сям’я жыла ў Пятрэвічах, – расказвае жанчына. – Навокал лясы, там былі партызаны, якія, канешне ж, наведваліся ў вёску. А ў Асмолаве размяшчаліся немцы. Яны жорстка распраўляліся з мясцовымі жыхарамі, якія дапамагалі партызанам. За сувязь з народнымі мсціўцамі спалілі хату майго аднавяс­коўца Канстанціна Шапеля. Яна расказвае, што ў сям’і было чацвёра дзяцей. Старэйшы брат Яўгеній у час вайны быў вывезены ў тыл – працаваў у Горкаўскай вобласці, у Сібіры. Пасля вайны служыў у арміі. – Памятаю, ужо напрыканцы вайны да нас у хату прыйшлі двое партызан, папрасілі паесці, – працягвае Любоў Гаўрылаўна. – Ніякай яды не было, дык мама наварыла гароху і насыпала ім у шапкі. А тут наляцелі немцы. Аднаму партызану ўдалося ўцячы, а другога застрэлілі. Ён да вечара праляжаў у лагчыне. Як сцямнела, партызаны яго пахавалі на ўскрайку лесу. Мы, малыя, як хадзілі ў лес, заўсёды падыходзілі да магілкі. Потым, ужо ў мірны час, партызана перазахавалі ў іншае месца. Як яго звалі, не ведаю.   Грембал– Наша сям’я – мама, тата і сямёра дзяцей – жыла на хутары каля вёскі Кабыльнікі (цяпер Клёны – рэд.), – уключаецца ў размову Вера Мікалаеўна Грэмбал. – У 1941 годзе мне было 6 гадоў, і вайна не столькі палохала, колькі цікавіла. Мы, вясковыя дзеці, асабліва дзівіліся з нямецкай тэхнікі. Магчыма, таму некаторыя фрагменты запомнілася ярка. – Відаць, гэта было ў пачатку вайны. На наш хутар прыйшоў мужчына. Гаварыў па-руску, але дарослыя ведалі: ён ад немцаў. Мужчына паведаміў, што хутка сюды прыляціць самалёт, і дадаў: «Калі мяне тут заб’юць, хутар зруй­нуюць разам з жыхарамі», – расказвае яна. – Нямецкі самалёт, і праўда, прыляцеў, прызямліўся на ўзгорку непадалёку. Пра гэта, мусіць, нехта расказаў партызанам, бо пачалася перастрэлка. Некалькі куль трапілі нават у наш дом. Было вельмі страшна. У гэты ж дзень гарэлі дамы ў Ятры, Заполлі… – Наступны раз, – расказвае Вера Мікалаеўна, – немцы з’явіліся на хутары на дзвюх аўтамашынах. Ехалі з боку Кабыльнікаў. Машыны заехалі прама ў наш двор. Мы схаваліся ў склепе, але нямецкі салдат зазірнуў у склеп і паказаў, каб выходзілі. Немцы зайшлі ў дом, у гаспадарчыя пабудовы, агледзелі дамашнюю жывёлу, але нічога не забралі. Потым прыехала палявая кухня. Запомнілася, як немец браў з калодзежа ваду і мыў рукі кавалачкам чырвонага мыла. Мы такога мыла тады не бачылі… А на другі дзень атрад карнікаў, які праходзіў міма хутара, забраў каня з павозкай. – У вёсцы без каня – якая работа? – скардзіцца жанчына. – Добра, што хоць карову пакінулі… Слова «вайна» ў яе асацыіравалася са страхам і моцным пачуццём голаду: есці хацелася ўвесь час. – Жыццё ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны было цяжкім для ўсіх: і для салдат, і для мірных жыхароў, – адзначае Галіна Шэйна. – Людзі, якія прайшлі праз выпрабаванне вайной, назаўсёды захавалі ў памяці той перыяд. І адносіны да жыцця ў іх асаблівыя. Яны разу­меюць важнасць і каштоўнасць кожнай хвіліны і ўмеюць цаніць і шанаваць мір. Памяць, клопат і павага – гэта тое нямногае, чым мы можам аддзячыць людзям ваеннага пакалення… Вольга Навагран, «НЖ» Варта пачытаць: Дарога сумлення Пятра Мазуры Дарога вайны і міру Івана Паўлавіча Грыня