Расказваем, як пачалася новая пяцігодка, дзе шукаць рэзервы для стабільнага функцыянавання эканомікі і забеспячэння дастойнага жыцця навагрудчан

Расказваем, як пачалася новая пяцігодка, дзе шукаць рэзервы для стабільнага функцыянавання эканомікі і забеспячэння дастойнага жыцця навагрудчан

Расказваем, як пачалася новая пяцігодка, дзе шукаць рэзервы для стабільнага функцыянавання эканомікі і забеспячэння дастойнага жыцця навагрудчан

04 Апреля 2021 338

У бягучы год мы ўступілі з сур’ёзнай праблемай 2020 года – каронавірусам, які закрануў усе сферы жыццядзейнасці. Як пачалася новая пяцігодка, дзе шукаць рэзервы для стабільнага функцыянавання эканомікі і забеспячэння дастойнага жыцця жыхароў раёна – аб гэтым і многім іншым наша размова з Аленай Сялевіч, першым намеснікам старшыні Навагрудскага райвыканкама.

– Алена Леанідаўна, ужо падведзены вынікі мінулай пяцігодкі, дзе аказаліся самыя вузкія месцы?

– За мінулыя пяць гадоў раёнам забяспечана тэндэнцыя ўстойлівага развіцця асноўных сфер сацыяльна-эканамічнай дзейнасці раёна.

Прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 1638,8 млн рублёў. За мінулыя гады валаўтваральнымі прадпрыемствамі з’яўляліся філіял «Навагрудскія Дары», удзельная вага гэтага прадпрыемства складала ад 40 да 43 % у агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці. На ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» – ад 17 да 20 % і СП «Леор Пластык» ТАА – ад 18 да 20 %. Рэалізаваны шэраг мер, накіраваных на выпуск інавацыйнай прадукцыі. Лідарам у гэтым кірунку з’яўляецца завод газавай апаратуры – у 2020 годзе ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі тут склала больш за 27 % у агульным аб’ёме экспартнай прадукцыі.

Фізічны аб’ём вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў з 2016 па 2020 год вырас больш чым на 20 %. Гэтаму ў пэўнай ступені спрыяла рэалізацыя шэрагу інвестыцыйных праектаў і мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў раёна. Найбольш значнымі праектамі з’яўляліся мадэрнізацыя ўчастка па вытворчасці тварагу, мадэрнізацыя сушыльных комплексаў у філіяле «Навагрудскія Дары», рэканструкцыя будынка кандытарскага цэха філіяла «Навагрудскі хлебазавод», будаўніцтва ветраэнергетычнай устаноўкі магутнасцю 0,6 МВт для ўласных патрэб СТАА «ЛеорФіш». Праведзена істотная мадэрнізацыя вытворчасці на ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры», СП «Леор Пластык» ТАА.

Разам з тым, зыходзячы з аналізу работы прамысловага сектара за 2016-2020 гады, былі вызначаны праблемы, якія патрабуюць першачарговых дзеянняў у новай пяцігодцы.

Да асноўных з іх варта аднесці недастатковае абнаўленне асноўных сродкаў; адсутнасць абсталявання для вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі, што не дазваляе прадпрыемствам павялічыць долю інавацыйнай прадукцыі і належным чынам працаваць над выпускам імпартазамяшчальнай прадукцыі. Некаторым прадпрыемствам гэта не дазваляе пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі і зрабіць яе больш канкурэнтаздольнай.

У гэтым напрамку неабходна актывізаваць работу такім арганізацыям, як ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў», ААТ «БелКрэда», філіял «Навагрудскі хлебазавод». Немалаважнай праблемай, з якой асобныя прадпрыемствы сутыкнуліся за гэтыя гады і якую неабходна вырашыць у бліжэйшы час, з’яўляецца недахоп кваліфікаваных кадраў у сферы швейнай, харчовай вытворчасці, металаапрацоўчай прамысловасці.

– На аснове вынікаў 2016-2020 гадоў, вызначыўшы найбольш праблемныя кропкі эканомікі раёна, на што робіцца ўпор у стартавым годзе новай пяцігодкі?

– Год пачаўся не менш напружана і складана, чым мінулы. Пагэтаму стаўка па выкананні першачарговых задач зроблена на наяўныя рэзервы. І адразу хачу звярнуць увагу на тое, што ў найбліжэйшую пяцігодку прамысловасці раёна неабходна ажыццявіць структурную трансфармацыю, якая дазволіць стварыць новыя інавацыйныя вытворчасці, рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі, якія ўжо пачалі выкарыстоўвацца. Гэта забяспечыць выпуск прадукцыі з высокім дабаўленым коштам і з арыентаваннем на экспарт. Тут важна актыўна працаваць над развіццём інвестыцыйнай дзейнасці.

Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у Навагрудскім раёне за кошт усіх крыніц фінансавання ў 2021-2025 гады складзе больш за 450 млн рублёў ( у 2016-2020 гадах – 319 млн рублёў). Неабходна адзначыць, што рост інвестыцый напрамую ўплывае не толькі на павелічэнне падаткавых паступленняў у бюджэт, стварэнне новых працоўных месц, але і на ўзровень і якасць жыцця жыхароў раёна.

Вось чаму адной з галоўных задач, якая сёння стаіць перад адміністрацыяй раёна, з’яўляецца прыцягненне максімальных інвестыцый у розныя сферы дзейнасці.  

– Вы зрабілі акцэнт на развіцці інвестыцыйнай дзейнасці. На каго ці на што абапірацца?

– Ужо запланаваны шэраг інвестыцыйных праектаў у прамысловасці, асноўнымі з іх з’яўляюцца мадэрнізацыя цэха вытворчасці сыроў з павелічэннем сутачнай прадукцыйнасці да 15 тон філіялам «Навагрудскія Дары», увод аб’екта ў эксплуатацыю запланаваны на другі квартал 2021 года; мадэрнізацыя швейнай вытворчасці з укараненнем інавацыйнай аўтаматызаванай тэхналогіі распрацоўкі і вытворчасці вырабаў з прымяненнем сучасных матэрыялаў, тэрмін рэалізацыі праекта 2019-2021 гады; рэканструкцыя склада бястарнага захоўвання сыравіны філіялам «Навагрудскі хлебазавод», тэрмін рэалізацыі – 2022-2023 гады; устаноўка аўтаматычнага зварачнага робата і аўтаматычнай лініі вытворчасці металапрофілю на ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў».

Працягнецца работа ў галіне аптымізацыі сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Так, на базе Навагрудскага РУП ЖКГ плануецца рэалізацыя праекта па рэцыклінгу палімерных адходаў, які рэалізуецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам, Навагрудскім райвыканкамам і Навагрудскім РУП ЖКГ. Прадпрыемства «РУМБ» плануе рэалізацыю праекта па арганізацыі вытворчасці біякампосту з арганічных адходаў, рэалізацыя якога запланавана ў 2022-2023 гадах.

Названыя меры дадуць магчымасць рэалізаваць адну з галоўных задач будучай пяцігодкі – рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці.

– Бясспрэчна, драйверам эканомікі з’яўляецца прамысловасць, а якія задачы стаяць перад сельскагаспадарчай галіной раёна? У чым Вы бачыце перспектывы развіцця аграрнага сектара?

– У сельскай гаспадарцы аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі за 2016-2020 гады вырас на 10,9 %, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 18 %, раслінаводстве – 1,9 %. Сярэдні надой малака павялічыўся на 1 233 кг або 27,2 %, што вышэй за сярэднеабласны паказчык.

За мінулыя пяць гадоў у галіне сельскай гаспадаркі назіраліся такія праблемы, як неабходнасць абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы і недахоп кваліфікаванага персаналу, у тым ліку ў галіне жывёлагадоўлі – заатэхнікі, вет­урачы і іншыя спецыялісты. Для вырашэння гэтых важных задач у раёне намечаны план мер, накіраваных на прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў на сяле. Па-ранейшаму важным пытаннем застаецца прыцягненне інвестыцый у аграпрамысловы комплекс, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку аўтатрактарнай тэхнікі.

З гэтай мэтай ужо ў 2021 годзе ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.04.2015 № 146 «Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання» плануецца пастаўка 47 адзінак тэхнікі і сельскагаспадарчага абсталявання для аграрнага сектара. Таксама на перыяд 2021-2025 гадоў запланавана рэалізацыя наступных праектаў: па арганізацыі вытворчасці па перапрацоўцы насення масленічных культур СВК «Нягневічы»; будаўніцтва зернесушыльнага комплексу ў в. Галынь ААТ «Прынёманскі»; будаўніцтва малочна-таварнай фермы ў аг. Шчорсы ААТ «Шчорсы», а таксама рэканструкцыя малочна-таварнай фермы ў в. Харосіца СВК «Нягневічы» і іншыя.

– Напэўна, каронакрызіс змяніў стаўленне да такіх важных паказчыкаў, як экспарт тавараў і экспарт паслуг. Ці не апусцяць нашы вытворцы планку знешняга гандлю, якую з такой цяжкасцю адольвалі раней?

– За мінулую пяцігодку прадпрыемствамі раёна экспартавана прадукцыі на суму 411,5 млн долараў ЗША. Тэмп росту за перыяд з 2016 па 2020 год склаў 138 %. Гэта гаворыць аб тым, што штогод прадпрыемствамі раёна вялася актыўная работа па наладжванні рынкаў збыту, іх дыверсіфікацыі, пашырэнні асартыменту экспартуемай прадукцыі і павышэнні яе якасці. Якасць вырабаў не раз пацвярджалася дыпломамі і медалямі розных міжнародных і нацыянальных конкурсаў. Так, у 2019 годзе на міжнародным малочным бізнес-форуме ЕАЭС у г. Сочы прадпрыемству «Навагрудскія Дары» філіял «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» быў прысуджаны Гран-Пры, а таксама дыплом лаўрэата конкурсу.Пацвярджэннем гэтаму служыць таксама і той факт, што штогод вырабляецца прадукцыя, якая пастаўляецца на рынкі больш чым 30 краін свету. У 2020 годзе прадпрыемствамі раёна адкрыты новыя рынкі збыту ў такіх краінах, як Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Іспанія, Кітай, Перу, Сербія, куды пастаўляліся лесаматэрыялы, ёмістасці для сціснутага або звадкаванага газу і іншая прадукцыя.

З 2019 года ў раёне пачало працу прыватнае прадпрыемства «Валген», якое займаецца зборам і нарыхтоўкай грыбной і ягаднай прадукцыі і яе рэалізацыяй у краіны Еўрасаюза. Гэта дазволіла павялі­чыць экспартны складнік раёна на 2 краіны і 6 млн долараў штогод.

Не менш важная работа была праве­дзена і па экспарце паслуг. За апошнія пяць гадоў арганізацыямі раёна экспартавана транспартных, турыстычных, будаўнічых, медыцынскіх і іншых дзелавых паслуг на суму 14,6 млн долараў. Тэмп росту за перыяд з 2016 года склаў 141 %. За 2020 год паслугі аказваліся ў 26 краін свету, новымі з іх сталі такія краіны, як Балгарыя, Ірландыя, Люксембург, Швецыя.

Знешні гандаль застаецца важным фактарам, які абумоўлівае эканамічны рост і развіццё рэгіёну. Вузкім месцам у знешне­эканамічнай дзейнасці па-ранейшаму з’яўляецца высокая залежнасць экспартнага складніка рэгіёну ад расійскага рынку. За 2021-2025 гг. прадпрыемствамі раёна плануецца павелічыць аб’ём экспарту як за кошт росту паставак экспартных тавараў на наяўныя рынкі, так і з’яўлення ў экспартным складніку новых тавараў і рынкаў. Безумоўна, рух наперад павінен быць і абавязкова з плюсам.

– Сярод ужо традыцыйных для нашага раёна экспарцёраў, ці ёсць новыя ігракі на рынку?

Асноўнымі экспарцёрамі тавараў у Навагрудскім раёне былі і застаюцца такія прадпрыемствы, як філіял «Навагрудскія Дары», ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры», СП «Леор Пластык» ТАА. Аб’ём паставак тавараў за межы краіны плануецца імі ў памеры не менш за 88 млн долараў штогод.

Вельмі перспектыўным напрамкам экспарту з’яўляецца пастаўка ў краіны Еўрасаюза лесаматэрыялаў, вытворчасцю якіх займаецца Навагрудскі лясгас. Гэтаму значна паспрыяла рэалізацыя праекта па мадэрнізацыі цэха па астрожцы і зрошчванні піламатэрыялаў са складам гатовай прадукцыі пад цэх па вытворчасці паліўных гранул (пелет) у маі 2020 года. Штогод прадпрыемства плануе экспартаваць прадукцыі на суму больш за 3 млн долараў, пры гэтым каля 50 % – гэта прадукцыя з высокім дабаўленым коштам.

Значных вынікаў у пастаўцы лесаматэрыялаў дасягнулі і прадпрыемствы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Штогадовыя аб’ёмы прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт, перавысілі 1,5 млн долараў. І на гэтым яны не маюць намеру спыняцца. Акцэнты таксама робяцца на вытворчасць і пастаўку прадукцыі з дабаўленым коштам. Свае першыя вынікі ў гэтым кірунку паказала ТАА «Экавугаль», якое з канца 2019 года займаецца пастаўкай драўнянага вугалю ў краіны Еўрасаюза.

– Навагрудак актыўна развіваецца за кошт адкрыцця новых аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Такое ўражанне, што ў нашым горадзе ўжо больш прадаўцоў, чым пакупнікоў...

– Развіццё спажывецкага рынку – яшчэ адна кропка росту эканомікі рэгіёну. Гандаль уносіць свой уклад і ў фарміраванне ВУП. За мінулую пяцігодку было адкрыта 238 магазінаў, з іх 11 фірменных і 17 аб’ектаў агульнадаступнага грамадскага харчавання. Толькі ў 2020 годзе было адкрыта 46 магазінаў і 4 аб’екты грамадскага харчавання.

Адкрыццё гандлёвага цэнтра «HOLIDAY» дазволіла буйным арганізацыям (ЗАТ «Паціа», ПГУП «ЗахадХімГандаль» і інш), у тым ліку айчынным вытворцам (СТАА «Белвест», ТАА «Фармель», ТАА «Марка-сэрвіс» і інш.) і індывідуальным прадпрымальнікам рэалізоўваць насельніцтву шырокі асартымент бытавой тэхнікі, адзення, абутку, сродкаў сувязі, гаспадарчых тавараў, мэблі.Інфраструктура грамадскага харчавання развіваецца дзякуючы адкрыццю новых аб’ектаў прыватнай формы ўласнасці і ўжо існуючых, якія мадэрнізаваны ў аб’екты сучаснага фармату (кафэ «Аўра» і кафетэрый рэстарана «Свіцязь» ААТ «Вялікая Крыніца»).

У далейшым дадзеная сфера будзе развівацца за кошт пашырэння інфраструктуры, у тым ліку новага будаўніцтва і рэканструкцыі дзеючых аб’ектаў. Зараз ужо вядуцца рамонтныя работы ў рэстаране «Свіцязь». У перспектыве адкрыццё аб’екта грамадскага харчавання ў магазіне ТАА «Камрадгандаль» па вул. Скарыны, у гасцінічным комплексе ТАА «Рэнтцэнтр» па вул. Міцкевіча. У аб’ектах грамадскага харчавання плануецца разнастаіць меню стравамі з нацыянальным каларытам, забяспечыць наяўнасць Wi-Fi сувязі, прылад для зарадкі мабільных тэлефонаў і інш.

Пераканана, мы дастойна пераадолеем часовыя цяжкасці і справімся з пастаўленымі задачамі. Магчымасці, рэзервы і кадравы патэнцыял для гэтага ў раёне ёсць.

Гутарыла Алена Ермакова, «НЖ»