Работы на Навагрудскім замку вядуцца згодна з праектам

Работы на Навагрудскім замку вядуцца згодна з праектам

Работы на Навагрудскім замку вядуцца згодна з праектам

17 октября 2022 1157

З 2012 года на Навагрудскім замку рэалізуецца архітэктурны праект «Рэканструкцыя з кансервацыяй і прыстасаваннем гісторыка- культурнай каштоўнасці Навагрудскага замка». Праектам прадугледжана рэалізацыя шасці пускавых комплексаў. Аб работах на замку на дадзеным этапе расказваюць спецыялісты.

– У цяперашні час выконваюцца работы на пятым пускавым комплексе 1-й чаргі. На дадзеным этапе прадугледжана кансервацыя Уваходнай і Пасадскай вежаў з частковым узнаўленнем прылеглых да іх сцен, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Ганна ТУРОВІЧ. – Праект рэалізуецца за кошт сродкаў Дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм, Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гг. Заказчыкам работ з'яўляецца ДАУП «УКБ Гродзенскага аблвыканкама», генеральнай падраднай арганізацыяй – ААТ «Белрэстаўрацыя». На выкананне работ у бягучым годзе выдзелены бюджэтныя асігнаванні ў аб'ёме 1 439,1 тыс. рублёў. З іх рэспубліканскі бюджэт – 1 429,1 тыс. рублёў, у тым ліку 878,7 тыс. рублёў – у рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, 550,4 тыс. рублёў – у рамках Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» і 10,0 тыс. рублёў па інвестыцыйнай праграме Гродзенскай вобласці. Завяршыць увесь аб’ем работ па пятым пускавым комплексе запланавана ў наступным годзе. Паралельна з гэтым у рамках рэалізацыі 6-га пускавога комплексу прадугледжана рэстаўрацыя з рэканструкцыяй вежы Шчытоўка. Памяшканне вежы будзе прыстасавана пад музейную экспазіцыю, прысвечаную гісторыі крэпасці.

– Хачу запэўніць людзей, якія турбуюцца аб гістарычнай каштоўнасці замка, што на Навагрудскім замку падчас правядзення работ няма ніякага самаўпраўства, ніякага знішчэння культурнага слою. Усе матэрыялы ў нас маюцца, фіксацыя працэса ідзе, я, як прадстаўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, сачу за землянымі работамі, – адзначае загадчык аддзела захавання і выканання археалагічнага выкарыстання Анастасія КАСЦЮКЕВІЧ. – Працую на Навагрудскім замку не першы год. Працавала і ў чашы, і на Паўднёвай частцы сцяны. Зараз вядзецца нагляд, а не археалагічныя раскопкі. Культурны слой знаходзіцца на глыбіні звыш 4-х метраў. А на дадзеным этапе работ ёсць нязначная частка знаходак ХVІ-ХVІІІ ст.ст., яны змешчаны ў баласце, якім былі падсыпаны сцены, а не ў культурным слоі. У сувязі з тым, што культурнага слою няма, таму тэхніка можа правамерна працаваць на замку. Экскаватар працуе на вале таксама згодна з дазволам. Людзей, якія не знаёмы са спецыфікай вядзення раскопак, хочацца заспакоіць, што работы вядуцца без парушэнняў. Папярэдне праводзілася трывалая шурфоўка, было закладзена ўручную 12 шурфоў на ўсёй паверхні. Культурнага слою ні на адным шурфе не аказалася: 5-10 см дзёрну, затым у сваёй большасці ідзе баласт (бітая цэгла, пясок). З упэўненасцю мы можам гаварыць, што гэта пераадкладзеныя слаі. Таксама на дадзеным месцы доўгі час была звалка як у ХІХ ст., так і ХХ ст. І ў пасляваенны час, калі цэнтр горада быў разбураны, усе рэшткі былі звезены на замак. Таму ў баласце мы знаходзім практычна ўсё: асколкі керамікі позняга сярэднявечча і побач сучасныя пластыкавыя коркі ад бутэлькі. На дадзеным этапе здымаецца баласт. Ёсць такія часткі, дзе здымаць уручную вельмі небяспечна, таму працуе тэхніка. Знаходкі ёсць, усе яны перадаюцца на камеральную апрацоўку ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей, дзе яны ў паслядоўнасці будуць захоўвацца. Гэтыя рэчы могуць быць выстаўлены ў экспазіцыі на замку ці ў музеі.

– Работы спецыялістамі мірскага вытворчага ўчастка Белрэстаўрацыі на Навагрудскім замку вядуцца згодна з праектам і пад наглядам адпаведных службаў – прадстаўнікоў Інстытута гісторыі НАН і заказчыка УКБ Гродзенскага аблвыканкама, – дадае начальнік вытворчага ўчастка Пётр ДРЫК. – Тэхніка працуе згодна з дазволамі. Самае каштоўнае – гэта сцены ХІV-ХV ст. Мы іх раскапалі, яны ў даволі нядрэнным стане, дзе патрэбна, «лечым». Усе работы вядуцца дзеля таго, каб іх захаваць і часткова паказаць. Верхняя частка будзе аднаўляцца. Падчас раскопак мы бычым, якія яны былі на самай справе. Таксама адзначу, што была і цэгла, і шмат яе было ў сценах. Мы бачым арыгінальныя ўчасткі, як яны зроблены, і будзем іх паўтараць. Грунт нікуды з замка не вывозіцца, у паслядоўнасці будзе выкарыстаны для карэкціроўкі паверхні вала.

Работы па захаванні візітнай карткі горада – Навагрудскага замка – будуць працягваюцца да канца бягучага года і весціся ў наступным годзе.

Вольга Пісар, «НЖ»


Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!