Калегіум езуітаў

Калегіум езуітаў

07 ноября 2019 3368
Езуіты ці Таварыства Іісуса – духоўны мужчынскі манаскі ордэн Рымска-каталіцкай царквы, які быў заснаваны ў 1534 годзе ў Рыме. Езуіты, акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, актыўна займаліся навукай, адукацыяй, былі місіянерамі.

Упершыню ў Навагрудак езуіты прыехалі з Нясвіжа і ў 1626 годзе заснавалі тут сваю місію. У перыяд з 1631-1714 гг. у Навагрудку ўжо дзейнічала рэзідэнцыя езуітаў. Уладанні езуітаў хутка павялічваліся, многія заможныя шляхціцы давалі ахвяраванні на іх дзейнасць. Сапраўдны ўздым навагрудскіх езуітаў прыйшоўся на першую палову ХVІІІ ст. У 1705 годзе пры кляштары быў створаны канвікт для заможных выхаванцаў, адкрыта першая ў горадзе аптэка, пабудаваны касцёл. Езуіцкі комплекс размяшчаўся ў цэнтры Навагрудка побач з гандлёвай плошчай і займаў прадаўгаваты ўчастак, які цягнуўся ад рынка на ўсход, паміж вуліцай Траецкай (сёння гэта вуліца Мінская) і Кавальскай, сучаснай вуліцай 1-га Мая. Пасярэдзіне ўчастка размяшчаўся калегіум, усходнюю частку займаў шырокі падворак з гаспадарчымі пабудовамі, а таксама сад і агарод. Касцёл стаяў асобна, фасад яго быў павернуты да гандлёвай плошчы. Частку комплекса займалі могілкі. Калегіум у Навагрудку быў адкрыты ў 1714 годзе і дзейнічаў да 1773 года. Калегіум – гэта тыповая езуіцкая адукацыйная ўстанова закрытага тыпу. Тут вучыліся хлопчыкі ва ўзросце 10-14 гадоў. Калегіум у Навагрудку адпавядаў статусу сярэдняй навучальнай установы, але пры гэтым меў два вышэйшыя класы, дзе вывучаліся этыка, мараль, філасофія і багаслоўе, фізіка, матэматыка. Выкладанне прадметаў вялося на лацінскай мове, і таму для ўдасканальвання яе выхаванцы павінны былі размаўляць паміж сабой на латыні не толькі ў калегіуме але і па-за яго межамі. Аб высокім узроўні выкладання ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме сведчыць той факт, што тут былі даволі добрыя кабінеты па фізіцы і «натуральнай гісторыі». Так, віленскі друк за 1760 год паведамляў, што ў Навагрудку «прафесар філасофіі» мясцовай школы дэманстраваў прысутным розныя фізічныя прыборы парыжскай ювелірнай работы. З аптычных прыбораў быў выстаўлены англійскі мікраскоп з чатырма лінзамі, кожная з іх паказвала нябачных воку насякомых, што плавалі ў вадзе». На чале калегіума стаяў рэктар. З 1717 года рэктарам працаваў ксёнз Кулакоўскі. Самым вядомым рэктарам калегіума быў Антоній Скарульскі, які займаў гэтую пасаду ў 1760-1764 гадах і ў час сваёй працы ў Навагрудку напісаў адзін з самых лепшых у той час падручнікаў па філасофіі «Каментарыі па філасофіі…». Пазней быў рэктарам Віленскай езуіцкай акадэміі, працаваў у ёй дэканам тэалагічнага факультэта. Выкладчыкамі калегіума былі вельмі адукаваныя людзі, якія самі некалі закончылі езуіцкія школы. Напрыклад, вядома, што курсы па фізіцы, матэматыцы, а таксама філасофіі і тэалогіі тут да 1758 года чытаў славуты айчынны філосаф і мясцовы выхаванец Бенядыкт Дабшэвіч. Распрацаваны ім у Навагрудку цыкл лекцый «Погляды новых філосафаў» актыўна выкарыстоўваўся настаўнікамі іншых езуіцкіх школ Рэчы Паспалітай. Шырока былі вядомы навукова-даследчыя працы другога мясцовага выкладчыка, філосафа Станіслава Шадурскага, які працаваў прафесарам у Навагрудскім калегіуме ў 1759-1762 гадах. Яго работы «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаваннях па логіцы, этыцы і метафізіцы» і «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» былі напісаны ім у перыяд выкладання ў Навагрудскім калегіуме.
 Г. КАВАЛЬЧУК, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея
Варта пачытаць: Вяртанне  праз стагоддзі. Былы млын-вятрак у Навагрудку Вяртанне праз стагоддзі. Навагрудская сінагога Вяртанне праз стагоддзі: сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе