Незабыўнае падарожжа вучняў сярэдняй школы № 3 у культурны цэнтр Беларусі

Незабыўнае падарожжа вучняў сярэдняй школы № 3 у культурны цэнтр Беларусі

Незабыўнае падарожжа вучняў сярэдняй школы № 3 у культурны цэнтр Беларусі

02 июня 2022 844

Пачатак хрысціянства, пісьменнасці, кнігадрукавання, асветы, культуры на беларускіх землях звязаны са старажытным горадам Полацкам, які ў 2010 годзе быў абраны культурнай сталіцай Рэспублікі Беларусь. І не выпадкова: у горадзе можна наведаць 13 музеяў.

Чарговым незабыўным падарожжам для вучняў сярэдняй школы №3 стала наведванне Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

На высокім узгорку, у месцы, дзе рачулка Палата ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, стаіць незвычайнай прыгажосці храм – Сафійскі сабор., помнік архітэктуры ХІ-ХVІІІ стагоддзя, самая першая каменная пабудова на тэрыторыі Беларусі. Храм быў узведзены ў сярэдзіне ХІ стагоддзя па загадзе славутага князя Усяслава Чарадзея па падабенстве са Святой Сафіяй ў Канстанцінопалі. Ён стаў культурным і рэлігійным цэнтрам, у ім знаходзіліся бібліятэкі, архівы, казначэйства, захоўваліся рэлігійныя святыні і змяшчалася княская пахавальня. Падчас Паўночнай вайны храм быў разбураны. А ў ХVІІ стагоддзі адбудаваны нанова ў стылі Віленскага барока. Сёння Сафійскі сабор з’яўляецца музеем і канцэртнай залай, дзе праходзяць вечары арганнай музыкі. І толькі адзін раз у год 5 чэрвення ў дзень ушанавання Ефрасінні Полацкай у храме праходзіць набажэнства.

Для дзяцей стала нечаканасцю тая акалічнасць, што пры наведванні сабора адначасова трапляеш ў два храмы (старжытны і сучасны): у наведвальнікаў музея ёсць магчымасць апусціцца ў падземнае памяшканне, дзе захаваліся рэшткі фундамента, можна пабачыць, дзе знаходзіўся алтар старажытнага храма, і ўявіць, якім чынам будынак быў падзелены на часткі.

Побач з храмам знаходзіцца валун – Барысаў камень. Гэта старжытны помнік пісьменнасці: надпісы на ім былі зробленыя ў ХІІ стагоддзі. Людзі верылі ў святасць і цудадзейную моц гэтага каменя. Вучні ж змаглі дакрануцца да святыні і загадаць самае запаветнае жаданне, якое, па словах экскурсавода, павінна абавязкова збыцца.

Музей беларускага кнігадрукавання, размешчаны ў будынку былой Брацкай школы Богаяўленскага манастыра, уражвае багаццем прадстаўленых экспанатаў: старжытныя выданні, часопісы, газеты, паштоўкі розных гадоў. Адчуць складанасць працэсу перапісвання кніг, можна было, зазірнуўшы ў «келью» да манаха. Выгляд майстэрні кнігадрукароў ХVІ стагоддзя дапамог вучням ўявіць, якім чынам у тыя далёкія часы ствараліся новыя кнігі.

Цікавай атрымалася экскурсія па старажытных вуліцах горада. На ўласныя вочы пабачыць знакаміты помнік унікальнай літары беларускага алфавіту Ў, пастаяць у самым цэнтры Еўропы, прыпыніцца каля помніка Семяону Полацкаму і ў думках пагутарыць, а можа, нават і паспрачацца з гэтым наймудрэйшым чалавекам мелі магчымасць вучні нашай школы.

Захаваліся да нашага часу будынкі Полацкага езуіцкага калегіума, заснаванага ў 1580 годзе. Высокі ўзровень адукацыі, знакамітыя выпускнікі і выкладчыкі зрабілі гэтую ўстанову адукацыі вядомай ва ўсім свеце. Сёння тут размешчаны Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Ва ўнутраным дворыку ёсць гадзіннік, які не толькі адлічвае час, – у пэўную хвіліну ў ім пад гімн студэнтаў пачынаюць рухацца фігуры знакамітых палачан. Дзецям цікава было зазірнуць у стары абымшэлы калодзеж, з якога ў былыя часы студэнты бралі ваду. Але самай цікавай падзеяй была размова з механічнай галавой. Паважаны старац, менавіта так трэба звяртацца, каб распачаць размову, адказаў на ўсе хвалюючыя пытанні, звязаныя з надзённым жыццём чалавека.

Аднак самым незабыўным стала наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Пачуццё незвычайнага настрою ахоплівае кожнага, хто ўздоўж пабеленых сцен набліжаецца да гэтага святога месца у той час, калі на бліжэйшых вуліцах у вячэрняй цішы чутны спевы жаночага хору манахінь. «Расказаць» святой Еўфрасінні пра самае запаветнае, дакрануцца да найгалоўнейшай святыні – крыжа Ефрасінні Полацкай, адчуць дабрачыннасць, якая сыходзіць ад гэтага месца, а таксама пабываць унутры старажытнага храма, пабудаванага падчас жыцця гэтай незвычайнай жанчыны, у якім можна пабачыць унікальныя фрэскі ХІІ стагоддзя. Там жа змешчана і келля святой, дзе яна малілася і перапісвала кнігі, несучы асвету людзям Полацкай зямлі. Для паломнікаў манастыра арганізоўваецца начлег, можна пакаштаваць манастырскія стравы.

Майскім вечарам на беразе Палаты, калі скончыцца набажэнства ў старадаўнім манастыры, вельмі ціха. Калі прыслухацца, зліўшыся з гэтай цішынёй, можна выразна адчуць і зразумець, хто мы такія беларусы, дзе наш пачатак, што аб’ядноўвае нас і робіць адным народам, адзінай нацыяй.


Дар’я Каравай і Вольга Шумская,
настаўнікі сярэдняй школы № 3