Вучаніца сярэдный школы №3 Навагрудка Маргарыта Янцэвіч удзельнічае ў абласным конкурсе фотарэпартажу “Мой горад”

Вучаніца сярэдный школы №3 Навагрудка Маргарыта Янцэвіч удзельнічае ў абласным конкурсе фотарэпартажу “Мой горад”

Вучаніца сярэдный школы №3 Навагрудка Маргарыта Янцэвіч удзельнічае ў абласным конкурсе фотарэпартажу “Мой горад”

11 июня 2020 1716

Для удзелу ў абласным конкурсе фотарэпартажу “Мой горад” я выбрала рубрыку “Візітка майго горада”. Асабліва мяне зацткавіла гісторыя навагрудскіх храмаў, праз якія чытаецца і гісторыя самога горада – старадаўняя, непаўторная і захапляльная.

Ёсць на зямлі шмат куткоў, якія зачароўваюць сваёй прыгажосцю, аднак Навагрудак – гэта асаблівае месца, загадкавае, таямнічае, з незвычыйна моцнай энергетыкай, з непаўторнай прыродай. Руіны старажытнага замка, дом-музей Адама Міцкевіча, курган, насыпаны ў гонар вялікага паэта, храмы – усё нагадвае аб вялікай і слаўнай гісторыі нашага краю. Хто хаця б адзін раз пабываў на гэтай зямлі, не забудзе яе ніколі.       

                  

На працягу стагоддзяў горад з’яўляўся важным дзяржаўна-палітычным і рэлігійна-культурным цэнтрам, меў шырокія міжнародныя сувязі. За сваю шматвекавую гісторыю Навагрудак зведаў як перыяды духоўнага, палітычнага, эканамічнага росквіту і ўзвышэння, так і часы суровых выпрабаванняў. Закранула гэта і рэлігію.

Архітэктурныя помнікі – маўклівыя сведкі вялікіх гістарычных падзей на Навагрудскіх землях. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць храмы. На Навагрудчыне з даўніх часоў павялося, што людзі розных нацыянальнасцей, рэлігій, свядомасцей, жылі ў згодзе і павазе да традыцый і вераванняў іншых.


Як даўно з’явілася праваслаўе на Навагрудчыне? Які ўплыў зрабіла на гісторыю роднай зямлі? Аб гэтым цікава раскажа старажытны помнік архітэктуры – Свята-Барыса-Глебская царква, якая з’яўляецца сведкай гістарычных падзей, што ўплывалі на жыццё беларускай праваслаўнай царквы на працягу стагоддзяў. Храм быў узведзены за межамі старажытнага горада, на перакрыжаванні шляхоў, якія вялі ў суседенія гарады. Менавіта ў гэтым месцы ў 12 стагоддзі з’явілася плошча як горадаўтваральны цэнтр.


Гэты храм меў статус кафедральнага сабора, створанай ў 1317 годзе праваслаўнай Навагрудска-Літоўскай мітраполіі. Пры храме дзейнічаў манастыр, які з’яўляўся рэзідэнцыяй мітрапалітаў. У 1517-1519 гадах храм атрымаў значныя ахвяраванні ад князя Канстанціна Астрожскага. На сродкі князя, а таксама мітрапаліта Іосіфа Солтана быў узведзены сучасны царкоўны будынак. Сёння царква дзейнічае як прыходская. У храме захоўваецца адзін са спісаў Навагрудскай замкавай іконы Прасвятой Багародзіцы.

Найпрыгажэйшы Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор, які сёння з’яўляецца цэнтрам праваслаўнага духоўнага жыцця на Навагрудчыне, быў пабудаваны у 1433 годзе ў Навагрудку як драўляны касцёл францысканцаў. У 1780 годзе на яго месцы на вуліцы Бернардынскай на ахвяраванні Алены Радзівіл узведзены новы каменны касцёл Св.Антонія. У 1848 годзе пераданы праваслаўнай царкве і асвечаны як Свята-Мікалаеўскі сабор. У наш час храм з’яўляецца кафедральным саборам адноўленай у 1992 годзе Навагрудскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.


Шмат слаўных імёнаў дала Бацькаўшчыне Навагрудская старонка, сярод іх ёсць і прадстаўнікі каталіцкай веры. З’яўленне рымска-каталіцкай царквы на Навагрудчыне звязана з перыядам княжання Міндоўга ў 13 стагоддзі. Да нашага часу ў горадзе захаваліся два каталіцкія храмы: Фарны касцёл, касцёл Святога Міхала.

Фарны касцёл заснаваны ў 1395 годзе вялікім князем Вітаўтам. У гэтым касцёле ў 1422 годзе 70-гадовы кароль Польшчы Ягайла браў шлюб з 16-гадовай князёўнай Соф’яй Гальшанскай, так была заснавана каралеўская дынастыя Ягелонаў, якая правіла ў шэрагу краін на працягу 200 гадоў. У 1723 годзе на месцы старажытнага храма быў узведзены сучасны будынак касцёла, у якім у 1799 годзе быў хрышчаны вялікі паэт Адам Міцкевіч. Сёння ў храме знаходзіцца асабліва ўшанаваная ікона Прасвятой Багародзіцы, а таксама мошчы 11 манахінь ордэна Сёстраў Свяцейшай сям’і з Назарэта. У наш час Фарны касцёл (Прэабражэння Гасподняга) дзейнічае як цэнтр прыхода.


Каменны будынак касцёла Святога Міхала ў Навагрудку ўзведзены ў 1724 годзе на месцы згарэлага ў 2-ой палове 17 стагоддзя драўлянага будынка касцёла Святога Яцэка. З канца 18 стагоддзя пры касцёле дзейнічала дамініканская школа, у якой у пачатку 19 стагоддзя вучыўся Адам Міцкевіч. Сёння касцёл з’яўляецца цэнтрам Рымска-каталіцкага прыхода. У храме захоўваецца асабліва ўшанаваны абраз Архангела Міхаіла.


Цікавай з’яўляецца гісторыя з’яўлення мусульман на беларускіх землях. Першыя татары на тэрыторыі Беларусі з’явіліся яшчэ пры Гедыміне, які выкарыстоўваў іх як наймітаў. Ёсць сведкі, што татары прымалі удзел у бітвах 14 стагоддзя. Аднак значнай датай для беларускіх татар лічыцца 1397 год, калі князь Вялікага Княства Літоўсказа Вітаўт здзяйсняў паходы, у якіх прымалі ўдзел і татары. Менавіта Вітаўт пасяліў татар на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ, даў землі з правам наследавання і продажу, надзяліў усімі прывілеямі і не прыніжаў іх веру.                         

На Навагрудскіх землях татары з’явіліся ў канцы 14 стагоддзя. Тады ж і пабудавалі мячэць у нашым горадзе. Сучасны будынак мячэці ўзведзены ў 1855 годзе. Даволі працяглы час мячэць была зачынена. У 90-я гады 20 стагоддзя будынак, які быў перабудаваны пад жылы дом, перададзены нанова створанай мусульманскай абшчыне. Мячэць была адчынена падчас святкавання 600-годдзя пасялення татар на беларускіх, навагрудскіх землях і дзейнічае з мая 1997 года.


Навагрудская яўрэйская абшчына была ўпершыню зафіксавана ў дакументах у 16 стагоддзі, у розныя часы налічвала ад 60 да 80 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў горада. У 1563 годзе усіх яўрэяў перасялілі за межы старога горада па рашэнні каралеўскага суда Стэфана Баторыя. Месца, дзе яны пасяліліся і стала цэнтрам горада. У наш час гістарычны цэнтр Навагрудка знаходзіцца менавіта тут.

Грамадскае, палітычнае і духоўнае жыццё навагрудскіх яўрэяў было сканцэнтравана вакол Вялікай Халоднай сінагогі, якая знаходзілася непадалёк ад Базарнай плошчы, на вуліцы Яўрэйская, за касцёлам Святога Міхаіла. На жаль, да нашага часу сінагога не захавалася. Зараз на гэтым месцы можна ўбачыць прыгожы гарадскі пейзаж.


На працягу некалькіх стагоддзяў і па сённяшні дзень на Навагрудчыне па суседству жылі і жывуць людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Суседства каталіцкіх і праваслаўных храмаў, мячэці, сінагогі, узаемасувязь розных рэлігій і людзей розных нацыянальнасцей і культур вызначыла характар мясцовых традыцый, знешні выгляд горада, духоўны менталітэт Навагрудчан. 

Янцэвіч Маргарыта,

вучаніца 9 класа сярэдняй школы №3 г.Навагрудка