Варта толькі задумацца пра лёс Навагрудскага замка – і ў душы адначасова пасяляюцца гонар і шкадаванне. Гонар за тое, што ў нашым горадзе існавала такое магутнае і непрыступнае абарончае збудаванне, сцены якога неаднойчы стрымлівалі самыя лютыя напады ворагаў. А шкадаванне ад таго, што бязлітасны час пакінуў нам толькі вышчарбленыя абломкі вежаў некалі велічнага будынка. Але час не адабраў у нас магчымасці займацца віртуальнай рэканструкцыяй замка ў сваіх уяўленнях, у сваёй гістарычнай памяці. Гэта і робім у новым выпуску гістарычнага праекта «НЖ».
Будаўніцтва замка пачалося ў ХІІІ ст. Да гэтага з пачатку ХІ ст. галоўным гарадскім умацаваннем быў дзядзінец. Ен знаходзіўся на Замкавай гары і быў абнесены па перыметры высокім валам. Дадатковым абарончым элементам служыў глыбокі дугападобны роў. Дубовыя зрубы пачалі ўзводзіцца вакол дзядзінца ў другой палове ХІІ ст. А ў ХІІІ ст., падчас княжання Міндоўга, на Замкавай гары з’явілася і першая каменная пабудова. Чатырохкутная, амаль квадратная ў плане вежа з вялікіх абчасаных камянёў, змацаваных вапнай, вырасла ў паўночна-ўсходняй частцы дзядзінца. На яе «рахунку» нямала адбітых варожых атак. Непераадольнай перашкодай стала яна для галіцка-валынскіх князёў і татарскіх ханаў, а пазней і для рыцараў-крыжакоў. Але ўсё гэта адбілася на стане і знешнім выглядзе пабудовы, верхнія ярусы якой у XIV ст. атрымалі моцныя пашкоджанні. І тады на месцы гэтай вежы была пабудавана новая. У розныя гады з’явілася яшчэ шэсць вежаў. У кожнай з іх свая назва, свой лёс, свая роля і «заслугі» перад горадам. І расказаць пра кожную варта асобна.
Шчытоўка і яе «сёстры»
Назва першай вежы замка – Шчытоўка – кажа сама за сябе. Гэта быў надзейны шчыт горада. Шчытоўка – адна з дзвюх замкавых вежаў, якія захаваліся, хоць і ў моцна зруйнаваным выглядзе, да нашага часу. Калісьці яе вышыня дасягала 25 метраў, сцены мелі таўшчыню каля 3 метраў. Новае збудаванне трывала стаяла на фундаменце старой вежы ХІІІ ст., мела пяць паверхаў, звонку было абкладзена цэглай, а ўнутраная частка сцен будавалася з камянёў і цаглянага друзу на вапне. Сцены былі прарэзаны паўкруглымі байніцамі, а ўнізе былі вароты, праз якія ўязджалі ў горад.
Шчытоўка была адзіным мураваным збудаваннем замка, пакуль у канцы XIV ст. не пачалося будаўніцтва новых вежаў і сцен паміж імі. Найперш умацавалі ўсходнюю і паўднёвую частку Замкавай гары, дзе з’явіліся яшчэ тры вежы. Знешне яны выглядалі як малодшыя сёстры Шчытоўкі: такія ж прызмападобныя, толькі ніжэйшыя, трохпавярховыя. Называліся гэтыя вежы Касцельная (знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла), Малыя вароты (тут быў дадатковы ўезд у горад) і Пасадская. Высокая мураваная сцяна, якая паслядоўна злучала між сабой Шчытоўку і тры новыя вежы, апаясвала вяршыню Замкавай гары з усходу і поўдню.
Безумоўна, узвядзенне гэтых збудаванняў было выклікана ўзрастаннем пагрозы з боку рыцараў Тэўтонскага ордэна. Але дагэтуль у нас няма адназначнага адказу на пытанне: ці існавалі ўжо Шчытоўка і яе «сёстры» падчас аблог горада 1391 і 1394 гг. войскамі тэўтонскіх магістраў Конрада Валенрода (таго самага героя паэмы Міцкевіча) і Конрада фон Юнтынгена. Адны гісторыкі адказваюць на гэтае пытанне станоўча, другія кажуць, што цяжар крыжацкага штурму тады прыняла на сябе згаданая ўжо папярэдніца Шчытоўкі – безыменная вежа ХІІІ ст., што толькі паскорыла яе разбурэнне.
Чаму ў той час, калі галоўныя ворагі Новагародка, крыжакі-тэўтонцы, прыходзілі з паўночнага захаду, гараджане перш за усё дбалі пра ўзвядзенне абарончых пабудоў у процілеглай частцы горада? Справа ў тым, што пра яго адносную бяспеку на паўночным захадзе паклапацілася сама прырода. Схіл Замкавай гары там больш стромкі, штурмаваць горад у гэтым месцы вельмі нязручна. Захопнікі пераважалі ісці ў абход, разлічваючы, што спроба захопу Новагародка па больш пакатым схіле павышае шанцы на поспех. А калі і не ўдасца адолець умацаванні на гары, то можна заняць хаця б самую безабаронную частку горада – неўмацаваны пасад (што, дарэчы, нярэдка ўдавалася).
Водная праблема вырашана
Пітной вады на вяршыні Замкавай гары не было, затое на ўсходнім яе схіле струменілі моцныя крыніцы. Гэта нават у мірны час прычыняла жыхарам замка нязручнасці. А што, калі падчас аблогі горада кантроль над воднымі рэсурсамі набудзе вораг? Тады абаронцам замка давядзецца пакутаваць без вады. Каб не дапусціць такую сітуацыю, у пачатку XV ст. недалёка ад падножжа гары ля адной з крыніц збудавалі Калодзежную вежу. З ранейшымі збудаваннямі замка яе звязала не проста прасла сцяны, але і адмысловы водны шлях, па якім вада ад Калодзежнай вежы дастаўлялася ў замак праз патаемны ўваход. Водная праблема была вырашана.
Яшчэ дзве вежы
У канцы XV – пачатку XVI стст. Навагрудскаму замку спатрэбіліся дадатковыя ўмацаванні. З развіццём агнястрэльнай зброі і артылерыі ўсё цяжэй станавілася даваць адпор ворагу, які падышоў да гарадскіх сценаў. Важна было бачыць яго наступленне здалёк і рыхтавацца загадзя. З гэтай мэтай і была пабудавана ў паўночна-заходняй частцы Замкавай гары Дазорная вежа. Самая высокая з вежаў Навагрудскага замка не толькі стала выдатным назіральным пунктам. Яна злучылася праз два праслы сценаў са Шчытоўкай і Пасадскай вежай. Гэта азначала, што мураванае кола збудаванняў на вяршыні Замкавай гары самкнулася, і ў ім ужо не было ніводнай пабудовы з дрэва.
У гэты ж час самым небяспечым ворагам нашых продкаў сталі татары-крымчакі. Гэта патрабавала ўзвядзення новых абарончых пабудоў на паўднёва-ўсходнім схіле Замкавай гары. Пабудаваная тут Меская вежа-брама адной сценой прырасла да Калодзежнай вежы, а другой – да мураванага «поясу» на дзядзінцы. Так на гары ўтварылася дадатковае кола абарончых збудаванняў.
План Навагрудскага замка: 1 – Шчытоўка, 2 – Касцельная вежа, 3 – княскі палац, 4 – Царква Успення Маці Божай,
5 – Дазорная вежа, 6 – Пасадская вежа, 7 – Малыя вароты, 8 – Калодзежная вежа, 9 – Меская вежа-брама.
У часы знішчэння
Найбольшыя разбурэнні на долю Навагрудскага замка выпалі ў XVIІ – пачатку XVIII стст. У 1660 г., падчас руска-польскай вайны горадам авалодала рускае войска князя Івана Хаванскага. Тады і былі зруйнаваны да падмуркаў Малая Брама, Пасадская, Меская і Калодзежная вежы. Вялікія страты замку прычынілі і шведскія войскі, якія ў час Паўночная вайны ў 1708 г. праходзілі праз наш горад.
Да пачатку XIX ст. працягвалі існаванне толькі тры вежы: Шчытоўка, Касцельная і Дазорная. Яны ўжо даўно не мелі абарончага значэння, не ўспрымаліся і як гісторыка-архітэктурная каштоўнасць. Указ гродзенскага губернатара Бенігсена 1802 г. ператварыў замак у аб’ект па здабычы будаўнічага матэрыялу, якім вымошчваліся вуліцы Навагрудка. Першай з гэтых вежаў не стала Дазорцы. У 1906 г. абвалілася Касцельная вежа. Дзякуючы неабыякаваму да навагрудскай даўніны мясцоваму жыхару Т.Корзану яна была ўмацавана знізу і працягвала «стаяць на нагах», аднак моцна асыпалася зверху. Спробы адбудоўваць яе прывялі да таго, што яна з помніка сівой даўніны ўсё больш ператваралася ў архітэктурны наватвор. А ў 1916 г. абрушылася і паўднёвая сцяна Шчытоўкі.
«Трывалыя руіны»
Гэтае словазлучэнне як нельга лепш перадае змест канцэпцыі, згодна з якой меры па захаванні і аднаўленні Навагрудскага замка ажыццяўляюцца ў наш час. Яно азначае, што поўная адбудова замкавых збудаванняў, страчаных да нашых дзён, прызнана немэтазгоднай. Замест гэтага акцэнт зроблены на захаванне, умацаванне і частковую рэканструкцыю тых збудаванняў, што існуюць, на раскрыццё ўсіх сямі вежаў і сцен замка, а таксама яго ўнутраных пабудоў як цэласнага архітэктурнага ансамбля ў абрысах XVI ст.
Увага кіраўніцтва дзяржавы і горада да праблем Навагрудскага замка, уключэнне яго ў дзяржпраграму «Замкі Беларусі» і ў лік тых гістарычных аб’ектаў, выдаткі на якія могуць ажыццяўляцца з рэспубліканскага бюджэта, дае нямала спадзяванняў, што Навагрудскі замак не паўторыць лёс тых старажытных збудаванняў, ад якіх не засталося следу ні на зямлі, ні ў памяці людской.
А што да самой канцэпцыі, дык ці варта моцна шкадаваць, што нікому з нас не давядзецца ўзысці на Замкавую гару праз Мескую браму ці зірнуць на горад з вышыні Дазорнай вежы? Яны ж усё роўна не будуць ранейшымі. Узняцца на Замкавую гару і адчуць, як дыхаюць гісторыяй «трывалыя руіны», – хіба гэтага мала?
В. Свёкла, «НЖ».
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |