Вялікая Айчынная вайна прынесла шмат пакут і страт для ўсяго беларускага народа. І назаўсёды ўпісала ў нашу гісторыю імёны яе бясстрашных герояў. У тым ліку і Міхаіла Белуша…
Міхаіл Андрэевіч Белуш нарадзіўся ў 1924 го дзе ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Нягледзячы на тое, што прыходзілася шмат працаваць на сваёй гаспадарцы, і раннюю страту бацькі, дапытлівы і старанны хлопчык Міхаіл разам са сваім старэйшым братам Іванам вучыўся ў школе. Тады і застала братоў вайна…
Цэнтрам партызанскага руху стала Ліпічанская пушча – лясны масіў паміж Нёманам і Шчарай. Міхаіл Белуш не раз бачыў зверствы нямецкіх акупантаў у роднай вёсцы і вельмі жадаў папоўніць рады народных мсціўцаў, але з-за такога маладога ўзросту яго ў партызаны на пачатку вайны не бралі. Толькі ў маі 1943 года Міхаіл Белуш стаў разведчыкам атрада «Кастрычніцкі» партызанскай брыгады «Першамайская» Лідскага партызанскага злучэння, дзе быў прыняты ў камсамол. Партызаны за смеласць празвалі юнака Арлёнкам, быццам з упадабанай ім у дзяцінстве аднайменнай песні. За час баявой дзейнасці М. Белуш падарваў восем варожых эшалонаў. А потым паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава…
16 чэрвеня 1944 г. партызаны ўступілі ў жорсткі бой з фашысцкім гарнізонам у вёсцы Купіск. Наперадзе была вялікая перашкода – нямецкі дзот з дзвюма амб разурамі, які за некалькі спроб мсціўцам не ўдалося пераадолець. Міхаіл Белуш са звязкаю гранат рушыў наперад. У выніку ім была знішчана адна амбразура, другая не паддавалася. І тады дзевятнаццацігадовы хлопец сваім целам закрыў станковы кулямёт. Партызаны кінуліся ў атаку…
Пахаваны герой у г.п. Карэлічы на ваенных могілках, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Жыве ў памяці народнай імя Міхаіла Белуша. На месцы яго подзвігу ў вёсцы Купіск устаноўлены помнік-абеліск, на яго малой радзіме ў Рудзе Ліпічанскай – мемарыяльны знак. Яго імем названы вуліцы ў г.п. Карэлічы, гарадах Гродна, Дзятлава, Масты. У 1964 годзе вуліца Сенная ў Навагрудку перайменавана ў вуліцу Міхаіла Белуша.
Н. Пісарук, загадчык аддзела забеспячэння захаванасці, уліку і выкарыстання дакументаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Навагрудку
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |