Прыгожая маленькая дзяўчынка з блакітнымі вачыма марыць стаць настаўніцай. Яна любіць чытаць, спрабуе пісаць вершы. У школьным узросце родная мова і літаратура становяцца яе любімымі прадметамі. Школа скончана, і вось ужо Ала Аркадзьеўна Жукоўская студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У 1981 г., пасля заканчэння ўніверсітэта, Ала Аркадзьеўна пачынае працоўную дзейнасць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры на Воранаўшчыне, а з 1988 г. – у сваёй роднай Валеўскай школе.
Амаль 40 гадоў Ала Аркадзьеўна выхоўвае словам, фарміруе ўнутраную культуру вучняў.
– Люблю школу, бо яна падобна на само жыццё, – лічыць А.А. Жукоўская. – У школе штодня нешта адбываецца і выпадае магчымасць штосьці змяніць, перайначыць, пакінуўшы ў дзіцячым лёсе не толькі добрую ці выдатную адзнаку, але і часцінку сваёй душы. Ідучы на ўрок, заўсёды памятаю: «Настаўнік – гэта шкло, праз якое вучні глядзяць на свет».
Пільная ўвага і павага да кожнага дзіцяці, патрабавальнасць да сябе, пастаянны духоўны пошук, шчырасць у выражэнні пачуццяў – вось тая аснова, на якой будуе адносіны са сваімі вучнямі настаўнік. Ала Аркадзьеўна імкнецца засцерагчы маладое пакаленне ад чэрствасці, абыякавасці, запаліць у дзіцячых сэрцах агеньчык творчасці, дабрыні, любові да мовы, маці і Айчыны. Яе ўрокі – прыклад для іншых настаўнікаў, вышыня, да якой неабходна імкнуцца, на каго трэба раўняцца.
Крылатыя словы К. Чорнага «Чалавек – гэта цэлы свет» сталі прафесійнай пазіцыяй Алы Аркадзьеўны. Педагагічныя тэхналогіі, метады і прыёмы навучання яна па некалькі разоў «прымярае» да канкрэтнай вучэбнай сітуацыі. Кожны ўрок настаўніка ўражвае, захапляе сваёй арыгінальнасцю і высокім прафесійным майстэрствам. Асаблівую ўвагу надае развіццю творчых здольнасцей дзяцей.
Вучні Алы Аркадзьеўны пішуць вершы, займаюць прызавыя месцы ў конкурсах, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Так у гэтым навучальным годзе вучаніца 10 класа Юлія Лісіца ў чарговы раз атрымала дыплом ІІ ступені ў трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, стала стыпендыятам абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, занесена на Дошку гонару Навагрудскага раёна, што, безумоўна, сведчыць аб прафесійным поспеху настаўніка.
Ала Аркадзьеўна ўмела арганізуе і пазакласную работу, накіраваную на выхаванне цікавасці да роднага краю, нацыянальнага здабытку беларускага народа, найперш да народных традыцый і звычаяў. З мэтай выхавання ў вучняў патрыятызму, далучэння да культуры Свіцязянскага краю па праекту настаўніцы ў школе распрацаваны і шырока выкарыстоўваецца электронны інфармацыйны рэсурс «О Свіцязянскі край, мой родны дом!». Настаўнік сістэматычна павышае сваю педагагічную кампетэнтнасць, трансліруе ўласны вопыт на старонках перыядычных выданняў «Беларуская мова і літаратура», «Народная асвета», «Настаўніцкая газета».
За шматгадовую якасную працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні школьнікаў А.А. Жукоўская ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, занесена на віртуальную Дошку гонару ўпраўлення адукацыі райвыканкама.
Шмат дастойных выпускнікоў выхавала Ала Аркадзьеўна. Многія з іх з цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка, як таленавітага, адданага сваёй справе чалавека. Вучні і бацькі ўдзячны А.А. Жукоўскай не толькі за грунтоўныя трывалыя веды, але і за любоў, адкрытасць душы, спагаду, памяркоўнасць і разважлівасць.
Гаворачы пра Алу Аркадзьеўну, хочацца правесці аналогію з вобразам Ганны – гераіні «Палескай хронікі» Івана Мележа, якая гэтак жа мае «на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд». Таленавітая, адказная, патрабавальная да сябе, паважлівая ў адносінах да іншых, шчырая, усмешлівая, дапытлівая і сціплая Ала Аркадзьеўна заўсёды застаецца чалавекам, для якога школа – гэта лёс, прызванне і ўсё жыццё.
Таццяна Аганоўская,
дырэктар Валеўскага ВПК д/с-СШ