24 снежня споўнілася 223 гады з дня нараджэння славутага паэта Адама Міцкевіча

24 снежня споўнілася 223 гады з дня нараджэння славутага паэта Адама Міцкевіча

24 снежня споўнілася 223 гады з дня нараджэння славутага паэта Адама Міцкевіча

24 декабря 2021 1179


Жыццё і ўся паэтычная творчасць Адама Міцкевіча цесна звязана з беларускай зямлёю, беларускім фальклорам, беларускай гісторыяй. Сваю радзіму Адам Міцкевіч вызначыў словамі «Зямля Навагрудская – краю мой родны» і «Літва! Мая Айчына». У шырокім разуменні Літвой у часы Міцкевіча лічылі ўсю тэрыторыю сучасных Беларусі і Літвы, паколькі яны на канец XVIII ст. былі аб’яднаны ў Вялікім Княстве Літоўскім. Грамадзяне гэтай краіны называліся літвінамі (ліцвінамі). Літвінам лічыў сябе і Адам Міцкевіч, аб чым неаднойчы пацвярджаў.

Бацька Адама Мікалай Міцкевіч нарадзіўся ў 1764 годзе і паходзіў з небагатага шляхецкага роду, які карыстаўся родавым гербам «Парай». Дзедам Мікалая Міцкевіча быў Кшыштаф Міцкевіч, родам з радунскай парафіі Лідскага павета, які сваю зямельную спадчыну ўступіў сваім сваякам, а сам пераехаў у Навагрудскі павет. У XVIII ст. продкі Мікалая мелі свае гаспадаркі ў вёсках Осава, Валеўка, Гарбатовічы, Скробава і Завоссе.
Атрымаўшы адукацыю, Мікалай Міцкевіч выконваў абавязкі каморніка і працаваў у Навагрудку адвакатам. Бацька Адама быў чалавекам высокага патрыятызму і рознабаковых інтарэсаў, прымаў удзел у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, захапляўся літаратурай, пісаў вершы.


Маці Адама Барбара была дачкой Матэвуша Маеўскага, аканома маёнтка ў Чамброве. Гаспадаром маёнтка быў Ігнацій Узлоўскі. Да шлюбу з Мікалаем Міцкевічам Барбара жыла ў гэтым маёнтку, дапамагала пані Узлоўскай у рознай хатняй рабоце, была на поўным утрыманні дзякуючы заслугам свайго бацькі. Выхаваная ў глыбока рэлігійным духу, яна была чалавекам сціплым, чулым, справядлівым. Пасля замужжа Барбары пані Узлоўская падтрымлівала з ёю добрыя адносіны, стала хроснай маці Адама. І Адам у сваім дзяцінстве часта быў у Чамброве. Многія даследчыкі лічаць, што менавіта чамброўская сядзіба паслужыла А. Міцкевічу правобразам Сапліцова ў яго паэме «Пан Тадэвуш».

У 1799 г. бацька Адама Мікалай Міцкевіч атрымаў у спадчыну фальварак Завоссе, куды яны з сям’ёй і пераехалі. Па іншай версіі, туды паехала толькі яго жонка і, магчыма, разам з дзецьмі. З 1801 г. Завоссе было здадзена ў арэнду, і сям’я перабралася у Навагрудак, дзе здымала кватэру ў доме Данейкаў па вуліцы Яўрэйскай насупраць касцёла дамініканцаў. У 1803 г. Мікалай Міцкевіч набыў непадалёку ад гарадской плошчы ўчастак зямлі, дзе ў хуткім часе пачаў будаўніцтва ўласнага дома. У 1806 г. узведзены драўляны будынак згарэў, і сям’я Міцкевічаў на пэўны час пераехала ў дом нейкай Гафейчовай. Каб аднавіць свой дом, Мікалай Міцкевіч пазычыў грошы ў аднаго з мясцовых адвакатаў, за што той атрымаў на пэўны час права яго бясплатнай арэнды. На гэты раз дом пабудавалі цагляны, і ён, па словах сябра Адама Ігната Дамейкі, быў адным з найпрыгажэйшых у горадзе на той час.
У доме Міцкевічаў на першым паверсе размяшчаліся гасцінная зала, пакой бацькі, у якім знаходзілася хатняя бібліятэка, пакой для старэйшых дзяцей, пакой для малодшых дзяцей, а таксама спальня бацькоў і сталовая. На паддашку размяшчаўся пакой для прыслугі. На гэты час у сям’і было пяцёра дзяцей: Францішак (1796 г.н.), Адам (1798 г.н.), Аляксандр (1801 г.н.), Ежы (1804 г.н.), Антоній (1805 г.н.).

Яшчэ ў маленстве маці навучыла Адама чытаць і пісаць. Дапамагаў у гэтым стары Керсноўскі, які пазней успамінаў: «Навука пайшла вельмі хутка, бо ён (Адам) здольнасць меў незвычайную, яму не патрабавалася паўтарэнняў». Восенню 1806 г. Міцкевічы ўзялі першага гувернёра для сваіх старэйшых сыноў, які вучыў іх граматыцы, даў асновы арыфметыкі і каліграфіі.

У верасні 1807 г. Адам Міцкевіч быў прыняты ў першы клас Навагрудскай дамініканскай школы. Адам Міцкевіч жыў непадалёку ад школы і хадзіў на заняткі з дому. Вучыўся Адам добра. Настаўнікі адзначалі яго выключную стараннасць і добрыя паводзіны. Можна сказаць, што ўсе прадметы даваліся яму лёгка, за выключэннем чыстапісання. Пісьмо, як ён пісаў пазней сябрам, выклікала агіду, бо літары нагадвалі павукоў. Маці неаднаразова звяртала ўвагу Адама на яго почырк. Гаварыла: «Пішаш, як курыца грабецца. Калі б ты быў вялікім панам, то сакратар махаў бы за цябе пяром, а паколькі ты ўбогі шляхціч, павінен умець даць сам сабе рады».

У 5-6-х класах Адам пачаў чытаць у арыгінале творы рымскіх класікаў, захапіўся польскай класічнай літаратурай, гістарычнымі творамі, рабіў пераклады з лацінскай мовы на польскую, спрабаваў пісаць п’есы. Пачаў складаць вершы. Праўда, вершаваныя практыкаванні былі часткай школьнай праграмы. Настаўнік рыторыкі даваў вучням заданні скласці невялікія эпіграфы і байкі. Аднак гэтыя сачыненні Адама нічым не вылучаліся сярод падобных твораў аднакласнікаў. Пэўнае прызнанне атрымала яго паэма «Ода аб пажары», напісаная ў 1810 г. пад уражаннем гарадскога пажару. Той пажар знішчыў у Навагрудку 18 жылых будынкаў і чуць не закрануў дом Міцкевічаў. У пажары ледзь не загінуў і бацька Адама, які знаходзіўся ў званіцы Мікалаеўскай царквы, ахопленай агнём, ратаваў архіў і дакументы. Выбрацца з палаючага будынка дапамог яму старэйшы сын Францішак.
3 гэтага года ў сям’ і Міцкевічаў пачалася паласа няшчасцяў. Памёр малодшы брат Адама – Антоній, праз год за бойку з салдатамі быў выключаны са школы Францішак, які неўзабаве цяжка захварэў на туберкулёз пазваночніка і падняўся ўжо гарбатым калекам. Значна пагоршылася здароўе і ў Мікалая Міцкевіча. 16 мая 1812 г., ён памёр ва ўзросце 47 гадоў. Пасля смерці мужа і бацькі дом быў здадзены ў арэнду аптэкару Краеўскаму, а Барбара Міцкевіч разам з дзецьмі перайшла жыць у флігель. Адама на некаторы час узяў да сябе ў Руту дзядзька Мернард Растоцкі, і ён быў вымушаны прапусціць чарговы школьны год.

Вядома ж, само навучанне ў школе не абмяжоўвалася толькі ўрокамі. Працаваў тут драматычны гурток, у якім Адам іграў у самадзейных спектаклях, выконваючы часта жаночыя ролі. У адным са спектакляў сыграў Барбару Радзівіл. Але найбольшай папулярнасцю ў вучняў карысталася гульня ў войска. У школе быў створаны дзіцячы «ваенны корпус, у склад якога ўвахо дзіла 6 палкоў (па колькасці класаў). Чыны тут даваліся толькі ў залежнасці ад поспехаў у вучобе. Выдатнік-сірата, напрыклад, мог быць найвышэйшым па рангу за сына багача, калі той быў адстаючым. Настаўнікі, гувернёры і бацькі пашылі для гэтай арміі неабходнае абмундзіраванне і змайстравалі «зброю». Пасля ўрокаў вучні ішлі на гарадскія ўскраіны, часцей за ўсё да гары Міндоўга, дзе праводзілі свае «ваенныя манеўры».

Увогуле, школьнае жыццё ў навагрудскіх дамініканаў было даволі строга рэгламентавана і часамі нагадвала муштру. Часам гэта выклікала ў дзяцей пратэсты і непаслушанне, як пазней напісаў Адам у жартаўлівым вершы на дзень нараджэння свайго сябра Яна Чачота:
... Xто ж, акрамя нас з табой, Яне, сваволіў
Так, што адно сцены трасліся ў школе.
Хто не раз белакаптурым смела пярэчыў,
Пад палкі іх падстаўляючы плечы…

Напэўна, тут ёсць юнацкае перабольшванне свайго гераізму, бо, як сведчаць школьныя рапарты, паводзіны ў Адама былі заўсёды добрымі. З узгаданым тут Янам Чачотам, таксама вучнем гэтай жа школы, Адам Міцкевіч пасябраваў яшчэ ў першым класе. Яны часта разам бавілі час, любілі хадзіць на сялянскія вяселлі, дажынкі, хаўтуры, на знакамітыя навагрудскія кірмашы. «Убогая страха і мясцовая песня – па словах іх агульнага сябра Ігната Дамейкі – распаліла ў іх сэрцах першы паэтычны агонь». Хаця адносна Адама Міцкевіча трэба дадаць, што і атмасфера яго бацькоўскага дома дала яму шмат і для будучай паэзіі, і для фарміравання свайго бачання свету, сваёй грамадзянскай пазіцыі, якую ён пранёс праз жыццё. У бацькоўскім доме ён чуў ад старога слугі Блажэя, якому дзеці далі мянушку Адысей, апавяданні аб падарожжах і прыгодах з духамі. Жыла ў доме і няня Ганна Гансеўская, ад якой дзеці пачулі мноства народных песень, баек і мясцовых паданняў. Яшчэ калі жыў бацька, у доме Міцкевічаў часта збіралася мясцовая шляхта – у асноўным служачыя суда.

У 1815 г . Адам Міцкевіч закончыў Навагрудскую дамініканскую школу і атрымаў адпаведнае пасведчанне, дзе было напісана: «Кожнаму асобна, каму аб гэтым ведаць павінна, засвядчаем, што спадар Адам Міцкевіч у нашай Навагрудскай публічнай школе на працягу года наведваў шосты клас, да ўсіх навук адносіўся старанна і нічога не здзяйсняў супраць маралі, а надварот, вызначаўся набожнасцю і бездакоранасцю паводзін». У выніковай характарыстыцы яго вучобы настаўнікі адзначылі: «Здольнасць да навук добрая, поспехі – добрыя, паводзіны – добрыя».

Заканчэнне школы давала яе выпускнікам права на вучобу ў Віленскім універсітэце. У верасні 1815 г. Адам у спадарожнай купецкай павозцы накіраваўся ў Вільню, дзе і атрымаў вышэйшую адукацыю.

У кастрычніку 1820 г. памерла Барбара Міцкевіч. Адам пісаў: «Маці – гэта была мая найвялікшая трывога і ўся асалода, усё маё суцяшэнне! Я не мог ёй нічым дапамагчы, але суцяшаў сябе надзеяй, што калі-небудзь мой шчаслівы лёс будзе і для яе палёгкай і шчасцем. Мары гэтыя растаялі, як дым! Я застаўся адзін. Нішто мяне асабліва не звязвае з домам. Невялікая дапамога братам, а ва ўсім астатнім я адзін!»

Апошні раз Адам Міцкевіч наведаў Навагрудскі край летам 1821 г.
Уражанні ад наведвання дома засталіся сумныя. «Пастаў сябе на маё месца, – пісаў паэт пазней Яну Чачоту, – ніхто мяне не сустрэў, не чуў я ранейшага: «Адам, Адам!» Такі мяне сціснуў жаль, што доўга не мог адысці. Хадзіў па ўсіх кутках, адчыніў дзверы кладоўкі, потым зверху спусцілася наша старая служанка, якую ледзьве пазнаў у цемры – ды й цяжка было яе пазнаць: з бледным тварам, і са слядамі даўняй беднасці. Пасля, як пазналі адзін аднаго, разам плакалі. Гэтая бедная служанка пражыла ў нас век, а цяпер засталася без сродкаў да жыцця. Доўгі час жыла ў гэтым доміку, зарабляючы сабе працаю. Аддаў бы ёй апошні грош, калі б на той час меў пры сабе».


Навагрудчына – самы мілы на зямлі, самы дарагі сэрцу край, дзе назаўсёды засталася часцінка душы паэта. А колькі любві, болю, тугі ў словах яго прызнання: «І вечна сняцца мне Навагрудак і Туганавічы…» Чытаючы яго творы, яго пісьмы, успаміны аб ім сучаснікаў, здаецца, не было ў жыцці Адама Міцкевіча ні аднаго дня, каб ён не ўспамінаў Радзіму. Навагрудская зямля таксама памятае свайго славутага сына. На малой радзіме нямала робіцца па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча.

24 снежня споўнілася 223 гады з дня нараджэння славутага паэта, земляка. Мы запрашаем жыхароў нашага горада і раёна завітаць у дом-музей, здзейсніць экскурсію, пачытаць разам яго паэтычныя творы, узгадаць вядомыя звесткі з жыцця паэта і даведацца пра малавядомыя факты біяграфіі.

Мікалай Гайба,
старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.