Касцёл езуітаў

Касцёл езуітаў

Касцёл езуітаў

29 января 2020 3426
Мураваны касцёл езуітаў быў пабудаваны ў 1702 годзе, але ён быў пашкоджаны ў пажары 1751 года. У 1754 годзе адбудаваны на сродкі падканцлера ВКЛ Казіміра Сапегі. Дзейнасць касцёла мела вялікі ўплыў на рэлігійнае жыццё Навагрудка. У час свят тут  збіралася шмат людзей, ставіліся батлеечныя спектаклі, прысвечаныя Хрыстоваму нараджэнню і іншым рэлігійным святам, разыгрываліся прадстаўленні на біблейскія сюжэты. 

IMG_9704.jpg
Езуіты будавалі свае храмы толькі ў стылі барока. Яны былі пышна ўпрыгожаны ўнутры і звонку. У інвентары касцёла, складзеным у 1774 годзе, дадзена падрабязнае апісанне знешняга выгляду касцёла. Касцёл меў дзве вежы, на якіх узвышаліся  жалезныя крыжы. Унутры вежаў былі чатыры званы рознай велічыні і вялікі гадзіннік з боем. Перад мансардай – мураваны бабінец, пакрыты дахоўкай. Сцены і скляпенні былі распісаны фрэскамі, падлога мармуровая, вокны зашклёныя. Па баках вялікага алтара мелася дзве сакрыстыі. 
Унутры касцёла быў мураваны хор. Алтары ўпрыгожаны размаляванай і пазалочанай ляпнінай. Амвон і алтар Ісуса Хрыста выразаныя з дрэва і прыгожа распісаныя. 
Святары езуіцкага касцёла мелі вялікі аўтарытэт сярод мясцовай шляхты. Яны аказвалі шляхце розныя рэлігійныя паслугі. У касцёле можна было заказаць чытанне малітвы за здароўе, а таксама за памерлых. Многія заможныя шляхціцы хацелі пасля смерці быць пахаванымі ў сямейным склепе езуіцкага касцёла. 
З 1673 года ў езуіцкім касцёле знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай Навагрудскай. 
У двухтомніку, які быў выпушчаны да 100-гадовага юбілею Міцкевіча ў 1898 годзе быў надрукаваны артыкул «Аб цудадзейных абразах Маці Божай у Навагрудку». Яго аўтар Эдвард Навакоўскі прыпісвае выратаванне Адама Міцкевіча, апісанае ў «Пане Тадэвушы», цудадзейнаму езуіцкаму абразу.
У 1773 ордэн езуітаў быў забаронены. На нашых землях была створана Літоўская размеркавальная камісія, якая займалася канфіскацыяй і размеркаваннем нерухомай маёмасці езуітаў. Езуіцкі  калегіум і касцёл у Навагрудку быў зачынены. Па некаторых звестках, на час закрыцця калегіума, у ім налічвалася звыш 40 чалавек. Будынак калегіума з усім вучэбным абсталяваннем і бібліятэкай быў перада­дзены школе, якая існавала пры дамініканскім кляштары.
Касцёл пасля закрыцця прыйшоў у заняпад і паступова разбураўся. Яшчэ ў пачатку ХІХ ст. яго будынак стаяў на вуглу плошчы,  але ўжо тады з яго вежаў былі знятыя званы і адпраўлены ў Вільню ў касцёл Святога Казіміра. Пазней касцёл разабралі, а цэгла з яго пайшла на будаўніцтва крамаў і корчмаў на рынку.
Мінская вуліца, пач. ХХ ст..jpg
Астатнія будынкі яшчэ некаторы час выкарыстоўваліся ўладамі. У розныя часы ў іх размяшчаліся вайсковы шпіталь і склады, канцылярыя вайсковага начальніка, вайсковыя казармы. Пасля нядбайнага выкарыстання будынкаў яго ўнутраныя памяшканні былі значна па­шкоджаны,  часткова перабудаваны.
Пры польскай ўладзе, у перыяд з 1921 па 1939 гг., тут размяшчаліся класы польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча, паўшэхная школа Пірамовіча і магістрат.
У пасляваенны перыяд гэтыя будынкі былі разабраныя. Зараз на іх месцы па вуліцы Мінскай знаходзіцца гандлёвы цэнтр.
Г. КАВАЛЬЧУК,
старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея