У Беларусі беражліва захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – Эльвіра Сарока

У Беларусі беражліва захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – Эльвіра Сарока

У Беларусі беражліва захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – Эльвіра Сарока

25 июня 2021 1092
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму. Абодва дакументы, якія раней былі прынятыя дэпутатамі, адобраны і Саветам Рэспублікі.

У нашай краіне пытанням недапушчэння рэабілітацыі нацызму заўсёды надавалася асаблівая ўвага. Мы звярнуліся за каментарыямі да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіры Сарока.

– У Беларусі беражліва захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Няма, мабыць, ні адной сям’і, якую б яна ні закранула. Ніводная краіна не перажыла столькі, колькі Беларусь. Менавіта ў нас быў самы масавы партызанскі руху свеце. І сёння мы ведаем што ў тыя страшныя гады загінуў амаль кожны трэці жыхар нашай краіны.

За пасляваенныя гады выраслі новыя пакаленні. На шчасце, яны не бачылі вайны і нават не ўсе чулі пра яе з першых вуснаў, ад непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Аб падзеях тых гадоў сённяшняй моладзі расказваюць кнігі, фільмы і інтэрнэт, дзе, на жаль, у апошні час скажаецца праўда. Гераізацыя памагатых фашыстам, узвядзенне на п’едэстал таго, супраць чаго ваявалі нашы дзяды і прадзеды, – гэта неанацысцкая ідэалогія. У нашых заходніх суседзяў набіраюць папулярнасць адпаведныя тэматычныя сайты, дзе не проста заахвочваецца ідэалогія нацызму, але і гучаць заклікі далучыцца да яго руху. Пад выглядам альтэрнатыўнага варыянту беларускай гісторыі нам расказваюць пра тое, што Вялікая Айчынная вайна была ці ледзь не грамадзянскай, а тыя, хто супрацоўнічаў з фашыстамі, змагаліся за незалежнасць Беларусі. Уяўляю, як балюча чуць гэтыя словы паважаным ветэранам. Бо такім чынам мы не заўважаем тых пакут, што выпалі на долю нашага народа ў гады вайны, і пазбаўляем моладзь сапраўдных каштоўнасцей, асновай якіх з’яўляецца гістарычная праўда. У моладзі, якая чытае толькі інтэрнэт, складваюцца няправільныя ўяўленні, хто ёсць хто.

У некаторых краінах ад слоў пераходзяць да актыўных дзеянняў. У гарадах Польшчы, Украіны, Чэхіі ўжо зносяць помнікі савецкім воінам, якія вызвалялі гэтыя гарады ад нацыстаў. А ў героі і куміры ўзносяць тых, чые рукі ў крыві жанчын, дзяцей, старых. Да прыкладу, той жа Сцяпан Бандэра, чыім імем сёння называюць вуліцы ва ўкраінскіх гарадах і пасёлках, быў адзін з ініцыятараў генацыду палякаў на Валыні, ваяваў на баку фашыстаў супраць СССР.

Каб спыніць фальсіфікацыю гісторыі, захаваць сучаснасць і будучыню нашай краіны, у Беларусі і прыняты закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». У ім прапісана выразная забарона на гераізацыю нацызму, яе фінансаванне, дзейнасць арганізацый, уключаючы замежныя, якія прапагандуюць гераізацыю нацызму, у тым ліку ў інтэрнэце. Устанаўліваюцца асноўныя напрамкі прафілактыкі рэабілітацыі нацызму і прадугледжаны меры процідзеяння ў гэтым накірунку.

У год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны асабліва важна задумацца, якую гісторыю мы пішам цяпер. Беларусы – мірная, працавітая і, галоўнае, сумленная нацыя. Мы ганарымся сваёй гісторыяй і нікому не дазволім яе перакрэсліць.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»