Віншаванне благачыннага цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэя Анатолія Герасімука са светлым днём Вялікадня
12 апреля 2026

Віншаванне благачыннага цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэя Анатолія Герасімука са светлым днём Вялікадня

З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

Усешаноўныя айцы, дарагія браты і сёстры! З пачуццём глыбокай духоўнай радасці дазвольце павіншаваць вас з надыходзячым святам Уваскрэсення Госпада Ісуса. Гэты дзень царкоўны статут называе «святам усіх свят і ўрачыстасцю з урачыстасцей». Радаснае, прыгожае набажэнства, духоўны трыумф народу ў велікодную ноч – усё гэта перадае веліч падзеі, якую Гасподзь учыніў дзеля роду чалавечага.

Уся гісторыя чалавецтва пасля выгнання Адама і Евы з раю была часам чакання Збаўцы. Яшчэ да выгнання Гасподзь даў абяцанне, што прыйдзе Той, Хто вызваліць людзей ад першароднага граху. Ішлі гады, стагоддзі, тысячагоддзі, і вось абяцанне Божае споўнілася на Прачыстай Дзеве Марыі. Маці Божая стала тым чыстым сасудам, якога не крануў грэх. Адзін святы разважаў: можа, усё ж нейкі грэшны намер у Яе быў, бо прырода чалавека аслаблена грахом? Але яму з’явіўся Анёл Гасподні і сказаў: «Не, нават грэшнай думкі ў Прасвятой Багародзіцы не было». Час служэння Маці Божай на зямлі – гэта час знаходжання ў малітве і ў працы пры Святым Храме.

І вось прыходзіць у свет Збаўца, якому далі імя Ісус Хрыстос. Ён жыў у зямлі абяцанай, прапаведаваў, уваскрашаў, пацярпеў на Галгофе і памёр, каб дараваць нам жыццё вечнае. Вядома месца Труны Гасподняй, на якую штогод у ноч перад Вялікаднем сыходзіць благадатны агонь. Не было ні выкрадання, ні чалавечай хітрасці – Гасподзь уваскрос сілай Свайго Боства, і сведчанне таму – благадатны агонь.

Мы заўсёды асаблівым чынам чакаем Вялікадня Гасподняга. Мы здзейснілі подзвіг посту, многія ачысцілі душу ў святых таінствах, і ўжо праз гадзіны мы будзем сведчыць: «Хрыстос уваскрос!»

Царква вучыць: Вялікдзень вечны, але пытанне ў тым, ці будзем мы самі ў Вялікадні. Для гэтага трэба жыць па волі Божай і памятаць галоўны закон Евангелля – закон любові. Як кажа апостал Іаан Багаслоў: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае».

Кожны год Вялікдзень не паўтараецца, рух ідзе па спіралі, і радасць кожны раз іншая. Слава Богу, што гэтая духоўная радасць ёсць! У велікодную ноч, калі Гас подзь асабліва блізкі, заклікаю ўсіх памаліцца пра выратаванне душ, пра сем’і, пра нашу краіну. Узнясем малітву за Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка і яго бліжэйшых памочнікаў. Дзякуем Богу за мір у нашай краіне, за тое, што нашы дзеці не ваююць – гэта вялікае шчасце. Заўсёды царква малілася за ўладу нашу дзяржаўную, зараз няпросты час, шмат гіне людзей, шмат бітваў на планеце, дык памолімся пра мір асаблівым чынам.

Дарагія айцы, браты і сёстры, віншую ўсіх з Вялікім Святам. Жадаю, каб мы не выходзілі з гэтага велікоднага стану, стараліся жыць па любові, развіваць яе ў сваёй душы. Духоўная навука – найвышэйшая навука на зямлі. Дай Бог, каб асновай нашага жыцця стала Святое Евангелле.

Са святам Вялікадня Гасподняга! Няхай памножацца гады вашага жыцця, і няхай Гасподзь умацуе кожнага з нас у зямным служэнні. Амін. Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій ГЕРАСІМУК.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |