Усё павінна быць у меру, ці як засцерагчыся ад спякоты

Усё павінна быць у меру, ці як засцерагчыся ад спякоты

Усё павінна быць у меру, ці як засцерагчыся ад спякоты

21 июля 2021 1021
Лета ў самым разгары як у прамым, так і пераносным сэнсе. Не першы тыдзень у Беларусі стаіць анамальная спякота – тэмпература паветра больш за +30 °C, а бывалі дні, калі яна даходзіла да рэкордных + 35 °С. Адны спякоце радуюцца, другія пакутуюць і чакаюць наступлення прахалоды. Ёсць спадзяванне, што на бягучым тыдні тэмпература стане больш камфортнай. Аднак сёлетняе лета ўвесь час прыносіць нам сюрпрызы. Чэрвень і палова ліпеня паказалі, якім спякотным можа быць лета-2021, а наперадзе яшчэ жнівень.

Як захаваць здароўе ў спякотнае надвор’е? Хто рызыкуе больш за ўсіх у спякотныя дні? Ці варта спадзявацца на кандыцыянеры і вентылятары? Пра гэта і не толькі наша размова з урачом-гігіеністам, загадчыкам аддзела гігіены Навагрудскага ЦГЭ Вольгай Кропікавай.

Чым небяспечная спякота

У гарачае надвор’е павялічваецца рызыка пераграванняў і цеплавых удараў. Акрамя гэтага, летам узрастае рызыка сонечных апёкаў, а таксама траўмаў, звязаных з адпачынкам і работай на дачных участках. – Генетычна людзі, якія пражываюць у Беларусі, адаптаваныя да мяккіх летніх тэмператур да + 25-27 °С, таму гарачае надвор’е ў спалучэнні з вільготнасцю паветра нашага рэгіёну вельмі негатыўна адбіваецца на самаадчуванні беларусаў. Анамальная спякота найбольшую небяспеку ўяўляе для людзей сталага ўзросту, дзяцей, людзей з хранічнымі хваробамі сістэмы кровазвароту. Менавіта гэтыя катэгорыі насельніцтва асабліва адчувальныя да перагрэву і абязводжвання арганізма, – падкрэсліла Вольга Сяргееўна. – Чаму так? У дзіцяці, напрыклад, абмен рэчываў значна больш актыўны, чым у дарослых, а гэта азначае, што цяпла яно выпрацоўвае больш і перагрэць яго значна лягчэй. І наадварот, складанасці з перанясеннем спякоты бабулямі і дзядулямі звязаныя з тым, што абменныя працэсы запавольваюцца, чалавек губляе здольнасць нармальна пацець і рэгуляваць тэмпературу цела, яго скура далікатная і дрэнна абараняе ад сонца.

Галоўнае – самакантроль

– Не трэба захапляцца залішнім астуджэннем, усталёўваць скразнякі. Не выратуюць ад спёкі ледзяныя напіткі і халодны душ. Застудзіцца можна і летам. Што не пашкодзіць – кантрасны душ. Ім можна карыстацца некалькі разоў на дзень па неабходнасці. Ён не толькі садзейнічае ўмацаванню сардэчна-сасудзістай сістэмы, але і ўзбадзёрвае.

У цэлым мінімізаваць уплыў гарачага надвор’я не так ужо і складана. Першае, што трэба запомніць тым, хто хоча правесці лета, не нашкодзіўшы арганізму, – гэта выконваць рэжым выхаду на адкрытае сонца. Агульнавядома, што найбольш небяспечныя яго прамяні ў прамежку з 12.00 да 16.00. У гэты час часцей адбываюцца сонечныя і цеплавыя ўдары.

Прагулкі рабіце ў перыяд найменшай актыўнасці сонца – да 10.00 і пасля 19.00. Днём лепш знаходзіцца ў памяшканні, якое добра праветрываецца. Дома таксама можна развесіць вільготныя ручнікі і прасціны, завесіць вокны, часцей рабіць вільготную ўборку, – раіць урач-гігіеніст.

Вялікае значэнне мае правільна падабраны абутак і адзенне. Вопратка павінна быць светлага колеру, толькі з натуральнай тканіны, свабоднага крою, без рамянёў. Пажадана насіць галаўны ўбор і сонцаахоўныя акуляры. Абутак таксама павінен быць толькі з натуральных матэрыялаў, свабодны і без абцасаў. Парада жанчынам: паменш касметыкі на твары.

Не ўсякая прахалода карысная

– Ёсць магчымасць – выкарыстоўвайце кандыцыянер, толькі не забудзьцеся зачыніць вокны і дзверы. Не ўсе людзі ўсведамляюць, што актыўнае прымяненне кандыцыянера можа пагражаць чалавеку пераахолоджваннем, – папярэдзіла Вольга Кропікава. – Галоўнае – не знаходзіцца ў зоне прамога абдзімання, пад струёй паветра. А яшчэ важна не перашчыраваць – калі за акном + 30 °C, усталюйце кандыцыянер на + 23 °C, каб не было рэзкага перападу тэмператур пры выхадзе на вуліцу.

Калі памяшканне не абсталявана кандыцыянерам, адкрывайце вокны на ноч, калі тэмпература паветра на вуліцы ніжэйшая чым у памяшканні; пры гэтым стаўце вентылятар каля акна, каб забяспечыць прыток у памяшканне свежага паветра.

Што ў меню

У гарачае надвор’е лепш адмовіцца ад цяжкай, тлустай ежы. Пад забаронай прадукты з некантралюемым утрыманнем солі, у тым ліку каўбасы, сасіскі. Соль – гэта затрымка вадкасці ў арганізме. Уключайце ў рацыён больш свежай садавіны і агародніны, зеляніны.

Важна памятаць аб неабходнасці папаўняць запасы вадкасці ў арганізме. Самая камфортная тэмпература пітной вады для арганізма + 20... + 24 °С. Аб’ём спажываемай вадкасці залежыць ад таго, як шмат чалавек рухаецца, колькі ён прывык піць пры нармальным надвор’і, як доўга ён знаходзіцца на спякоце. Піць занадта шмат вады не варта людзям з захворваннямі нырак і сардэчна-сасудзістай сістэмы, – адзначыла Вольга Кропікава.

Надакучыла вада? Выбірайце чай. Але ён павінен быць слаба завараным, несалодкім, пажадана з лімонам. Чорны ці зялёны – справа густу, можна на выбар. Не мае значэння халодны чай ці гарачы, дарэчы, менавіта гарачы чай прынясе ў спякоту большую палёгку. Вельмы карысныя ў спякоту травяныя зборы – з рамонку, язміну, шыпшыны, мяты і інш. Калі ў іх пакласці крыху мёду, даць настаяцца і піць астуджанымі – гэта не толькі смачна, але і карысна. Людзям, якія маюць захворванні сістэмы кровазвароту, варта выключыць такія фактары рызыкі для здароўя, як алкаголь і курэнне. Поўнасцю выключыць з рацыёну, асабліва дзіцячага, неабходна газіраваныя напіткі і чыпсы.

Не захапляйцеся марожаным! Яно толькі стварае ілюзію астуджэння, а на самай справе гэта каларыйны прадукт, і яго залішняе ўжыванне толькі павялічыць выпрацоўку цяпла і паспрыяе хутчэйшаму набору лішніх кілаграмаў.

Асаблівую ўвагу варта надаць бяспецы харчавання – не купляйце прадукты, якія хутка псуюцца, не парушайце тэхналогію падрыхтоўкі страў, тэрміны і ўмовы захоўвання прадуктаў.

Падрыхтавала А. Ермакова, «НЖ»