Усё ў нашых руках

Усё ў нашых руках

Усё ў нашых руках

30 ноября 2021 873

Сённяшняя восень прынесла нам так званую чацвёртую хвалю захворванняў на кавід, якая стала самай напружанай па колькасці захварэлых. Тым не менш медыкі канстатуюць, што другая дэкада лістапада паказвае ўпэўненае зніжэнне выпадкаў захворвання ў цэлым, у тым ліку і каронавірусных пнеўманій.

«Прамая лінія» з намеснікам галоўнага   ўрача па   паліклінічнай рабоце УАЗ «Навагрудская ЦРБ» Марынай ФІСЕНКА, якая прайшла на мінулым тыдні, паказала, што, калі   градус   напружання   некалькі   знізіўся, людзі ўсё роўна застаюцца занепакоенымі і баяцца па-ранейшаму: адны захварэць, другія прайсці вакцынацыю. І ўсе пытаюцца: «Ну калі ўжо ўсё скончыцца?».

Жыхар горада Вячаслаў Яўгеньевіч – інвалід ІІ групы – зрабіў першую прышчэпку на даму і вельмі хваляваўся, што прайшло ўжо тры тыдні, а да яго яшчэ не прыехалі, каб увесці другі кампанент прышчэпкі.
– Хвалявацца не трэба, – адразу супакоіла суразмоўцу Марына Аляксандраўна. – Мінімальны тэрмін, які павінен   прайсці   пасля   ўвядзення   першага   кампанента,   тры   тыдні,   больш можна, менш нельга. Прышчэпачныя   брыгады   выязджаюць   на   вакцынацыю кожны дзень, пагэтаму да вас таксама абавязкова заедуць.

Патэлефанавала жанчына, якая не назвала сябе: «Ходзяць чуткі, што зараз у нашай бальніцы амаль палова пацыентаў, якія захварэлі ўжо пасля вакцынацыі?»
– З усёй адказнасцю гавару, што ў нашай бальніцы пацыенты, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі, амаль не сустракаюцца. За ўвесь перыяд з верасня па сённяшні дзень на лячэнні ў стацыянары   знаходзілася   95-97%   людзей, якія былі невакцынаваныя, у астатніх 3-5 % вакцынаваных, у якіх   была   выяўлена   двухбаковая   пнеўманія, захворванне працякала ў сярэдняй ступені цяжкасці і не патрабавала штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пры гэтым у такіх пацыентаў назіраліся і іншыя хранічныя захворванні.
Так,    прышчэпка    не    гарантуе    100-працэнтнай   абароны,   але   яна   садзейнічае больш лёгкаму працяканню хваробы і абараняе ад лятальныга   зыходу.   Акрамя   гэтага, у   чалавека   фарміруецца   імунітэт,   што вельмі важна. Чым больш вакцынаваных людзей, тым менш вірус муціруе і зніжаецца хуткасць яго распаўсюджвання. А вось такія чуткі толькі збіваюць людзей з толку.

Наталля Іванаўна, пенсіянерка: «Ці можна зрабіць прышчэпку ў гандлёвым цэнтры «Поні», бо баюся ісці ў паліклініку? Якой вакцынай лепш прышчапіцца – кітайскай ці расійскай?»
– Пункт вакцынацыі ў гандлёвым цэнтры «Поні» працаваў у пачатку лістапада, такім чынам мы хацелі пашырыць магчымасці прышчапіцца тым людзям, хто на самой справе баіцца   наведваць   паліклініку   з-за   распаўсюджвання   каронавіруса   ці   не мае часу на працягу рабочага дня зрабіць прышчэпку. Пункт працаваў у буднія дні з 16.00 да 19.00 і выхадныя з 11.00 да 15.00. У кожнага жадаючага зрабіць прышчэпку была магчымасць, адправіўшыся за пакупкамі, прышчапіцца. Жадаючых было не шмат, пагэтаму пункт закрыўся, але калі будзе такая неабходнасць, мы гатовы зноў арганізаваць гэтую работу. Інфармацыя будзе размешчана ў газете «Новае жыццё». Сёння назіраецца зніжэнне захворвання на каронавірус, таму вы можаце наведаць і паліклініку.
Якой   вакцынай   лепш   прышчапіцца, кожны вырашае сам. У нас у наяўнасці ёсць і кітайская вакцына «Vero Cell», і расійская «Спадарожнік V». Пасля прышчэпкі кітайскай вакцынай    рэдка    назіраецца    павышэнне тэмпературы цела, іншыя пабочныя эфекты, але лічыцца, што расійская    вакцына    больш    эфектыўная.   Хачу   падкрэсліць,   што   ў   пажылых людзей агульных рэакцый менш, чым у моладзі. Пагэтаму пенсіянерам не трэба вельмі хвалявацца аб сур’ёзных пабочных эфектах ад адной з вакцын.

Тамара Мікалаеўна з Валеўкі спытала: «Ці трэба вакцынавацца і супраць каронавіруса, і супраць грыпу, можа, гэта небяспечна?»
– Калі чалавек не прайшоў вакцынацыю     супраць     каронавіруса,    то прыярытэт трэба аддаць гэтай прышчэпцы. Затым праз два тыдні пасля ўвядзення другога кампанента прышчэпкі ад каронавіруса мы рэкамендуем вакцынавацца супраць грыпу.    Лічу,    што    супраць    грыпу    прышчапіцца таксама неабходна, бо мы не ведаем, як будзе складвацца эпідэміялагічная сітуацыя ў перыяд пад’ёму захворавання на грып. Пачатак эпідэміі ў нашым раёне прыпадае звычайна на люты-сакавік. Па-гэтаму супраць грыпу мы вакцынуем людзей да 1 студзеня. Пры жаданні прышчапіцца супраць дзвюх інфекцый адначасова таксама можна, але не ў адно плячо, а ў розныя.

Людміла Пятроўна, пенсіянерка: «Я маю шэраг хранічных захворванняў і мне патрэбна прыйсці на прыём да эндакрынолага. Ці можна атрымаць планавую дапамогу?»
–   На   сённяшні   дзень   раённая   паліклініка      ажыццяўляе      планавы прыём пацыентаў у звычайным рэжыме.   Запісацца   на   прыём   да   ўрача-эндакрынолага   і   іншых   спецыялістаў можна па тэлефонах у рэгістратуры 4-83-31, 4-81-46. Акрамя гэтага, пашырана колькасць    прыёму    ўрачамі    агульнай    практыкі, бо ў так званай «чырвонай зоне» ў паліклініцы колькасць хворых на вострыя рэспіраторныя захворванні, у тым ліку і на каронавірус, значна знізілася.

Віктар Іванавіч, жыхар горада: «Прайшло амаль паўгода, як зрабіў прышчэпку ад каронавіруса расійскай вакцынай «Спадарожнік V». Якую з вакцын выбраць потым, пры чарговай вакцынацыі?»
– Сёння спецыялісты рэкамендуюць праводзіць бустэрную   вакцынацыю   праз шэсць месяцаў і болей расійскай   вакцынай   –   «Спадарожнікам Лайт», якая сябе добра зарэкамендавала і ўводзіцца аднакратна. Такая своечасовая    рэвакцынацыя    вельмі    патрэбная.   Яна   дапамагае   падняць   крыжаваны імунітэт паміж штамамі і ўзроўнем антыцел у крыві чалавека.
Часта нам задаюць пытанне наконт таго, што перад прышчэпкай лепш зрабіць аналіз на антыцелы, і, даведаўшыся іх узровень, уво дзіць вакцыну супраць каронавіруса, бо гэта больш небяспечна. Як сцвярджае Сусветная арганізацыя аховы здароўя,   вакцынавацца   ад   коронавіруса можна пры любым узроўні антыцел. Іх наяўнасць не азначае, што вакцына нанясе шкоду. Большасць стандартных тэстаў, якія выкарыстоўваюцца ў клінічных умовах, не   могуць   дакладна   сказаць,   які   ў   канкрэтнага   чалавека   ўзровень   імунітэту. Гэта не значыць, што яны не вызначаюць антыцелы, але вызначэнне ўзроўню імунітэту можна ажыццявіць толькі ў навуковай лабараторыі з   выкарыстаннем   спецыфічных лабараторных тэстаў, якія даюць дакладную ацэнку ўзроўню імунітэту.

Ірына Міхайлаўна, жыхарка горада: «Хачу вакцынавацца, ці трэба неяк рыхтавацца да прышчэпкі? На здароўе не скарджуся, але можа ёсць якія-небудзь супрацьпаказанні да вакцынацыі?
– Нічога асаблівага для ўвядзення вакцыны рабіць не трэба. Адзінае, што   патрэбна,   –   быць   здаровым.   Нельга рабіць прышчэпку ў час захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, абвастрэння хранічных захворванняў – гэта прынцып для ўвядзення любой вакцыны. Але ўрач абавязкова   выбера   момант,   калі   лепш за ўсё зрабіць прышчэпку.
Што тычыцца супрацьпаказанняў, то на сённяшні дзень няма груп захворванняў, пры якіх вакцына супрацьпаказана, але нельга ўводзіць яе людзям, у якіх раней назіраліся цяжкія алергічныя рэакцыі. Калі дома нехта з членаў сям’і хварэе каронавірусам, то прышчэпку таксама лепш адкласці не менш чым на два тыдні.
Калі гаварыць у цэлым, то сёння самы аптымальны перыяд для вакцынацыі,   бо   ўзровень   захворвання   пакуль знаходзіцца на нізкай ступені.
Вакцынацыя неабходная, паколькі яна памяншае верагоднасць цяжкай формы захворвання і зніжае хуткасць перадачы віруса. Калі мы вакцынаваны, мы абараняем не толькі сябе, але і навакольных. Паколькі некаторым людзям – да прыкладу, дзецям і тым, хто хварэе цяжкімі захворваннямі або мае пэўныя віды алергіі – вакцыны могуць быць проціпаказаныя, іх абарона ад COVID-19 залежыць ад наяўнасці прышчэпак у навакольных, якія вакцынуюцца і тым самым спрыяюць скарачэнню распаўсюджвання хвароб.

Як паказала сусветная практыка, масачны рэжым таксама з’яўляецца эфектыўнай мерай па стрымліванні росту захворвання на COVID-19. Мы ўсе павінны ўсведамляць сваю адказнасць за акружаючых нас людзей – як знаёмых, так і незнаёмых – працягваць насіць маскі, выконваць сацыяльную   дыстанцыю   там,   дзе   найбольш высокая верагоднасць заразіцца каронавірусам.
– Адказаць адназначна, калі ўсё гэта скончыцца, сёння складана, бо доўгі час у медыкаў адказу на гэтае пытанне не было. Цяпер ён выразны і нават катэгарычны: вакцынацыя – наш адзіны спосаб вярнуцца да нармальнага жыцця, усё ў нашых руках, – падвяла вынікі размовы Марына Фісенка. Упэўнена,   што   перамагчы   хваробу   можна толькі шляхам фарміравання калектыўнага імунітэту.


Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ».