Праект Бацькаўшчына. Гады ваеннага ліхалецця 1914-1921 гг. сталі сапраўдным выпрабаваннем для Навагрудка і яго жыхароў

Праект Бацькаўшчына. Гады ваеннага ліхалецця 1914-1921 гг. сталі сапраўдным выпрабаваннем для Навагрудка і яго жыхароў

14 июля 2022 848

У гады ваеннага ліхалецця 1914-1921 гг. Навагрудак і яго жыхары зведалі ўсе беды і страты, якія заўсёды прыносіць з сабой вайна. Мабілізацыя, прымусовае бежанства і рэквізіцыя 1914-1915 гг., працяглая германская акупацыя, а пасля чаргаванне на працягу 1919-1920 гг. савецкай і польскай улады парушылі размеранае, звыклае жыццё жыхароў Навагрудка. Разбураная гаспадарка і зламаныя чалавечыя лёсы з’явіліся сумным вынікам 7 гадоў ваенных падзей, якія адбываліся на Навагрудскай зямлі.

Звычайныя клопаты і мабілізацыя
Пачатак Першай сусветнай вайны паступова ўносіў карэктывы ў спакойнае жыццё жыхароў Навагрудка. Паводле даных за 1914 г., у Навагрудскім павеце пражывала 318 тысяч 200 чалавек, а плошча яго складала 4539 квадратных вёрст.

Літаральна за некалькі месяцаў да вайны праектавалася будаўніцтва новых шасейных дарог. У іх ліку прадугледжвалася пабудаваць дарогі з Навагрудка ў Слонім, з Ліды ў Навагрудак і з Навагрудка ў Замір’е (Гарадзею).

Аб’ектам клопату мясцовай улады было «старое замчышча», якое на той час знаходзілася ў даволі бядотным стане. Як адзначалася ў газете «Bielarus», «гэтую памятку старасветчыны хочуць бараніць ад захладу (разбурэння) і на гэта мясцовая рада асігнуе патрэбныя грошы». Ішло, на першы погляд, звыклае, размеранае жыццё.

Непасрэдна суровы подых вайны адчулі жыхары Навагрудка ў выніку правядзення мабілізацыі. Як яна адбывалася, можна даведацца з рапарта навагрудскага павятовага спраўніка М. Стракоўскага мінскаму губернатару. У гэтым службовым дакуменце адзначалася, што 22 верасня 1914 г. у Навагрудку ў час пасяджэння ваеннага ведамства прадвадзіцель дваранства абвясціў запасным, якія праходзілі медыцынскі агляд, што «сёння рускія войскі пад кіраўніцтвам генерала Іванова занялі Галіцыю». У адказ на гэта грымнула гучнае «ўра» запасных, якое было чуваць на плошчы праз адчыненае акно. Праз хвіліну пасля гэтага прадвадзіцель дваранства зноў паведаміў: «Аўстрыйскі імператар ФранцІосіф памёр, дзякуй Богу».

Сяляне, запасныя ніжнія чыны і іншыя асобы, якія прысутнічалі пры гэтым, пачуўшы слова «памёр», вырашылі, што вайна скончылася і заключаны мір. Яны пачалі крычаць «мір, мір!» і сталі «хто цалавацца, хто шапкі ўверх кідаць, а хто пабег да сваіх фурманак, каб ехаць дадому». У выніку ўзнік надзвычайны беспарадак. Спатрэбілася шмат намаганняў з боку паліцыі і воінскага начальніка, каб супакоіць народ і аднавіць парадак. Паводле папярэдніх звестак, у канцы ліпеня-пачатку жніўня 1914 г. у Навагрудскім павеце было мабілізавана каля 5 тысяч чалавек. Непасрэдна з Навагрудка да кастрычніка 1914 г. мабілізавалі на вайну больш за 60 чалавек.

Час выпрабаванняў
Летам 1915 г. на Навагрудчыне разгарнулася ваеннае супраціўленне расійскіх і германскіх войскаў. Тут былі сканцэнтраваны сілы 4-й расійскай арміі. Яе адступленне суправаджалася масавым, у шэрагу выпадкаў прымусовым, бежанствам многіх тысяч людзей.

Як паведамляў часопіс «Гоман», «ад той восені Навагрудскі павет, бадай, зусім апусцеў. Уцяклі ўсе, хто меў дзе-колечы іншы прыпынак. Многа тутэйшых паноў, асабліва кабеты і дзеці, пакідалі двары і выехалі найбольш у Міншчыну. Толькі некаторыя засталіся на месцы, пільнуючы дарагую іх сэрцу зямлю бацькоў». Не маючы сродкаў для набыцця харчавання для сябе і фуражу для коней, бежанцы знаходзіліся ў вельмі бядотным стане, займаючы бліжэйшы тыл 4-й расійскай арміі.

2 верасня 1915 г. у тэлеграме міністру ўнутраных спраў князь Міхаіл Святаполк-Мірскі паведамляў аб тым, што ў Навагрудскім павеце бежанцы і адстаўшыя салдаты рабуюць яго маёнткі, паліцыя не мае сіл перашкодзіць гэтаму, і ёсць пагроза таго, што рабаўнікі могуць напасці на жылыя памяшканні.

Значна пагоршылася становішча жыхароў Навагрудка і павета ў сувязі з рэквізіцыямі. Навагрудскі павятовы спраўнік у снежні 1915 г. паведамляў мінскаму губернатару, што ўсё насельніцтва ўвогуле, а сяляне асабліва, у цяперашні момант пастаўлены ў вельмі цяжкае становішча – «як прадметаў першай неабходнасці, так і фуражу на месцах зусім няма з-за адсутнасці ўсякага падвозу іх; былы ў запасе ў мясцовага насельніцтва фураж рэквізаваны вайсковымі часцямі, у выніку чаго жывёла, якую мае насельніцтва, амаль галадае, што прымушае іх збываць яе за бясцэнак».

Пад акупацыяй кайзераўскай Германіі
У выніку нямецкага наступлення 22 верасня 1915 г. Навагрудак апынуўся ў руках нямецкіх войск. А ў 1916 г. нямецкае камандаванне для ваенных патрэб распачало будаўніцтва ваенна-палявой вузкакалейнай чыгункі ад станцыі Наваельня да мястэчка Любча, за якім праходзіла лінія германа-расійскага фронту. Для правядзення будаўнічых работ зганялася літаральна ўсё працаздольнае насельніцтва, рэквізаваліся коні, высякаліся мясцовыя лясы. Чыгунка была пабудавана менш чым за год. Акрамя асноўнай лініі чыгункі, былі пабудаваны і дзве дадатковыя – у бок ракі Сэрвач. Адна з іх ішла ад раз’езда Скрыдлева праз вёскі Рутка, Ваўковічы, Паланая працягласцю 24 км, другая – ад раз’езда Зарой каля Янавіч, Катлова да в. Вольца агульнай працягласцю 22 км.
У выніку нямецкага наступлення ў 1916 г. Навагрудчына амаль цалкам апынулася ў зоне нямецкай акупацыі.

Уся акупіраваная мясцовасць была падзелена на акругі, меншыя, чым ранейшыя паветы. Мясцовым жыхарам пераязджаць з адной акругі ў другую без асобага дазволу было забаронена. Каб не дапусціць бескантрольнага перамяшчэння насельніцтва, акупацыйнымі ўладамі ўводзіліся пашпарты з фотакарткамі. З гэтай жа мэтай да сялянскіх вазоў прыбіваліся дошчачкі з пазначэннем той акругі, адкуль накіроўваўся ў дарогу селянін.

Даволі яскрава сутнасць акупацыйнага рэжыму была адлюстравана ў артыкуле «У забранай немцамі часьціні Беларусі»: «Сялянам забаронена весці харчы ў горад. З гэтага карыстаюцца самі ўлады: скупляюць па вёсках па даволі таннай цане харчы і перапрадаюць іх у горад. Парадак усюды надта строгі. Караюць за самыя маленькія і нязначныя правіннасці. Напрыклад, калі хто спозніцца на хвілін 10 дахаты (па горадзе дазвалялася хадзіць толькі да 10 гадзін вечара). Найбольш любяць немцы караць штрафам».

Акупанты рэквізавалі ў насельніцтва коней, кароў, збожжа. Па загадзе нямецкіх улад у Навагрудскім павеце ў сялян адбіраўся ўвесь ураджай, забараняўся продаж прадуктаў земляробства.

Насельніцтва Навагрудка і яго ваколіц выказвала пратэст у сувязі з такімі гвалтоўнымі мерамі. Вайна з самага пачатку не выклікала прыкметнага задавальнення з боку жыхароў Навагрудка. Яны, зведаўшы ўсе яе жахлівыя наступствы, з цягам часу сталі патрабаваць спынення ваенных дзеянняў. Так, у сакавіку 1918 г. адбыўся мітынг рабочых Навагрудка, на якім яны выказалі сваю падтрымку бастуючым рабочым Гродзенскай тытунёвай фабрыкі, якія патрабавалі заключэння справядлівага міру.

27 жніўня 1918 г. у Берліне быў падпісаны дадатковы савецка-германскі дагавор, які паклаў пачатак эвакуацыі германскіх войскаў з Беларусі.

9 лістапада 1918 г. у выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі была звергнута манархія. Германія капітулявала, а 13 лістапада ўрад РСФСР ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. На занятую германскімі войскамі тэрыторыю Беларусі накіраваліся чырвонаармейскія атрады Асобнай Заходняй арміі.

Германскае камандаванне разлічвала затрымаць свае войскі ў Навагрудку да канца студзеня 1919 г., але салдаты не выказвалі жадання змагацца з Чырвонай арміяй. У час адыходу з Навагрудка нямецкіх войскаў улада ў горадзе перайшла да мясцовай міліцыі.



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!