Пакуль мы помнім – мы жывём». Дыялог пакаленняў, прысвечаны 32-й гадавіне вываду войск з Афганістана, прайшоў у сярэдняй школе №3

Пакуль мы помнім – мы жывём». Дыялог пакаленняў, прысвечаны 32-й гадавіне вываду войск з Афганістана, прайшоў у сярэдняй школе №3

Пакуль мы помнім – мы жывём». Дыялог пакаленняў, прысвечаны 32-й гадавіне вываду войск з Афганістана, прайшоў у сярэдняй школе №3

15 февраля 2021 1048

32 гады аддзяляе нас ад таго памятнага дня, калі апошні салдат пакінуў зямлю Афганістана. Гэта вайна ў далёкай ад Беларусі  краіне закранула многіх нашых салдат,  іх сем’і, сяброў. І таму ўжо традыцыйнай у нашай школе стала сустрэча вучняў з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Гэты год – не выключэнне. На мерапрыемства ў 8 класе запрасілі ўдзельніка тых страшных баявых дзеянняў Міхаіла Сямёнавіча Барысевіча, вядучага спецыяліста групы прызы на ваенную службу Ігара Раманюка, клірыка царквы Святых Барыса і Глеба Ігара Пірага.

Міхаіл Сямёнавіч паведаміў вучням пра прычыны ўводу нашых войскаў у Афганістан, пазнаёміў з ходам вайны, якая цягнулася 9 гадоў і 51 дзень. Ён  расказаў, як цяжка было ў чужой краіне. Але абавязак кожнага салдата –  выконваць загад, аказваць інтэрнацыянальную дапамогу афганскаму народу. Затым воін афганскай вайны падарыў каштоўныя экспанаты для школьнага музея Баявой славы.




Амаль у кожным населеным пункце нашай рэспублікі ёсць вуліцы, школы, дзе жылі і вучыліся звычайныя хлопцы, якія выконвалі ўжо пазней свой воінскі абавязак у Афганістане. Іх імёны носяць піянерскія арганізацыі. У ходзе сустрэчы прысутныя ўспомнілі імёны маладых  юнакоў – уражэнцаў  Навагрудскага раёна, якія загінулі ў афганскіх гарах. Двое з іх – былыя вучні нашай школы. Гэта Алег Бабко і Віктар Пацалуёнак. Імя Віктара Пацалуёнка носіць піянерская арганізацыя нашай школы, а маладзёжная арганізацыя – імя Алега Бабко.

Вучаніца 8 класа Фурса Дар’я ўзнавіла ўспаміны сваёй бабулі Валянціны Міхайлаўны Шастак. Бабуля пражывае цяпер у г. Гродна. У час афганскай вайны працавала поварам, а затым прымала ўдзел у ваенных падзеях. Унучка ганарыцца смеласцю і трываласцю  сваёй бабулі.



Напрыканцы мерапрыемства вучні запалілі «жывы агонь» з рознакаляровых пялёсткаў. Агонь сімвалізаваў тыя пачуцці, якія суправаджалі вучняў і гасцей сустрэчы. Кожны колер азначаў рознае пачуццё: чырвоны – гонар, жоўты – смутак, аранжавы – слёзы. Так атрымаўся ў нас Вечны агонь.


Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі тых воінаў – інтэрнацыяналістаў, якія загінулі, і тых, хто вярнуўся, але не дажыў да сённяшніх дзён. Яна стала Хвілінай памяці, Хвілінай мужнасці і Хвілінай стойкасці.

Удзел у мерапрыемстве яшчэ раз даў магчымасць прысутным успомніць пра тых, хто прайшоў дарогамі афганскай вайны, хто не вярнуўся ў родны дом,  бо для іх сумленне і абавязак былі галоўнымі ў жыцці. У памяці людской гэтай вайне яшчэ жыць доўга, таму што яе гісторыя напісана крывёю салдат і мацярынскімі слязьмі, абеліскамі з зоркамі і франтавымі песнямі. Дыялог пакаленняў застанецца ў нашым сэрцы напамінам пра тое, што пакуль жыве чалавечая памяць, будзе жыць і сам Чалавек.


Зоя Белуш,

класны кіраўнік 8 класа СШ №3