400 гадоў пад крыламі Міхаіла Арханёла. У касцёле Святога Міхаіла Арханёла адбылося адкрыццё крыпты

400 гадоў пад крыламі Міхаіла Арханёла. У касцёле Святога Міхаіла Арханёла адбылося адкрыццё крыпты
Обновлено

400 гадоў пад крыламі Міхаіла Арханёла. У касцёле Святога Міхаіла Арханёла адбылося адкрыццё крыпты

27 апреля 2024 1375
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла, размешчаны ў самым сэрцы Навагрудка, – адна з галоўных славутасцей горада. Сёлета храм, які з'яўляецца цэнтрам духоўнага жыцця каталіцкіх хрысціян раёна, адзначае сваё 400-годдзе. Сімвалічна, што менавіта напярэдадні гэтай юбілейнай даты адбылося адкрыццё крыпты храма для наведванняў. Тры гады ўнутры гэтай унікальнай прасторы вяліся работы, і сёння кожны жадаючы можа наведаць крыпту, дакрануцца да гісторыі і памаліцца за тых людзей, якія спрыялі будаўніцтву храма.

У цырымоніі адкрыцця і асвячэння крыпты Святога Дамініка і біскупа Віта прынялі ўдзел біскуп намінат Уладзімір Гуляй, пробашч касцёла Святога Міхаіла Архангела ксёндз Юрый Жэгарын, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко, святары і вернікі з розных куткоў Беларусі.


Крыпта дамініканскага касцёла і кляштара ў Навагрудку датуецца першай паловай XVII стагоддзя. Яе фундатарам быў магнат Крыштаф Хадкевіч.

– Мы знаходзімся ў вельмі гістарычным месцы. Менавіта тут у далёкім 1624 годзе быў узведзены першы касцёл. Спачатку пабудова была драўлянай і зусім невялічкай. Гэта была мураваная капліца айцоў дамініканцаў. Свой цяперашні выгляд храм набыў у працэсе перабудовы, – расказаў настаяцель храма ксёндз Юрый Жэгарын. 


Крыпта складаецца з дзвюх частак: найстарэйшай, дзе стаяў першасны касцёл, і больш позняй. Не трэба быць гісторыкам або архітэктарам, каб зразумець, дзе з іх якая. Адрозненні відавочныя – колер цэглы, яе мур. Прызначэннем крыпты былі малітвы на месцы пахавання айцоў дамініканцаў і фундатараў касцёла.

– У найстарэйшай частцы знаходзяцца два саркафагі, дзе пахаваныя манахі-дамініканцы. Менавіта яны заснавалі касцёл і напрацягу многіх стагоддзяў служылі ў Навагрудку мясцовым жыхарам, прапаведавалі Божае слова. Пры храме дзейнічала дамініканская школа, у якой вучыўся Адам Міцкевіч, а таксама многія таленавітыя асобы, – працягвае экскурс па гісторыі ксёндз Юрый. – Трэцяя ніша таксама прысвечана пахаванням дамініканцаў. А чацвёртую мы пакінулі пустой, для таго, каб наведвальнікі бачылі, як яна выглядала. 


У найстарэйшай частцы таксама можна ўбачыць манекен, які апрануты ў вопратку манаха-дамініканца. Асаблівую зацікаўленасць выклікае ніша з пахаваннем сям'і галоўнага фундатара касцёла Крыштафа Хадкевіча. Як расказаў настаяцель храма, рэшткі Хадкевіча былі ідэнтыфіканаваны па фрагментах шляхецкага жупана. Менавіта ў ім магнат быў намаляваны на партрэце, які хутчэй за ўсё быў пасмяротным. Таксама ў нішах крыпты можна ўбачыць палімерную копію Кубка Святой Ядвігі і некаторыя гістарычныя рэчы з фондаў парафіі святога Арханёла Міхаіла ў Навагрудку.


Акуратныя цагляныя скляпенні, брукаваныя падлога, акуратныя нішы і карціны... Складана паверыць, што яшчэ зусім нядаўна памяшканне крыпты выглядала не так прывабна. Як расказаў ксёндз Юрый, калі ён упершыню ўбачыў гэтае месца, быў вельмі засмучаны праз тое, у якім стане ўсё было. У той момант у пробашча з'явілася мара не толькі прывесці гэтую ўнікальную прастору ў належны выгляд, але і зрабіць крыпту здабыткам усіх людзей. Каб кожны жадаючы мог наведаць гэтае ўнікальнае месца.

– Пад многімі касцёламі ёсць падобныя крыпты, але на сённяшні дзень толькі дзве з іх адкрыты для наведвання людзей: пахавальня Радзівілаў у Нясвіжы і крыпта нашага касцёла, – падкрэсліў Юрый Жэгарын. – Крыпта святога Дамініка і біскупа Віта – гэта не толькі старажытны некропаль, але і ў пэўным сэнсе культурна-гістарычная прастора, дзякуючы якой мы можам адкрыць духоўныя і культурныя вытокі нашага старажытнага горада. Спадзяюся, што гэта крыпта стане новай кропкай на турыстычнай карце Навагрудчыны.

Ёсць такі выраз: «лепш адзін раз убачыць, чым 100 разоў пачуць». І ў дадзеным выпадку я раю да яго прыслухацца. Гэта дзіўнае месца пакідае неверагоднае ўражанне, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. І як жа выдатна, што дзякуючы настаяцелю храма ксяндзу Юрыю Жэгарыну і ўсім неабыякавым, захопленым людзям, у кожнага з нас зараз ёсць такая магчымасць!



«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |

Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»