Давайце разбірацца, як абараніць дзяцей ад таксічных мультфільмаў

Давайце разбірацца, як абараніць дзяцей ад таксічных мультфільмаў

Давайце разбірацца, як абараніць дзяцей ад таксічных мультфільмаў

16 июня 2021 968
10 чэрвеня кінастудыя «Саюзмультфільм» адзначае свой дзень нараджэння. Вельмі люблю мультфільмы, якія з любоўю намалявалі таленавітыя мастакі-мультыплікатары «Саюзмультфільма» ў канцы 1960-1980-х гг. Яны вучаць людзей быць добрымі, сумленнымі, справядлівымі. Шкада толькі, што сучасныя дзеці не так часта аддаюць перавагу прагляду гісторый пра кракадзіла Гену з Чабурашкай, Шапакляк і брэменскіх музыкантаў. На змену ім прыйшлі Шрэк, Вінкс, зомбі і монстры… І быццам бы нічога дрэннага. Героі змагаюцца са злом, дапамагаюць людзям і спрабуюць захаваць мір. Але калі больш уважліва паглядзець, становіцца зразумела, што амаль усе яны прасякнуты агрэсіяй: героі забіваюць, страляюць і жорстка распраўляюцца са злом. Не сакрэт, што дзеці пераймаюць паводзіны сваіх куміраў. Як думаеце, што будзе рабіць дзіця пасля прагляду такіх «добрых» мультфільмаў?

– Шкодныя для дзяцей мульцікі ці не – пытанне дыскусійнае. З аднаго боку, прагляд мультфільмаў можа стаць добрым памочнікам у выхаванні дзяцей, развіцці іх кругагляду, уяўлення, памяці і мыслення. З другога боку, бескантрольны прагляд анімацыйных серыялаў можа негатыўна паўплываць на псіхіку дзіцяці. Далёка не заўсёды іх якасць і сэнсавае ўтрыманне адпавядае магчымасцям разумення і задачам развіцця дзіцяці, – расказвае псіхолаг Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы Раман Хацян. – Пераважная большасць сучаснай кінапрадукцыі для дзяцей не толькі не адпавядае самым простым патрабаванням маралі, але і прама нацэлена на выхаванне ў дзяцей эгаізму, жорсткасці, агрэсіі.

Пастка віртуальнай рэальнасці

– У апошнія гады ўсё часцей назіраю рознага роду неўратычныя праяўленні (надакучлівыя рухі, дрэнны сон, страхі, трывожнасць), павышаную агрэсіўнасць не толькі ў падлеткаў, але і ў дашкольнікаў. Дзеці не збіраюцца мірыцца з нязручнымі для іх сітуацыямі, не спрабуюць дамаўляцца, а адразу рыхтуюць кулакі або сварацца, зацыкліваюцца на крыўдзе... Гэта «нармальныя» паводзіны для дзіцяці 2-3 гадоў, калі ў яго асаблівы перыяд агрэсіўнасці, але мы бачым захаванне гэтых мадэляў паводзін на працягу ўсяго дашкольнага, школьнага і падлеткавага ўзросту, – падкрэслівае Раман Паўлавіч.

«У мультфільмах дзіця бачыць мадэлі паводзін. Ён ідэнтыфіцыруе сябе з галоўнымі персанажамі і вучыцца таму, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі ў рэальным жыцці».

– Яшчэ ў 1970-я гады псіхолагі ўстанавілі, што мадэлі паводзін, якія дэманструюць героі з экрана, маюць велізарную прывабнасць. Асабліва для малых гледачоў з няўстойлівай псіхікай і яшчэ несфарміраванай сістэмай каштоўнасцей. Калі хуліганскія або ненармальныя паводзіны на экране ніяк не караюцца і не асу­джаюцца, вельмі высокая верагоднасць таго, што дзеці будуць іх пераймаць, – адзначае псіхолаг.

Вінаватыя мультфільмы?

– Безумоўна, нельга ўсё зводзіць толькі да мультфільмаў, але сёння яны адыгрываюць значную ролю ў выхаванні дзяцей. Сучасныя бацькі дазваляюць дзецям глядзець мульт­фільмы і камп’ютарныя гульні ва ўзросце да года. Напрыклад, уключаюць мультфільм, каб малыш спакойна паеў, спакойна пасядзеў на гаршку ці проста спакойна пася­дзеў, пакуль мама і тата заняты сваімі справамі, – гаворыць Раман Хацян. – Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, любы лічбавы кантэнт катэгарычна проціпаказаны дзецям да 2,5 гадоў. А некаторыя спецыялісты павялічваюць парог да 3 гадоў. Гэта прынцыпова важна з пункту гледжання развіцця мозгу.

Па даных ЮНЕСКА, дзеці 3-6 гадоў глядзяць тэлевізар, у прыватнасці мультфільмы, у сярэднім 3-4 гадзіны ў дзень, што складае каля 25 гадзін у тыдзень.

Рэкамендацыі ад Рамана Хацяна

Проста забараніць глядзець тэлевізар і не гуляць у камп’ютарныя гульні не лепшы спосаб барацьбы за здароўе свайго дзіцяці. А як тады засцерагчы яго ад шкоднага ўплыву віртуальнай рэальнасці? Вось некалькі парад ад псіхолага:

1. Падбірайце мультфільм у адпаведнасці з узростам дзіцяці і індывідуальнымі здольнасцямі да яго асэнсавання. Дазваляйце дзіцяці глядзець толькі мультфільмы, якія не паказваюць і не заахвочваюць негатыўныя паводзіны.

2. Асцярожна стаўцеся да выбару мультфільмаў з фантастычнымі істотамі (яны могуць стаць крыніцай страхаў у дзяцей), а таксама істотамі са звышздольнасцямі (мутанты, людзі-павукі, супергероі і іншыя). Дзіця можа захацець паўтарыць «подзвігі» любімых герояў. Перш чым глядзець мультфільмы такога плана, важна навучыць дзіця адрозніваць свет фантазій ад рэальнасці. Растлумачце свайму дзіцяці, што у рэальным жыцці чалавек не можа застацца цэлым у выніку насілля.

3. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць мультфільмам, дзе галоўныя героі жаночага полу. Залішняя агрэсіўнасць або сексуальнасць гераінь многіх сучасных мульцікаў фарміруе ў дзіцяці няправільны стэрэатып узаема­адносін паміж мужчынай і жанчынай.

4. Немалаважнае значэнне маюць якасць і дэталёвасць прамалёўкі мультфільма. Для самых маленькіх лепш выбіраць мультфільмы з выразнымі, умерана яркімі малюнкамі і персанажамі, без лішніх дэталяў. Добра, калі ў мульціку ўсе прадметы прапарцыянальныя.

6. Абмяркоўвайце з дзіцём убачанае на экране, каменціруйце маральны бок учынкаў герояў мультфільма. Тлумачце ў даступнай для дзіцяці форме, што добра, а што дрэнна, і чаму. Давайце тлумачэнне асноўнай маралі мультыплікацыйнага твора.

6. Абмяжоўвайце час прагляду. Дзецям ва ўзросце 3-7 гадоў можна глядзець мультфільмы да 30 хвілін у суткі, сямі-дзесяцігадовым дзецям – да 30-50 хвілін, а дзецям ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў – ад адной да трох гадзін у дзень. Важна, каб прагляд мультфільмаў адбываўся не пазней, чым за дзве гадзіны да сну.

7. Не пакідайце дзіця адно перад тэлевізарам або планшэтам на некалькі гадзін – назірайце за тым, што яно глядзіць.

8. Выкарыстоўвайце праграмы бацькоўскага кантролю, у якіх ёсць праграмнае забеспячэнне для маніторынгу і фільтрацыі. Так вы зможаце адфільтраваць непрымальны кантэнт і заблакіраваць той, да якога вы не хочаце, каб ваша дзіця мела доступ.

Лепшая анімацыя для дашкольніка

Спытала у Рамана Паўлавіча, якія мультфільмы ён дазваляе глядзець свайму сыну.

1. «Малышарыкі». Гэта развіваючы мульцік для самых маленькіх дзяцей. У ім расказваецца аб тым, як адрозніваць колер, фігуры і шмат іншага. Мультфільм дапамагае вывучаць навакольны свет і вучыць сябраваць.

2. «Фіксікі». Гэты расійскі мульт­серыял бацькі часта глядзяць ра­зам са сваімі дзецьмі. На аснове мультфільма нават з'явіўся жарт: «Навошта мне фізіка і хімія, калі я гляджу Фіксікаў?». І ў гэтым ёсць частка праўды – мультсерыял расказвае пра маленькіх чалавечкаў-­механікаў, якія чыняць бытавыя прадметы і падрабязна тлумачаць, як яны ўладкаваны. Мульцік падыходзіць для дзяцей ад 3 гадоў.

3. «Тры каты». Мультсерыял расказвае пра жыццё і прыгоды трох кацянят. Кожны дзень яны вывучаюць нешта новае і спрабуюць праверыць атрыманую інфармацыю на справе. У іх вялікая сям'я – мама, тата, дзядуля, бабуля і сваякі. Мульт­фільм вучыць выходзіць дастойна з розных сітуацый і дапамагае вывучаць навакольны свет. Падыходзіць для дзяцей 2-7 гадоў.

Паважаныя бацькі, мультфільмы могуць стаць добрай дапамогай у навучанні і выхаванні дзяцей. Выкарыстоўвайце іх правільна!

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Т. Сазановіч, «НЖ»