Дакрануцца да гісторыі. Вучні Валеўскай школы любяць падарожнічаць па родным краі

Дакрануцца да гісторыі. Вучні Валеўскай школы любяць падарожнічаць па родным краі

Дакрануцца да гісторыі. Вучні Валеўскай школы любяць падарожнічаць па родным краі

07 декабря 2021 927

У лістападзе гэтага года газета «Новае жыццё» друкавала артыкул «У госці да суседзяў» аб экскурсійных маршрутах для школьнікаў, якія праклалі вучні Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы па Баранавіцкім раёне. Вялікай нечаканасцю для мене было атрымаць некалькі званкоў ад жыхароў Навагрудка , якія хацелі ўдакладніць інфармацыю для таго, каб адправіцца сям’ёй на выхадныя на экскурсію і папоўніць веды сваіх дзяцей.

У гэтым артыкуле хацелася б прэзентаваць адукацыйную экскурсію па Карэліцкім раёне, якая была арганізавана для нашых вучняў 24 лістапада. Сучасны адукацыйны працэс патрабуе ад настаўніка актыўна выкарыстоўваць у працы сродкі візуалізацыі. Як для настаўніка гісторыі, для мяне важна стварыць умовы, каб дзеці мелі магчымасць «пагрузіцца» ў пэўную гістарычную эпоху і ад назіральнікаў, па магчымасці, сталі сведкамі ці нават удзельнікамі гістарычных падзей. Як гаворыць народная мудрасць: «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць».

Дакрануцца да гісторыі дапамагагаюць музейныя ўрокі. На ўрок па тэме «Прадметы сялянскага ўжытку» нас запрасіў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей. Дырэктар музея вітаў нас у вобразе гаспадара беларускай хаткі. Утульна размясціўшыся ў яе інтэр’еры, дзеці з задавальненнем разгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі, прымаўкі, а потым пачалося самае цікавае… Мы перанесліся ў далёкае сярэднявечча і вучыліся карыстацца лучынай, прасаваць бялізну рублём (драўляная прылада), прасці воўну…. Але ж самае складанае было малоць збожжа жарнавамі. «Колькі ж тады каштаваў хлеб, які так цяжка даставаўся?» – гэта было першае пытанне , якое задалі дарослым дзеці.Толькі ў аднаго хлопчыка хапіла сіл, каб змалоць муку. А колькі радасці было, калі ў маленькімі рукамі ён перасыпаў белую, як снег, муку, якую змалоў сам. Пакуль дзяўчынкі прасейвалі яе, хлопчыкі спрабавалі завіхацца каля печы з ухватам, прайсціся па гаспадарцы з керасінавай лямпай, размеркаваць гліняныя збаны па паліцах… Ох, які ж цяжкі быў сялянскі дзень, але ранней умелі не толькі працаваць, але і святкаваць. Урок працягнуўся у экспазіцыі «Ад Калядаў да Пакроваў», які пазнаёміў нас са святочным календаром беларусаў.

Падзякаваўшы гасціннаму гаспадару , мы працягнулі шлях да сцен Мірскага замка. Нас цікавіла: а як жа праходзіла жыццё багатых людзей у тыя часы. Наступны ўрок у нашым раскладзе «У абарону сваёй Айчыны» праходзіў у гістарычным комплексе «Мірскі замак».

У прыгожай зале стаяла старажытная мэбля, якая была падрыхтавана для нас. Супрацоўніца музея прапанавала нам папрацаваць з гістарычнымі паняццямі з дапамогай магнітнай дошкі, а потым раздала кожнаму магніты з выявамі ваяроў ВКЛ. Дзеці з задавальненнем фарміравалі войска ВКЛ, распрацоўвалі баявыя аперацыі, а потым вывучалі, з чаго складаюцца рыцырскія даспехі. Яны збіралі пазлы, падпісвалі назвы, а потым адправіліся ў залы музея, каб праверыць свае веды. Калі ж мы вярнуліся ў свой імправізаваны клас – дзіцячай радасці не было канца. Там нас чакалі даспехі, і кожны вучань мог іх апрануць і з муляжом мяча прайсціся па зале. Безумоўна, гэта атрымалася толькі ў найбольш фізічна падрыхтаваных. Як жа цяжка было ім ваяваць! – такое меркаванне ў «маленькіх рыцараў ХХІ стагоддзя». Як і на ўроку, у школе ўсе атрымалі дамашнія заданні – гістарычныя крыжаванкі, а для замацавання тэмы – цікавая экскурсія па замку.

Вярталіся мы дадому з незвычайных урокаў не толькі з новымі ўражаннямі, але і папоўніўшы веды аб мінулым роднай Беларусі, пабываўшы ў цікавым гістарычным перыядзе – сярэднія вякі.

Калі гэты адукацыйны маршрут зацікавіў вас і вашых дзетак, раю звярнуцца на сайт музейнага комплексу «Мірскі замак». Ёсць дні, калі ўваход ільготны, а ўрок магчыма падабраць па сваім гусце. Можна і кафлю вырабіць сваімі рукамі і размаляваць, а можна адчуць сябе модніцай эпохі Ракако і дэфіліраваць у шыкоўнай сукенцы ў зале для баляў.

Часцей падарожнічайце са сваімі вучнямі, са сваімі дзеткамі, дакранайцеся да гісторыі, бо толькі тады, калі ёсць мінулае, ёсць будучыня.

Тамара Сурага,
настаўніца гісторыі
Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.