Общество

Іна Петушкова: “Педагогіка – гэта мастацтва”

Іна Петушкова: “Педагогіка – гэта мастацтва”

09 ноября 2020 2659

Люблю разглядаць свой сямейны фотаальбом. Без лішніх слоў ён пра многае гаворыць… Трымаю ў руках фотаздымак майго дзядулі, ветэрана і інваліда Вялікай Айчыннай вайны Казіміра Купрыянавіча Кокала. Менавіта ён заклаў аснову нашай сямейнай педагагічнай дынастыі. Вучыць дзяцей, укласці ў іх самае каштоўнае і дарагое – гэтае імкненне звязала ў ланцужок некалькі пакаленняў, аб’яднала агульнай справай, агульнымі праблемамі майго дзядулю, бабулю, маму і мяне.

Казімір Купрыянавіч нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў 1924 годзе. Калі пачалася вайна, хлопцу было 17 гадоў. У іх доме знаходзіўся штаб атрада імя Дзяржынскага, а на тэрыторыі Зенявіцкага сельскага савета базіравалася паўтаратысячная партызанская брыгада імя Дзяржынскага. Казімір Купрыянавіч прыглядаў за коньмі, працаваў з дарослымі ў полі.

У чэрвені 1944 года дзядуля быў прызваны на фронт, служыў у 9-ай асобнай штурмавой брыгадзе сапёраў 1-га Прыбалтыйскага фронту. У красавіку 1945 года падчас штурму нямецкага горада Кёнігсберга Казімір Купрыянавіч быў цяжка паранены варожым снайперам у левую руку. Руку хацелі ампутаваць, але вялікая вытрымка, сіла волі, лячэнне ваенных дактароў дапамаглі салдату яе выратаваць.

Тысяча чатырыста васямнаццаць дзён і начэй жорсткай вайны… І вось яна – Перамога. Перамога была і застаецца вялікай радасцю са слязамі на вачах для нашай сям’і. Гэты дзень быў самым светлым успамінам у жыцці майго дзядулі, а свята 9 Мая – самым значным у календары.

Пасля вайны Казімір Купрыянавіч працаваў бухгалтарам на цагляным заводзе ў вёсцы Марцулі Навагрудскага раёна. Сваё прызванне ён знайшоў пазней. Дзядулю было амаль 40 гадоў, калі ён прыйшоў працаваць у Зенявіцкую васьмігадовую школу настаўнікам працоўнага навучання. А яшчэ праз 10 гадоў, скончыўшы завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскга педагагічнага інстытута, стаў выкладаць у школе рускую мову і літаратуру.

Дзядуля 24 гады працаваў настаўнікам. Вучні любілі яго за дабрыню, маральныя і душэўныя якасці, калегі паважалі за прафесіяналізм. За шматгадовую і добрасумленную працу Казімір Купрыянавіч узнагароджаны медалём «Ветэран працы», шматлікімі граматамі.

Шмат цікавага пра прафесію педагога я даведалася ад сваёй бабулі Марыі
Андрэеўны Кокала. Яна скончыла Навагрудскае педагагічнае вучылішча. На працягу 46 гадоў працавала настаўнікам пачатковых класаў у Зенявіцкай пачатковай школе Любчанскага раёна Баранавіцкай вобласці (пазней у Зенявіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці).


І цяпер памятаю, якое моц­нае ўражанне ў мяне выклікалі гісторыі бабулі. Яна расказвала, як цяжка было вучыць маленькіх дзяцей у пасляваенны час: займацца прыходзілася ў паўразбуранай школе без ацяплення. Дзеці сядзелі за сталамі на лаўках па 6 чалавек. У класе яны не здымалі верхнюю вопратку, бо было вельмі холадна. Дадавала складанасцей тое, што бабуля працавала ў малакамплектнай пачатковай школе. Яна адначасова вучыла больш чым тры дзясяткі дзяцей з розных класаў.

Напэўна, кожны педагог можа ўявіць сабе, наколькі складана было бабулі скласці такі план-канспект урока, каб кожны вучань быў заняты справай.

«Дзе добры настаўнік, там і добра выхаваныя вучні ...» Словы вядомага філолага, культуролага, мастацтвазнаўцы Дзмітрыя Ліхачова сталі дэвізам, з якім мая мама Ала Міхайлаўна Кокала прыйшла працаваць у школу.

У 1976 годзе, скончыўшы завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна, мама была прынята на работу ў Зенявіцкую сярэднюю школу піянерважатай, пазней выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1985 го­дзе Ала Міхайлаўна ўзначаліла калектыў гэтай жа школы, а ў 1993 годзе – калектыў Бенінскай сярэдняй школы. На жаль, мама захварэла, яе жыццё абарвалася пяць гадоў таму...


І сёння не перастаю здзіўляцца, колькі душэўнага цяпла за 24 гады працы ў школе Ала Міхайлаўна паспела аддаць людзям, як любіла яна сваю прафесію… Мама заўсёды была для мяне прыкладам для пераймання.

Памятаю, як матуля ўпершыню прывяла мяне ў школу. Мне тады было ўсяго тры гады. Пакуль Ала Міхайлаўна праводзіла ўрокі, я ціхенька сядзела за апошняй партай. Бабуля таксама запрашала мяне ў свой клас. Я вельмі хацела быць падобнай да іх. Калі мы вярталіся дадому, я садзіла лялек за стол і вучыла іх, заводзіла журнал і ставіла адзнакі. Ужо тады я цвёрда вырашыла стаць настаўніцай. Дзіцячая мара збылася.

У 1997 годзе я скончыла факультэт біялогіі і псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І вось ужо 23 гады працую у Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні. Мне вельмі пашанцавала, таму што мая прафесія робіць мяне шчаслівай. Кожны мой дзень напоўнены ўсмешкамі дзяцей, іх звонкім смехам, поспехамі, а дзесьці – і няўдачамі.

Мне заўсёды падабалася выказванне «Дзеці – кветкі жыцця». Сапраўды, дзеці ўносяць часцінку свята ў нашы будні, напаўняюць іх фарбамі. Мне не падабаецца называць сваю прафесію працай, гэта хутчэй стан душы. Немагчыма апісаць словамі тую радасць, калі бачыш яскравыя вочы дзяцей, іх імкненне да ведаў.

Зносіны з дзецьмі дазваляюць настаўнікам быць актыўнымі і сучаснымі. Вучні бачаць у выхавальніку не толькі педагога, але і старэйшага таварыша, лідара, які ўмее натхніць на добрыя справы, павесці за сабой. А для гэтага неабходна шырокая эрудыцыя, веданне педагагічных методык, высокія маральныя якасці, добрасумленныя адносіны да справы і крэатыўны падыход ва ўсім.

Берагу фотаздымкі сваіх родных, шматлікія ўзнагароды, якія сведчаць аб прызнанні іх педагагічнага майстэрства і высокім прафесіяналізме. Ганаруся тым, што з’яўляюся часткай дынастыі Кокала, агульны педагагічны стаж якой складае 115 гадоў. Упэўнена: педагогіка – гэта мастацтва, работа не менш творчая, чым работа пісьменніка або кампазітара, але больш цяжкая і адказная.

Іна Петушкова,

выхавальнік Навагрудскай спецшколы-інтэрната