Каб мова беларуская гучала... У дзіцячых садах Навагрудчыны святкуюць дзень роднай мовы

Каб мова беларуская гучала... У дзіцячых садах Навагрудчыны святкуюць дзень роднай мовы

Каб мова беларуская гучала... У дзіцячых садах Навагрудчыны святкуюць дзень роднай мовы

19 Февраля 2021 484

21 лютага ў розных краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было абвешчана Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года і адзначаецца з 2000 года. Яго мэта – захаваць моўную і культурную разнастайнасць. Праблема не страчвае актуальнасці на працягу ўжо больш двух дзясяткаў гадоў. Паводле ацэнак спецыялістаў арганізацыі, палова з прыкладна 7 тысяч моў свету можа ў хуткім часе страціць сваіх апошніх носьбітаў.

Беларуская мова не адносіцца да ліку знікаючых. Па класіфікацыі ЮНЕСКА нашай мове прысвоены статус «уразлівая». У краіне право­дзяцца актыўныя меры па папулярызацыі і распаўсюджванні беларускай мовы, і гэта, відавочна, прыносіць свае плады – родная мова жыве.

Па выніках перапісу насельніцтва ў 2019 годзе сярод пражываючых ў краіне 7 990 719 беларусаў у якасці роднай мовы беларускую назвалі 4 893 139 чалавек, рускую – 3 044 850, украінскую – 7 835, польскую – 1 383.

У 1999 годзе 85,6 % беларусаў па нацыянальнасці назвалі сваёй роднай мовай беларускую, праз дзесяць гадоў – толькі 60,8 % (37 % выбралі рускую). У 2019 годзе суадносіны былі ўжо такімі: 61,2 % абралі беларускую мову, а 38,1 % – рускую.

Разам з тым, 5 670 330 беларусаў прызналіся падчас перапісу, што дома размаўляюць у асноўным на рускай мове, на беларускай – 2 275 243 чалавекі. Прычым у працэнтных адносінах беларуская мова ў дамах сельскіх жыхароў у параўнанні з гарадскімі гучыць часцей.

Я правяла сваё апытанне і пацікавілася ў навагрудчан, як часта яны размаўляюць на беларускай мове і што можна зрабіць для таго, каб яе захаваць. На апошняе пытанне гараджане адказалі адназначна – трэба больш размаўляць на роднай мове, асабліва з дзецьмі.

Стала цікава, якія мерапрыемствы праходзяць ва ўстановах адукацыі раёна для таго, каб юныя навагрудчане ведалі і любілі беларускую мову? Адказ знайшла ў яслях-садзе № 6, куды зазірнула напярэдадні Дня роднай мовы.



У тым, што з ранняга дзяцінства неабходна прывіваць любоў, беражлівыя, свядомыя адносіны да роднай мовы ўпэўнены і прафесіяналы. Педагогі дакладна ведаюць, якую важную ролю адыгрывае вывучэнне беларускай мовы ў далучэнні дзіцяці да культурнай спадчыны і духоўных каштоўнасцей
свайго народа. Веданне роднай мовы дапамагае дзіцяці ўсвядоміць свае карані, паважаць і памяркоўна адносіцца да іншых моў і культур.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі Навагрудчыны функцыянуюць 34 беларускамоўныя групы, іх наведвае больш за 520 выхаванцаў.

– Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці выхаванцаў – адна з найважнейшых мэт, якая стаіць перад педагагічным каллектывам нашай установы адукацыі. Практыка паказвае, што яе дасягненне магчыма толькі дзякуючы пераемнасці ў рабоце спецыялістаў установы і цесным узаемадзеянні педагогаў з бацькамі выхаванцаў, – расказвае загадчык ясляў-сада № 6 Алена Сапега. – Справа ў тым, што засваенне дзецьмі беларускай мовы на сённяшні дзень ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці выхаванцаў першай мовай, на якой яны вучацца гава­рыць і думаць, з'яўляецца руская. Каб далучыць дзіця да роднай мовы, патрэбна, каб яно часцей на ёй размаўляла, чула па радыё, тэлебачанні, у сям’і і, вядома, ва ўстанове адукацыі.

Як адзначыла Алена Уладзіміраўна, у яслях-садзе № 6 функцыя­нуюць чатыры беларускамоўныя групы, іх наведваюць 84 выхаванцы. У гэтых групах і рэгламентаваныя заняткі, і гульні, і забаўляльныя мерапрыемствы праходзяць на роднай мове. Акрамя таго, па рашэнні педагагічнага савета кожная пятніца з’яўляецца беларускамоўным днём. Менавіта ў пятніцу ва ўстанове ва ўсіх узроставых групах гучыць выключна роднае слова. Выхавальнікі становяцца не проста носьбітамі беларускай мовы, яны правільна вызначаюць змест мовы, ведаюць і разумеюць інтарэсы і ўяўленні дашкольнікаў і, безумоўна, у сваёй працы абапіраюцца на тое, што дзецям цікава, што з'яўляецца для іх значным.


– Мае выхаванцы ўжо другі год з задавальненнем вучацца размаў­ляць на роднай мове, – гаворыць выхавацель сярэдняй группы Таццяна Старук. – Навучанне ажыццяўляецца на працягу дня ў працэсе розных відаў дзейнасці. Асноўнымі формамі работы па папулярызацыі беларускай мовы з да­школьнікамі з'яўляюцца заняткі, гульні-заняткі, мастацка-эстэтычная, фізкультурна-­аздараўленчая работа, каляндарныя народныя святы і забавы, выстаўкі дзіцячага малюнка і вырабаў з прыроднага матэрыялу. Развіццё маўлення дзяцей спачатку ажыццяўляецца на малых формах беларускага фальклору (калыханках, загадках, лічылках, прыказках, прымаўках, пацешках). У працэсе азнаямлення з беларускай мовай працуем над вымаўленнем спецыфічных цяжкіх гукаў беларускай мовы. Заўважылі, што менавіта гульні выклікаюць найбольшую моўную актыўнасць дзяцей, таму ў сваёй практыцы часта выкарыстоўваем моўныя, дыдактычныя, народныя гульні, гульні-карагоды.

Таццяна Уладзіміраўна таксама адзначыла, што ў працэсе развіцця маўлення вялікую ролю адыгрывае мастацкая літаратура.


– Кожны дзень мы з дзецьмі чытаем беларускія творы: забаўлянкі, пацешкі, вершы, казкі, расказы, прыказкі, загадкі. Гэта дапамагае дашкольнікам не толькі далучацца да беларускага фальклору, паэзіі і прозы, але і засвойваць фанетыку роднай мовы, вучыцца разумець яе. Сёння мае выхаванцы ўжо ўмеюць самастойна апісваць прадмет, пераказваць кароткія літаратурныя творы, выразна перадаваць дыялог дзеючых асоб, складаць невялікія апавяданні па малюнку, – тлума­чыць выхавацель. – Але гэта было б немагчыма без сумеснай работы дзяцей з іх бацькамі. Мы стараемся заахвочваць іх размаўляць на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці.

З задавальненнем дзеці навед­ваюць музычныя заняткі, дзе яны вучацца спяваць беларускія народныя песні, танцаваць народныя танцы, іграць на нацыянальных інструментах.

– У адпаведнасці з календаром народных свят і абрадаў беларусаў праводзім разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку музычныя і спартыўныя. Традыцыйна адзначаем такія абрадавыя святы, як Калядкі, Масленіца... – расказвае музычны кіраўнік ясляў-сада № 6 Юлія Слабодчыкава. – Дзецям вельмі падабаецца пераапранацца ў нацыянальныя касцюмы. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікаюць беларускія песні, танцы, гульні, карагоды – «Го-го-го, каза! », «Мы вясну чакаем», «Ладачкі-ладкі», «Вясна, ты адкуль прыйшла?», «Лапці», «На Калядкі блін гарыць»…


– Мая родная мова прыгожая і мілагучная – мне падабаецца размаўляць па-беларуску, – адзначае выхаванец сярэдняй групы Аляксандр Бахарэвіч.

– Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей – адказная і складаная задача, вырашэнне якой у дашкольным узросце толькі пачынаецца. З упэўненасцю магу сказаць, што планамерная сістэматычная работа, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і, адказнасць дарослых да­дуць станоўчыя вынікі і стануць грунтоўным падмуркам для далейшага фарміравання нацыянальнай самасвядомасці маленькіх беларусаў, – запэўніла Алена Сапега.

Слова бацькам

Дар’я Даўлюд:


– Мова, на якой дзіця будзе навучацца ў яслях-садзе, кожны з бацькоў выбірае сам. Вельмі рада, што зрабіла правільны выбар – мой сын з задавальненнем наведвае беларускамоўную групу. Для нашай сям'і важна, каб Арцём ведаў і разумеў родную мову, каб не баяўся на ёй размаўляць. Беларускаму народу ад продкаў дасталася багатая спадчына – адна з самых прыгожых моў у свеце, самабытная гісторыя і культура. Вельмі важна захоўваць і прымнажаць тое, што мы маем.

Наталля АЛФЁРАВА:


– Моўныя хвілінкі сталі ужо традыцыйнымі ў нашай сям’і. Кожны дзень мая дачка Маша расказвае дома, якія новыя беларускія словы вывучыла ў яслях-садзе. Дзіця праяўляе цікавасць да роднай мовы – просіць растлумачыць ёй незразумелыя словы. Адводзім час і на чытанне беларускіх казак. Займаемся мэтанакіравана, таму што ўсведамляем неабходнасць і значнасць такіх заняткаў. Калі чэсна: большасць з нас, беларусаў, думае і размаўляе на рускай мове. Мы рызыкуем забыць родную мову. Мне здаецца, выхад адзін – прывучаць дзяцей з маленства любіць і паважаць беларускую мову, гісторыю свайго народа, культуру і традыцыі.

Таццяна Сазановіч, «НЖ»