Праект «Маршрутамі мінулага і сучаснасці». #2 Падарожнічаем па Шчорсах

Праект «Маршрутамі мінулага і сучаснасці». #2 Падарожнічаем па Шчорсах

Праект «Маршрутамі мінулага і сучаснасці». #2 Падарожнічаем па Шчорсах

09 Ноября 2020 545

Адным з самых цікавых месц не толькі Навагрудчыны, але і ўсёй Беларусі па праву можна назваць аграгарадок Шчорсы. Ён толькі на першы погляд з’яўляецца звычайным сельскім населеным пунктам. Але калі прагуляцца па ціхіх Шчорсах, можна пераканацца, што аграгарадок захоўвае шмат таямніц і славутасцей. Аб тым, што робіць яго асаблівым, расказваем у чарговым матэрыяле праекта «Маршрутамі мінулага і сучаснасці», які мы рэалізуем сумесна з аддзелам турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама.


Дваццаць пяць хвілін на машыне і паўтары гадзіны на веласіпедзе – за гэты час можна пераадолець 26 км. Менавіта на такой адлегласці ад Навагрудка і знаходзіцца аграгарадок Шчорсы. Магчыма, хтосьці захапляецца пешым турызмам, тады на дарогу спатрэбіцца каля шасці гадзін з улікам прыпынкаў на адпачынак.

– Зарыентавацца па шляху дапамогуць указальнікі і інфармацыйныя шыльды. Дадзены накірунак уключаны ў міжнародны веламаршрут EuroVelo-2 і мясцовы веламаршрут «Летапісная Літва», – паведаміла начальнік аддзела турызму Кацярына Ківач. – Пабываць у Шчорсах можна таксама, калі рухацца па турыстычных маршрутах «Шляхецкія сядзібы», «Сцежкамі Адама Міцкевіча», «Валаам на Навагрудчыне». Уся інфармацыя аб маршрутах размешчана на сайце «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне».


Дык чым жа славяцца Шчорсы і чаму аграгарадок выклікае цікавасць у турыстаў?

– Са старажытных часоў мястэчка было радавым маёнткам магнацкага роду Храптовічаў, але асабліва праславіў рэзідэнцыю Іахім Літавор Храптовіч, апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага, – расказвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага музея Шчорсаўскага д/с-СШ Мікалай Антончык. – У Літоўскай метрыцы Шчорсы згадваюцца ў 1471 г. як паселішча, якое ўжо належала Храптовічам. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай сярэдзіны XVI ст. Шчорсы ўвайшлі ў склад Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1770-х гадах Іахім Храптовіч пабудаваў у сваім маёнтку велічны і неверагодна прыгожы палацавы комплекс з вялікім паркам і сажалкамі. У палацы ўладальнік маёнтка сабраў вялікую калекцыю старажытных рукапісаў, геаграфічных карт і бібліятэку з рэдкім зборам кніг. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Шчорсы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. сядзіба Храптовічаў была важным культурным цэнтрам. Тут бывалі Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот і іншыя вядомыя людзі.

Фрагменты палацава-паркавага ансамбля Храптовічаў

Каардынаты: 53°39'14.9"N 26°10'14.3"E

У 1770-я гады над стварэннем ансамбля працавалі лепшыя архітэктары з Італіі і Францыі. У склад комплексу ўваходзілі цэнтральны палац, карпусы, у якіх размяшчаліся кухня, майстэрні, карэтная, стайня, вяндлярня, службовыя памяшканні, бібліятэка. Ансамбль завяршаў парк плошчай 40 га з каскадамі штучных вадаёмаў з плацінамі.


Сёння ад былой велічы магнацкай рэзідэнцыі Храптовічаў мала што засталося. У гады Першай сусветнай вайны палац згарэў і не быў адноўлены. Маёнтак разам з паркам паступова прыйшоў у заняпад. У Шчорсах захаваліся толькі фрагменты сядзібы: двухпавярховы дом упраўляючага, будынак, дзе жыла прыслуга, вяндлярня, напаўразваленыя падвалы на месцы палаца. Ёсць і парк, але за мінулыя гады ён значна зарос. А сажалкі і цяпер карыстаюцца папулярнасцю ў аматараў рыбнай лоўлі.




Рэстаўрацыя комплексу не праводзілася, але пэўныя меры па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны раённымі і мясцовымі ўладамі прымаюцца. Акрамя таго, у 2017 г. адкрыты дабрачынны фонд «Шчорсы і Храптовічы». Убачыць, як выглядаў галоўны палац, можна на розных Інтэрнэт-рэсурсах, а таксама ў музеі пад адкрытым небам «Страчаная спадчына» (г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, непадалёку ад Дома быту).

«Мураванка»

Каардынаты: 53°39’33.1’’N 26°09’19.4’’E

Знаходзіцца на акраіне Шчорсаў, з левага боку пры ўездзе ў аграгарадок, калі ехаць з боку Навагрудка.


Маёнтак Храптовічаў вылучаўся на фоне традыцыйных памешчыцкіх гаспадарак развітой сельскагаспадарчай вытворчасцю і дабрабытам сялян. Ён славіўся сваімі сырамі, хлебам, півам. Тут упершыню быў уведзены севазварот і ўжыта замкнёнае кола па перапрацоўцы сыравіны. У маёнтку рабілі фурманкі, колы, займаліся жывёлагадоўляй, разводзілі жарабцоў. На мясцовых сажалках было добра наладжана рыбаводства. Таксама працавалі броварны завод, алейня. Былі ў Шчорсах і вадзяная лесапільня, і тры млыны, адкуль гандляры-аптавікі адпраўлялі муку ў розныя гарады Расіі. А пазней на рацэ Нёман пабудавалі верф, на якой выраблялі маленькія судны. Пачынаючы з другой паловы XIX ст. тут сталі выкарыстоўвацца машыны (жняяркі, звычайныя і паравыя малатарні, тэхніка для ўборкі бульбы). На палях вяліся меліярацыйныя работы. Такім чынам гаспадарчы двор ся­дзібы Храптовічаў, які называюць «Мураванкай», у XIX ст., можна сказаць, быў шматгаліновым агракамбінатам.


Заказнік «Графская пушча»

Створаны ў снежні 2007 г. рашэннем Навагрудскага і Карэ­ліцкага раённых выканаўчых камітэтаў для захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Яго плошча – 9465 га. На поўдні прымыкае да Налібацкіх лясоў і гідралагічнага заказніка «Міранка», паўднёва-заходняя частка акрэслена ракой Нёман, паўночная прымыкае да ракі Чорная. На тэрыторыі заказніка развіта сетка лесагаспадарчых і грунтавых дарог. У мінулым Графская пушча была ўласнасцю Радзівілаў, месцам графскага палявання – адсюль і назва. Доўгі час угоддзямі валодаў род Храптовічаў.

Храм Святога Дзімітрыя Салунскага

Каардынаты: 53°39'01.3"N 26°10'27.9"E


З 1386 г. у Шчорсах існавала драўляная праваслаўная царква Святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, у якой знаходзіўся цудатворны абраз святога. У 1758 г. яна згарэла. У 1770-1776 гг. на сродкі графа Іахіма Храптовіча на месцы старой царквы быў пабудаваны новы цагляны храм па праекце італьянскіх архітэктараў. У 1930-я гады царква моцна пацярпела ад пажару, але была адноўлена. У канцы 1950-х гадоў храм быў зачынены, а вернуты Праваслаўнай Царкве ў 1988 г. На сённяшні дзень храм з’яўляецца дзеючым. Яго аблічча характэрна для пераходнага перыяду ад барока да класіцызму.

Шчорсаўская крыніца



Знаходзіцца непадалёку ад храма і ўсяго за некалькі дзясяткаў метраў ад дарогі. Да крыніцы вядзе дарожка з бетонных пліт, а сама крыніца добраўпарадкавана. Вада з крыніцы цячэ ў бок парка і там злучаецца з каналамі, якія былі зроблены графам Храптовічам. На старонках газеты ў рамках праекта «Жыццё крынічнай чысціні» не так даўно мы ўжо расказвалі пра крыніцу ў Шчорсах. Пачытаць матэрыял можна ў раздзеле «Нашы праекты».

Музей-аграсядзіба «Шчорсы»

Каардынаты: 53°39’16.9’’N 26°10’03.4’’E

Знаходзіцца: аг.  Шчорсы, вул. Паркавая, 17.


Сядзіба размешчана на тэрыторыі паркавага ансамбля Храптовічаў. Дзякуючы ўнікальнаму інтэр’еру чатырох пакояў, сваім наведвальнікам яна гатова «расказаць» аб гісторыі Шчорсаўскіх мясцін і захапленнях беларускай шляхты. У непаўторную атмасферу аграсядзібы могуць акунуцца да 12 гасцей. Тут маюцца ўсе неабходныя камунікацыі, тэлевізар, бясплатны Wi-Fi. Прылеглая тэрыторыя добраўпарадкаваная і прыгожая, ёсць альтанка і лазня. Гэта выдатнае месца для адпачынку, якое можна лічыць асобным турыстычным аб’ектам.

Абавязкова наведайце Шчорсы – не пашкадуеце!

За кансультацыяй па пытаннях арганізацыі падарожжаў па Навагрудчыне можна звяртацца ў турысцка-інфармацыйны цэнтр па адрасе: г. Навагрудак, пл. Леніна, 7. Час працы: з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00 (штодзённа, акрамя дзяржаўных свят). Тэл. 6-07-47. Сайт novtour.by.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»