Вяртанне праз стагоддзі. Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у Шчорсах

Вяртанне праз стагоддзі. Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у Шчорсах

Вяртанне праз стагоддзі. Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у Шчорсах

13 Ноября 2019 375

Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у Шчорсах – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII – пачатку XIX ст. У 1770-1776 гг. у Шчорсах на месцы старой драўлянай сядзібы Іяхім Літавор Храптовіч пабудаваў мураваны палац. Праект быў заказаны італьянскаму архітэктару Джузэпэ Саку, інтэр’еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў француз Якуб Габрыэль. Палац стаў цэнтрам выдатнага па мастацкіх якасцях сядзібна-паркавага ансамбля. Пабудаваны ў стылі позняга барока.



Галоўны корпус палаца ўяўляў сабою аднапавярховую, узнятую на невысокі падмурак прамавугольную ў плане пабудову, пакрытую вальмавым дахам. У цэнтры стаяў двухпавярховы папярочны корпус, з авальным, усечаным зверху купалам. Галоўны фасад раздзелены пілястрамі і завершаны трохвугольным франтонам. З боку парка аб’ём выступаў паўкруглым рызалітам, а з боку ўезду гэтая ж частка была выканана ў выгля­дзе несапраўднага рызаліта. З галоўнага ўваходу былі дзверы, на першым паверсе высокія арачныя вокны, на другім – прамавугольныя. У другой палове ХІХ ст. да дома быў далучаны ганак-тэраса, а на франтоне з’явіўся надпіс на латыні: PACI ET LIBERTATI (Мір і свабода).



Планіроўка палаца была анфіладнай з квадратным вестыбюлем і круглай залай у цэнтры. З галоўным корпусам былі звязаны два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярховыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі, пакрытымі чарапіцай і барочнымі мансарднымі вокнамі. Ва ўсходнім флігелі знаходзілася стайня, дзверы стойлаў для коней былі аформленыя як нішы, з боку палаца размяшчаўся дом конюха. У заходнім флігелі размяшчаліся службовыя памяшканні, дзе таксама жылі войт, фурманы, прыслуга, майстры і інш.

З боку парку меліся дзве залы-ратонды, раздзеленыя парамі пілястраў. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса займала карцінная галерэя, у якой было каля 100 палоцен і знакамітая бібліятэка, у якой налічвалася да 8000 тамоў. У пачатку ХІХ ст. бібліятэка была павялічана да 15 000 тамоў. Пазней для бібліятэкі спецыяльна быў узведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. Над уваходам у бібліятэку – шырокая тэраса на чатырох калонах.

Ансамбль палаца ўключаў фантан. Уязная алея, абсаджаная ліпамі, падводзіла да брамы, аформленай у стылі барока. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных паміж сабой фігурным гербавым шчытом. Шырокія прамавугольныя слупы ў верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый са сцягоў і ваенных атрыбутаў.

На поўнач і захад ад палацавага комплексу знаходзіўся пейзажны парк плошчай каля 40 га з сістэмай штучных сажалак. Некалі ў парку раслі каля 200 дрэў розных парод асобнымі экзэмплярамі, дэкаратыўнымі групамі альбо суцэльнымі масівамі.

Палац на працягу гісторыі свайго існавання з’яўляўся адным з нямногіх месц, якія наведвалі вядомыя асобы. Тут бывалі кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, астраном Марцін Пачобут. Тут збіраліся перадавыя вучоныя, выкладчыкі і студэнты Віленскага ўніверсітэта. Сярод іх Яўхім Лялевель, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля і многія іншыя. Адам Міцкевіч пісаў тут паэму Гражына, а Ян Чачот некаторы час працаваў бібліятэкарам. Шчорсы і бібліятэка былі важным культурным цэнтрам, які садзейнічаў развіццю культуры, адукацыі на нашых землях.

ХХ ст. прынесла палацава-паркаваму ансамблю вялікія страты. Перад Першай сусветнай вайной большая частка знакамітай бібліятэкі Храптовічаў была вывезена ў Кіеў. У гады Першай сусветнай вайны праз Шчорсы праходзіла лінія фронту. Палац быў пашкоджаны. Пацярпелі пабудовы Храптовічаў і ў час грамадзянскай вайны. Пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, архіў – у Пецярбург. У перыяд з 1920 па 1939 гг., апошні ўладальнік Шчорсаў Апалінарый Храптовіч-Буцянёў упарадкаваў гаспадарку маёнтка, адрамантаваў для пражывання сям’і флігель эканома. У 1939 г., з прыходам Чырвонай арміі, маёмасць Храптовічаў была разрабавана, а сам уладальнік маёнтка быў арыштаваны. Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак паступова прыходзіў у заняпад. У 1950-я гг. палац быў разбураны да падмуркаў, асноўныя пабудовы комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад, а парк запушчаны і забалочаны. У адносна добрым стане захаваліся будынкі левага флігеля і бібліятэкі (дома ўпраўляючага), а таксама службовых памяшканняў (карэ), руіны стайняў.



Захаваліся паштоўкі, малюнкі і фотаздымкі з выявамі палаца Храптовічаў, зробленыя ў розныя часы. Малюнак палаца можна ўбачыць на сцяне жылога дома па вуліцы Савецкай. Макеты палаца знаходзяцца ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі і музеі пад адкрытым небам «Страчаная спадчына» па вуліцы Міцкевіча.

 

Галіна Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея