Асаблівы клопат – дабрабыт людзей. Аб выніках 2020 года і планах на новы год у інтэрв’ю расказаў Сяргей Федчанка

Асаблівы клопат – дабрабыт людзей. Аб выніках 2020 года і планах на новы год у інтэрв’ю расказаў Сяргей Федчанка

Асаблівы клопат – дабрабыт людзей. Аб выніках 2020 года і планах на новы год у інтэрв’ю расказаў Сяргей Федчанка

31 декабря 2020 2908

Да новага года застаюцца лічаныя гадзіны. Самы час прааналізаваць зробленае, успомніць найбольш яркія падзеі і акрэсліць планы на будучыню. Якім быў для нас гэты год і чаго чакаць ад новага 2021 года? Пра гэта наша інтэрв’ю са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Федчанкам.


– Сяргей Аляксандравіч, па добрай традыцыі напярэдадні Новага года мы падводзім вынікі развіцця раёна. 2020 год для ўсяго свету быў няпростым: нам давялося жыць і працаваць ва ўмовах пандэміі. Чым гэты год запомніцца Вам як кіраўніку раённай улады?

– Для мяне гэты год адзначаны двума момантамі. Па-першае, ён, сапраўды, выдаўся складаным. Нашу Навагрудчыну, як і краіну ў цэлым, не абышла гэта бяда – каронавірусная інфекцыя, якая закранула ўсе сферы жыцця­дзейнасці раёна. І другі момант – нягледзячы на ўсе цяжкасці, раён заканчвае гэты год з дастойнымі вынікамі.


– Якіх поспехаў дасягнулі прамысловыя прадпрыемствы Навагрудчыны і на што будзе накіравана іх дзейнасць у будучым годзе?

– Нашы прадпрыемствы ў гэтым годзе парадавалі сваімі паказчыкамі, асабліва фінансавымі. Вынікі года яшчэ не падведзены, але за 10 месяцаў чысты прыбытак у галіне прамысловасці вырас больш чым на 6 млн рублёў або 38% да аналагічнага перыяду 2019 года. Усе прамысловыя прадпрыемствы раёна плануюць закон­чыць 2020 год з прыбыткам, а гэта добры падмурак для далейшага развіцця вытворчасці і росту аплаты працы работнікаў.

У цэлым прамысловасцю раёна з пачатку 2020 года выпушчана прадукцыі на суму 388 млн рублёў, пры гэтым амаль 70% – адгружана на экспарт. Актыўна развіваліся гандлёвыя адносіны прадпрыемстваў раёна больш чым з 20-ю замежнымі краінамі. У бягучым годзе адкрыты новыя рынкі ў Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Латвіі, Нідэрландах, а таксама Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, куды рэалізоўваліся лесаматэрыялы, рыбная і агароднінная прадукцыя.


Асаблівая ўвага ў раёне надаецца якасці вырабленай прадукцыі, што пацвярджаецца шматлікімі перамогамі ў конкурсах як міжнароднага, так і рэспубліканскага ўзроўню, высокай ацэнкай спажыўцоў. Так, Навагрудскі завод газавай апаратуры стаў дыпламантам конкурсу на суісканне прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг. На міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы-кірмашы «ПРАДЭКСПА» прадукцыя філіяла «Навагрудскія Дары» атрымала Гран-пры, залаты і сярэбраны медалі. А філіял «Навагрудскі хлебазавод» – сярэбраны медаль. На рэспубліканскім конкурсе «Смаката-2020» прадукцыя прадпрыемства адзначана Гран-пры 2-й ступені і залатымі медалямі. Мэтанакіравана прадпрыемствы раёна працуюць над выпускам інавацыйнай прадукцыі. Лідарам у інавацыях, як і раней, застаецца Навагрудскі завод газавай апаратуры, каля 30% прадукцыі якога з’яўляецца інавацыйнай.  У цэлым жа па раёне такой прадукцыі адгружана на 19 млн рублёў або 5% ад сукупнага аб’ёму.


Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці нашых прадпрыемстваў па-ранейшаму з’яўляюцца тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя вытворчасці. Сукупны аб'ём інвестыцый па раёне за 2020 год складзе 73 млн рублёў.  Так у маі 2020 года ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці драўнянага паліва (пелет), кошт якога склаў 11 млн рублёў. Вытворчая магутнасць устаноўленага абсталявання складае 30 тыс. тон пелет у год ці 4 тоны ў гадзіну, рэнтабельнасць вытворчасці – больш за 15%. Каля 90% прадукцыі адгружаецца на экспарт. Прадпрыемствам «Навагрудскія Дары» праведзена мадэрнізацыя сушыльных комплексаў, што дазваляе ўжо зараз вырабляць прадукцыю больш высокай якасці, істотна знізіць выдаткі на энерганосьбіты. У стадыі рэалізацыі знаходзіцца праект па мадэрнізацыі цэха вытворчасці сыроў, сутачная прадукцыйнасць якога ўзрасце з 10 да 15 тон.


– Якія вынікі паказалі ў гэтым годзе нашы аграрыі?

– Сельскагаспадарчымі арганізацыямі Навагрудскага раёна ў 2020 годзе атрымана 79,4 тыс. тон збожжавых і зернебабовых культур з улікам збожжа кукурузы ў вазе пасля дапрацоўкі пры сярэдняй ураджайнасці 41 ц/га. Гэта самы высокі ўраджай за апошнія пяць гадоў. Масланасення рапсу ў вазе пасля дапрацоўкі намалочана 7,3 тыс. тон, ураджайнасць склала 30,5 ц/га. Гэта найлепшы паказчык з 2016 года. Таксама атрыманы рэкордны для нашага раёна ўраджай ільну-даўгунцу. З улікам арандаваных зямель ААТ «Дварэцкі льнозавод» убрана амаль 1,5 тыс. тон ільновалакна, ураджайнасць у разліку на 1 гектар – 12,1 цэнтнера.

Для забеспячэння галіны жывёлагадоўлі нарыхтавана 7,6 тыс. тон сена, 193 тыс. тон сенажу і 165,3 тыс. тон сіласу. Нягледзячы на памяншэнне ўраджайнасці зялёнай масы кукурузы, усяго кармоў з травы нарыхтавана на 8% больш за ўзровень мінулага года ў пераліку на кармавыя адзінкі. І гэта таксама найбольшы паказчык з 2016 года як у цэлым, так і ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы.

За студзень-лістапад атрымана 78,3 тыс. тон малака, тэмп росту да аналагічнага перыяду 2019 года – 107,9%. Рэалізацыя малака павялічылася на 8,4%, пры гэтым 93,2% малака рэалізавана сортам «экстра» і вышэйшым.


– Завяршылася трыяда Года малой радзімы, накіраваная на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Што са зробленага ў раёне Вы лічыце асабліва важным?

– За мінулыя гады ў г. Навагрудку выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні і рамонце аб'ектаў.  Праведзены капітальны рамонт дваровых тэрыторый дамоў №38 па вул. Міцкевіча, №18 і 30 па вул. Чэхава. Выкананы бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця асобных участкаў вуліц Фрунзе, Свярдлова, Гродзенская, Мінская, Скарыны, 3-і зав. Валчэцкага, Я. Купалы, 1 Мая, Спартавая, вул. і зав. Інтэрнацыянальны, Гогаля, Індустрыяльная і іншых. Праведзены рамонт пешаходных дарожак па вуліцах Фрунзе, Міцкевіча, Свярдлова, Драздовіча, Малы замак, Чырвонаармейская, добраўпарадкавана тэрыторыя каля помніка Адаму Міцкевічу, абуладкаваны скверы і алеі па вул. Чапаева, Валчэцкага, Міцкевіча, скрыжаванні Спартовой і Мінскай. Праведзена азеляненне тэрыторыі возера Маладзёжнае і каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Лідар». Усяго высаджана 2 тыс. саджанцаў дрэў і кустоў.


– Якія меры прымаліся для павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва?

– Асаблівы наш клопат – гэта жыллёвае будаўніцтва, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, мадэрнізацыя аб’ектаў сацыяльнай сферы. Па выніках работы за студзень-лістапад 2020 года ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 4489 кв. м жылля. На сённяшні дзень Навагрудскім БМУ і Лідскай ПМК-169 вядзецца будаўніцтва двух 40-кватэрных жылых дамоў у мікрараёне «Мітраполь-1».  Працягваецца комплекснае добраўпарадкаванне г.п. Любча: адрамантаваны адміністрацыйны будынак ААТ «Прынёманскі», Дом культуры, сярэдняя школа, да­школьны цэнтр развіцця дзіцяці, магазін «Родны кут», праве­дзены рамонт асфальтабетоннага пакрыцця вуліц Савецкая, 8 Сакавіка і іншыя работы. Да Дня вызвалення Навагрудчыны ад нямецка-­фашысцкіх захопнікаў 8 ліпеня гэтага года ў новым мікрараёне горада быў адкрыты фізкультурна­аздараўленчы комплекс «Лідар».


Дынамічна развіваюцца галіны, якія забяспечваюць насельніцтва таварамі і паслугамі. На працягу года адкрыты 43 аб’екты гандлю агульнай пло­шчай каля 9 тыс. кв. м. і 6 аб’ектаў грамадскага харчавання на 70 пасадачных месц. Актыўна адбываецца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, форм і метадаў продажу тавараў і абслугоўвання спажыўцоў, аказваюцца новыя віды паслуг. Так, пасля маштабнай рэканструкцыі і будаўніцтва адчынілі свае дзверы два магазіны «Поні» па вул. Скарыны, па вул. Садовай адкрыўся магазін «Белая хатка», а па вул. Савецкай і Мінскай – магазіны «Святлафор» і «Маяк».

На асаблівым кантролі знахо­дзіцца занятасць насельніцтва. Па выніках года створана 185 новых працоўных месц, што разам з іншымі мерамі дазволіла рэгуляваць рынак працы і не дапускаць працяглага беспрацоўя. У 2021 годзе дадзеная работа будзе працягнута.

У раёне рэалізуюцца мерапрыемствы па энергазберажэнні і паляпшэнні экалагічнай сітуацыі. «Зялёныя гарады», «Зялёная эканоміка» – стратэгічна важныя паняцці для Навагрудка. Пры рэалізацыі дадзеных планаў выкарыстоўваюцца не толькі бюджэтныя рэсурсы, але і прыцягваюцца інвестыцыі, розныя віды міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Сёлета ў рамках праекта «Зялёныя гарады Беларусі: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» рэалізаваны пілотны праект па ўкараненні сістэмы інтэлектуальнага ўліку энергарэсурсаў у двух шматкватэрных дамах горада. Сукупны аб’ём прыцягнутых грантавых сродкаў склаў каля 200 тыс. долараў ЗША.


– Сёлета вялікая нагрузка легла на медыцынскіх работнікаў. Як, на Ваш погляд, яны спраўляюцца з цяжкасцямі? І якія перспектывы ў нашай раённай бальніцы ў плане ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы?

– Гэты год выдаўся няпростым для ўсёй сістэмы аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй каронавіруснай інфекцыі. Не стаў выключэннем і наш раён. Нізка кланяюся ўсім медыцынскім работнікам Навагрудчыны, якія з гонарам спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, для гэтага ў раёне маюцца ўсе неабходныя сілы і сродкі. Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы Навагрудскай ЦРБ у студзені-лютым новага года будзе ўстаноўлены камп’ютарны тамограф вытворчасці Siemens, плануецца мадэрнізацыя сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ў тэрапеўтычным корпусе, замена двух ліфтаў, абнаўленне транспарту хуткай медыцынскай дапамогі.

– Якія падзеі ў сацыяльнай сферы Вас асабліва парадавалі?

– Самай значнай падзеяй у сацыяльнай сферы, на мой погляд, стала адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Лідар», які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў раёна. Акрамя таго, у студзені Навагрудскі раён адзначыў сваё 80-годдзе – урачыстае мерапрыемства адбылося ў раённым Доме культуры. Шэраг мерапрыемстваў быў прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. На жаль, 2020 год унёс свае карэктывы ў наша паўсядзённае жыццё, і сферы культуры і турызму аказаліся самымі ўразлівымі ў гэтай сітуацыі. Аднак яны здолелі захаваць свой патэнцыял: многія мерапрыемствы праводзіліся з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. У гэтым годзе ўпраўленне спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама стала лаўрэатам XVIII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Блог аб турызме». 25 навучэнцаў Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў атрымалі матэрыяльную дапамогу спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Навагрудская раённая бібліятэка атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для праекта «Рэтра-фота-атэлье». Першых наведвальнікаў бібліятэка чакае ўжо 30 снежня.


– Новы год заўсёды звязаны з надзеямі на нешта новае, лепшае і добрае. А чаго Вы чакаеце ад 2021 года? Што пажадаеце жыхарам Навагрудскага раёна напярэдадні Новага года?

– Час паказаў, што мы можам вырашаць пастаўленыя перад намі задачы і здольны паспяхова працаваць. Усё, што дасягнута за гэты год, мы зрабілі разам. Упэўнены, што і надалей мы будзем працягваць будаваць і добраўпарадкоўваць наш горад, займацца вытворча-эканамічным і сацыяльна-культурным развіццём раёна. Толькі разам мы зможам усё гэта зрабіць.

Шчыра жадаю Навагрудчыне стабільнасці і росквіту, а ўсім жыхарам –  моцнага здароўя, поспехаў, шчасця, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні! Беражыце сябе і сваіх блізкіх. З Новым годам!

Алена Ганцэвіч, «НЖ»