20 августа 2020
2685
Кажуць, што без дарог няма жыцця. Напэўна, таму іх называюць «артэрыямі». І сапраўды, дзякуючы магістралям і трасам мы не проста маем магчымасць пераехаць з пункта А ў пункт Б. Эканоміка ні адной краіны ў свеце не можа развівацца гарманічна, калі ў ёй адсутнічаюць добрыя дарогі. Пабудаваць дарогу і забыць пра яе немагчыма. Любая аўтамабільная «артэрыя» – рэспубліканскага або мясцовага значэння – патрабуе ўтрымання. Дарожная гаспадарка – сфера вельмі капіталаёмістая. Будаўніцтва дарог і падтрыманне іх у нармальным стане – дарагое задавальненне ва ўсім свеце. На ўладкаванне ўсяго пары кіламетраў дарогі выдаткі патрабуюцца вельмі салідныя. Адсюль – абмежаваныя аб’ёмы і пэўная чарговасць. Аднак, нягледзячы на дастатковую долю крытыкі ў адрас дарожнікаў, ім усё ж ёсць чым ганарыцца. У Навагрудскім раёне пастаянна павялічваецца працягласць участкаў дарог з удасканаленым пакрыццём, выконваецца шэраг работ па бягучым рамонце, добраўпарадкаванні.